Першым пра гэта паведаміў канал «Николаевский Ванёк» у 4:10. Згодна са зьвесткамі, якія мае «Беларускі Гаюн», бесьпілётнік зайшоў у паветраную прастору Беларусі ў раёне вёскі Белая Сарока на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалягічнага запаведніку і рухаўся на поўнач, у кірунку Хойнікаў. Далей БПЛА зрабіў паварот на паўднёвы ўсход і, абыходзячы Брагін, накіраваўся ў бок гарадзкога пасёлку Камарын. Ужо, а 5-й раніцы «Шагед» пакінуў Беларусь і вярнуўся на тэрыторыю Ўкраіны.
Сумарна дрон-камікадзэ правёў на тэрыторыі Беларусі каля 50 хвілін і праляцеў ня менш за 60 км. Палёты авіяцыі ВПС Беларусі ў тым раёне ў гэты час не фіксаваліся.
Вайскова-паветраныя сілы Ўкраіны 16 ліпеня паведамілі адразу пра два бесьпілётнікі, якія заляцелі ва Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі. Агулам на паўднёвым і ўсходнім напрамках украінцы зьбілі 8 выведчых БПЛА, заявілі ў Паветраных сілах.
Паводле «Беларускага Гаюна», другі дрон «Шагед» заляцеў у Беларусь у раёне 8:40 раніцы з боку Жытомірскай вобласьці Ўкраіны. Паводле зьвестак маніторынгавай групы, ён заляцеў у раёне трасы Р37 (в. Аляксандраўка) і далей рухаўся ў бок Нароўлі, а потым на Бабруйск, Быхаў, Беразіно і далей на Магілёў. Яму на перахоп у 09:15 з аэрадрома «Баранавічы» ўзьнялі зьнішчальнік Су-30 ВПС РБ, а з аэрадрома «Мачулішчы» ў 09:10 — верталёт Мі-24 ВПС Беларусі, сьцьвярджае «Гаюн».
Паводле інфармацыі «Беларускага Гаюна», дрон-камікадзэ, які заляцеў у Беларусь у раёне 8:40-ай раніцы, разьбіўся ў Кастрычніцкім раёне Гомельскай вобласьці — паміж Парычамі і Любаньню (Гомельская вобласьць), за 55 км ад горада Бабруйск і за 120 км ад мяжы з Украінай. Падчас падзеньня адбыўся выбух робата-камікадзэ, сьцьвярджае «Гаюн».
Свабода пакуль ня можа пацьвердзіць зь іншых крыніц інфармацыю пра падзеньне аднаго зь бесьпілётнікаў на тэрыторыі Беларусі.
Форум