У чым вінавацяць магілёўскіх журналістаў
Магілёўскага блогера Алеся Сабалеўскага і журналіста Яўгена Глушкова абвінавачваюць паводле трох крымінальных артыкулаў, сярод якіх «удзел грамадзяніна Рэспублікі Беларусь у баявых дзеяньнях на тэрыторыі замежнай дзяржавы без упаўнаважаньня дзяржавай» (частка 1 артыкулу 361-3 КК), піша праваабарончы рэсурс Mayday Team.
Акрамя ўдзелу ва ўзброеным канфлікце, блогера і журналіста абвінавачваюць у «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (ч. 1 арт. 361-1 КК) і «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні» (ч. 3 арт. 361-1 КК).
Разгляд справы магілёўцаў пачынаецца 12 ліпеня ў Магілёўскім абласным судзе.
Алеся Сабалеўскага затрымалі ў сьнежні 2023 году. Першапачаткова ён адбыў два адміністрацыйныя арышты, пасьля чаго ў студзені 2024 году на яго завялі крымінальную справу. Апэратар Яўген Глушкоў быў затрыманы ў пачатку студзеня 2024 году.
У Магілёве Сабалеўскі вядомы як адзін з журналістаў, якія супрацоўнічалі да 2020 году з гарадзкімі онлайн-выданьнямі.
Яўген Глушкоў — былы магілёўскі журналіст, у 90-я і 2000-я працаваў на гарадзкой тэлевізіі, пасьля гэтага супрацоўнічаў зь некалькімі гарадзкімі парталамі.
Апошнім часам абодва адышлі ад журналісцкай дзейнасьці, але ўсё адно трапілі пад перасьлед.
Што вядома пра падсудных
Магілёўскі журналіст Сяргей (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі) назваў перасьлед ягоных калегаў Глушкова і Сабалеўскага «сьпісачным затрыманьнем», а выстаўленыя ім абвінавачаньні ва «ўдзеле ў баявых дзеяньнях за мяжой» — абсурдам.
«Сабалеўскі пазыцыянаваў сябе блогерам і журналістам. Рабіў стрымы, хадзіў на палітычныя суды. Таксама здымаў на відэа і фота розныя гарадзкія імпрэзы, як афіцыйныя, так і арганізаваныя незалежніцкім грамадзтвам. Мяркую, яму падабалася быць у гушчы падзеяў», — сказаў Сяргей пра свайго калегу Аляксандра Сабалеўскага.
Па зьвестках калег, Аляксандар Сабалеўскі пасьля 2020 году адышоў ад блогерства і журналістыкі.
«У яго двое дарослых дзяцей. Мае праблемы са здароўем, яму на „суткі“ перадавалі лекі».
Другога магілёўскага журналіста, якога судзяць, Яўгена Глушкова, ягоны калега Сяргей назваў «хранолягам магілёўскага жыцьця», бо той ня толькі шмат здымаў падзеі, важныя для гораду, але і гарадзкія пэйзажы, вуліцы.
«У журналістыцы Яўген з пачатку 1990-х. Калісьці працаваў на незалежным тэлеканале „Магілёў-2“. Ён добры відэапэратар. Час ад часу выкладаў у сеткі свае рэпартажы трыццацігадовай даўнасьці. Такая факталягічная гісторыя магілёўскага жыцьця. Супрацоўнічаў зь незалежнымі мэдыя, да самага арышту здымаў Магілёў».
Журналістаў абвінавачваюць паводле двух артыкулаў — 361-1 і 361-3, зьвязаных з экстрэмізмам. Але Сяргей ня верыць, што яны сапраўды займаліся дзейнасьцю, зьвязанай з гвалтам і зброяй.
«Пэўна, нагодай для затрыманьня стала іх супраца з выданьнем 6 TV, якое было прызнана экстрэмісцкім. Але выдаўцы яго за мяжой, таму забралі Сабалеўскага і Глушкова. Такое сьпісачнае затрыманьне», — мяркуе крыніца з Магілёва.