Суразмоўцы Ганны Соўсь у праекце «ПіК Свабоды» — адзін з кіраўнікоў фонду BySol, праваабаронца Андрэй Стрыжак і сястра палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай, сузаснавальніца Асацыяцыі родных і колішніх палітвязьняў Тацяна Хоміч.
Глядзіце размову на відэа цалкам.
Тут фрагмэнты гутаркі.
«Нягледзячы на катаваньні і нечалавечыя ўмовы, людзі прымаюць рашэньне застацца ў гэтых умовах»
Андрэй Стрыжак: Лічба, якая была нам вядомая на мінулым тыдні, не зьмянілася. Гэта 18 асобаў, якія былі вызваленыя падчас гэтага «акту вызваленьня», які адбыўся пасьля 3 ліпеня і быў прымеркаваны да амністыі, якую праводзілі лукашэнкаўскія ўлады. З вызваленых палова — гэта людзі, якім трэба было выходзіць на волю цягам году, пяцёра зь іх — людзі, у якіх тэрміны завяршаліся цягам месяца. З больш-менш публічных пэрсонаў, пра якіх можна гаварыць, гэта па-ранейшаму толькі Рыгор Кастусёў, кіраўнік ліквідаванай Партыі БНФ. Прозьвішчы астатніх па-ранейшаму не называюцца ў мэтах бясьпекі і з пункту гледжаньня забесьпячэньня прыватнасьці гэтых пэрсонаў. Дзіўная сытуацыя. Раней такога не было. Спадзяёмся, што ў хуткім часе можна будзе назваць прозьвішчы тых, хто выйшаў. Падкрэсьлю, сярод тых, пра каго нам вядома, няма людзей, якія былі б агульнавядомыя.
Тое, што частка палітвязьняў адмовілася, паводле праваабаронцаў, сьведчыць пра тое, што, як мінімум, недастаткова слушнай была адна з пазыцый, якая агучвалася часткай грамадзкіх актывістаў у публічнай прасторы, — што людзі, якія сядзяць у турмах, хочуць выйсьці любым коштам, і іх адзіная думка — пра тое, каб выйсьці з турмаў. Мы бачым, што, нягледзячы на катаваньні і нечалавечыя ўмовы ўтрыманьня, людзі ўсё роўна прымаюць рашэньне застацца ў гэтых умовах, а не ісьці на нейкія ўмовы і прымусы з боку адміністрацыі калёніі ці лукашэнкаўскай улады. Як мінімум ёсьць іншая думка наконт таго, ці любым коштам гэтыя людзі гатовыя выходзіць на волю. Гэта факт неаспрэчны. Што тычыцца Пачобута, пакуль няма інфармацыі пра яго вызваленьне.
«Гэта своеасаблівы сыгнал, што вызваляюць людзей ня толькі з гуманітарных прычын»
Тацяна Хоміч: Я лічу пазытыўным крокам тое, што адбываецца. Мы доўгі час чулі і спрачаліся, у тым ліку паміж сабой, ці магчымае вызваленьне бліжэйшым часам, колькі чалавек можа выйсьці на волю і на якіх умовах. Пытаньне вызваленьня палітвязьняў выглядала ў поўным тупіку. Публічна не было вядома пра вызваленьні апошнія два гады. Цяпер гэта адбылося. Безумоўна, гэта пазытыўны крок. Цяпер не ідзе гутарка пра масавае вызваленьне, вядома пра 18 чалавек. Гэта ўжо добры крок. Акрамя вызваленьня людзей зь цяжкімі хваробамі, ёсьць вызваленьне па памілаваньні людзей, пра нейкія захворваньні якіх не вядома. Гэта своеасаблівы сыгнал, што вызваляюць людзей ня толькі з гуманітарных прычын.
Зразумела, што за кратамі працягвае знаходзіцца як мінімум 1400 чалавек, іх можа быць болей насамрэч. Цяпер рана рабіць высновы пра наступныя вызваленьні, бо мы дакладна ня ведаем, колькі людзей выйшлі на волю па гэтай акцыі. Мы ня ведаем, зь якой прычыны гэта адбылося, ці стала гэта вынікам нейкіх дамоўленасьцей, зь якіх бакоў былі такія дамоўленасьці. Але, пэўна, сытуацыя зрушваецца зь мёртвага пункту. І гэта важна.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум