Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каардынацыйная рада заявіла, што рэальная лічба палітвязьняў у Беларусі перавышае 5000


Дзень салідарнасьці з палітзьняволенымі ў Вільні, ЛІтва, 21 траўня 2024 году.
Дзень салідарнасьці з палітзьняволенымі ў Вільні, ЛІтва, 21 траўня 2024 году.

З заклікам да «аб’яднаньня і ўзгадненьня намаганьняў усёй грамадзянскай супольнасьці Беларусі, палітыкаў і міжнародных партнэраў для пашырэньня гуманітарнага кірунку вызваленьня палітвязьняў» выступіла Каардынацыйная рада (КР).

Рада прыняла заяву з нагоды вызваленьня ў Беларусі пяці ўкраінскіх грамадзян, а таксама датэрміновага выхада на волю шэрагу беларускіх палітвязьняў.

У дакумэнце адзначаецца, што КР прытрымліваецца «прынцыпаў абароны правоў чалавека» і лічыць жыцьцё і свабоду грамадзян «галоўнымі каштоўнасьцямі дэмакратычнага грамадзтва».

Згодна з заявай, Каардынацыйная рада «вітае і падтрымлівае намаганьні міжнародных партнэраў, праваабарончых арганізацый, усіх дэмакратычных сіл Беларусі, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, скіраваныя на пошук і выкарыстаньне ўсяго спэктру эфэктыўных мэханізмаў для вызваленьня беларускіх палітвязьняў».

«Зьвяртаем увагу, што ў турмах Беларусі працягвае заставацца больш за 1.400 прызнаных праваабарончымі арганізацыямі палітычных зьняволеных. А рэальная колькасьць нявінна асуджаных з палітычных матываў да адбыцьця пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня волі перавышае 5.000 чалавек», — гаворыцца ў заяве.

Рада заявіла, што ўсе палітвязьні павінны быць вызваленыя і рэабілітаваныя.

  • Увечары 28 чэрвеня Уладзімір Зяленскі і кіраўнік яго офісу Андрэй Ярмак паведамілі, што Ўкраіне ўдалося сярод іншых вызваліць пяць суайчыньнікаў, «якія былі захопленыя ў Беларусі і пазбаўленыя волі». Гаворка ішла пра Паўла Купрыенку, Натальлю Захаранку і Кацярыну Бруханаву (былі прызнаныя палітвязьнямі), а таксама Мікалая Швеца і Людмілу Ганчарэнку (адпаведнага статусу ня мелі, але згадваліся ў кантэксьце спраў палітычна матываванага характару).
  • 2 ліпеня Аляксандр Лукашэнка анансаваў вызваленьне цяжкахворых апанэнтаў улады. На наступны дзень на волю выйшаў шэраг палітзьняволеных, сярод якіх палітык Рыгор Кастусёў, які мае анкалягічнае захворваньне. На 5 ліпеня праваабаронцы змаглі спраўдзіць вызваленьне 18 палітвязьняў (4 жанчын і 14 мужчын).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG