«Пры дыктатары Аляксандры Лукашэнку Беларусь часта служыла выпрабавальным палігонам для рэпрэсій. Цяпер ён перайшоў да жорсткіх псыхалягічных катаваньняў, больш як год утрымліваючы палітычных зьняволеных бяз сувязі са зьнешнім сьветам», — адзначаюць аўтары рэдакцыйнага артыкулу The Washington Post.
Утрыманьне зьняволеных бяз сувязі са зьнешнім сьветам і адмова паведамляць пра месца іх знаходжаньня і лёс у адпаведнасьці з міжнародным правам можа афіцыйна лічыцца гвалтоўным зьнікненьнем, якое зьяўляецца злачынствам супраць чалавечнасьці ў адпаведнасьці з Рымскім статутам Міжнароднага крымінальнага суду. Freedom House
Публікацыя амэрыканскай газэты прысьвечаная беларускім палітвязьням, якія больш за год знаходзяцца ў інфармацыйнай блякадзе (інкамунікада). «Гэта разбуральна як для зьняволеных, якія ня могуць атрымаць ніводнага паведамленьня звонку, так і для іх сем’яў, якія ня ведаюць, ці жывыя іх блізкія».
Аўтары ўзгадваюць Сяргея Ціханоўскага, пра якога сямʼя і адвакаты не атрымлівалі інфармацыі з 9 сакавіка 2023 году. Віктара Бабарыку, ад якога не было вестак з 26 красавіка 2023 году. Марыя Калесьнікава, паводле зьвестак Freedom House, больш як год, з 15 лютага 2023, знаходзіцца ў ізалятары. Пра яе адваката і калегу па апазыцыі Максіма Знака, які таксама быў арыштаваны, няма вестак з 8 лютага 2023. Апошні кантакт з Ігарам Лосікам быў 20 лютага 2023. Пра Мікалая Статкевіча не было вестак зь 10 лютага 2023.
Аўтары артыкулу нагадваюць, што 23 сьнежня 2010 г. Генэральная Асамблея ААН зацьвердзіла Міжнародную канвэнцыю абароны ад гвалтоўных зьнікненьняў. Канвэнцыя абвяшчае: «Ніхто не павінен падвяргацца гвалтоўнаму зьнікненьню» і «Ніякія выключныя абставіны — ці то стан вайны, ці пагроза вайны, ці ўнутраная палітычная нестабільнасьць альбо любая іншая надзвычайная сытуацыя, ня могуць служыць апраўданьнем для гвалтоўнага зьнікненьня». На жаль, 84 дзяржавы, у тым ліку Беларусь, не зрабілі ніякіх дзеяньняў па гэтай дамове, — канстатуе The Washington Post.
Сьвет можа трымаць у цэнтры ўвагі справы гэтых зьняволеных. Злучаныя Штаты і іншыя краіны павінны рэгулярна патрабаваць доказы таго, што зьніклыя застаюцца жывымі. Нельга дапусьціць, каб дыктатуры зачынялі дзьверы турмы, выкідалі ключы і не жадалі нічога пра гэта чуць, — завяршае The Washington Post.
- У турмах Беларусі працягвае заставацца больш за 1.400 прызнаных праваабарончымі арганізацыямі палітычных зьняволеных. А рэальная колькасьць засуджаных з палітычных матываў да пазбаўленьня волі перавышае 5.000 чалавек. Пра гэта нагадала днямі Каардынацыйная рада, якая выступіла з з заклікам да «аб’яднаньня і ўзгадненьня намаганьняў усёй грамадзянскай супольнасьці Беларусі, палітыкаў і міжнародных партнэраў для пашырэньня гуманітарнага кірунку вызваленьня палітвязьняў».
Форум