Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША і ЭЗ віталі вызваленьне некаторых беларускіх палітвязьняў і заклікалі выпусьціць астатніх


Дзярждэпартамэнт ЗША, Вашынгтон, архіўнае фота
Дзярждэпартамэнт ЗША, Вашынгтон, архіўнае фота

Праваабаронцам вядома пра 16 палітвязьняў, якія выйшлі на волю. Але прозьвішчы іх не называюцца, за выключэньняем Рыгора Кастусёва.

Злучаныя Штаты вітаюць вызваленьне «некаторых з найбольш уразьлівых палітычных зьняволеных Беларусі», гаворыцца ў паведамленьні намесьніка памочніка дзяржсакратара ЗША у справах Эўропы і Эўразіі Крыстафэра Сьміта, апублікаванага на старонцы амэрыканскага пасольства ў Менску ў сацсетцы X.

Больш за 1,4 тысячы палітычных зьняволеных па-ранейшаму несправядліва ўтрымліваюцца пад вартай, нагадаў ён.

«Мы заклікаем да іх неадкладнага вызваленьня і пацьвярджаем нашу адданасьць правам чалавека і дэмакратыі ў Беларусі», — гаворыцца ў паведамленьні.

Эўразьвяз прыняў да ўвагі навіны аб вызваленьні некаторых палітвязьняў у Беларусі і працягвае заклікаць да неадкладнага вызваленьня астатніх. Пра гэта гаворыцца ў заяве прадстаўніка Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Набілы Масралі.

«Мы з палёгкай успрынялі навіны аб тым, што яны [палітвязьні] нарэшце ўзьядналіся са сваімі сем’ямі і блізкімі», — заявіла яна.

Масралі нагадала, што па-ранейшаму ў зьняволеньні па палітычных матывах знаходзіцца больш за 1400 чалавек, у тым ліку з праблемамі са здароўем, пажылыя асобы, непаўналетнія і інш.

«Некаторыя з гэтых зьняволеных маюць патрэбу ў неадкладнай мэдыцынскай дапамозе і маюць небясьпечныя для жыцьця стану. ЭЗ заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных», — гаворыцца ў заяве.

Што вядома пра вызваленых палітвязьняў

Праваабаронцам «Вясны» па стане на 5 ліпеня дакладна вядома пра 16 палітзьняволеных, якія выйшлі на волю 3 ліпеня

Сярод іх — 3 жанчыны і 13 мужчын, у тым ліку асуджаны да 10 гадоў калёніі і хворы на анкалёгію Рыгор Кастусёў. Праваабаронцы заявілі, што падтрымліваюць інфармацыйную цішыню для бясьпекі былых вязьняў, таму пакуль не публікуюць прозьвішчы астатніх вызваленых.

Паводле інфармацыі «Вясны», частка затрыманых выйшла на волю па амністыі, а частка — па памілаваньні.

Паводле інфармацыі «Позірку», сярод іх ёсьць маці чацьвярых непаўналетніх дзяцей.

Як паведаміў Андрэй Стрыжак, Службе хуткай гуманітарнай дапамогі вядомыя 15 прозьвішчаў (+1 непацьверджаны) палітычных зьняволеных, што трапілі пад вызваленьне.
Ён даў таксама дадатковыя лічбы, якімі можна бясьпечна падзяліцца:

«Тэрміны якія заставалася прасядзець тым, пра вызваленьне каго вядома:

  • 5 чалавек – у межах месяца;
  • 3 чалавекі – у межах году;
  • 5 чалавек – у межах 1,5-2 гадоў;
  • 1 чалавек – у межах 2-3 гадоў;
  • 1 чалавек – больш за 6 гадоў.

Сярод тых, хто быў датэрмінова вызвалены за апошнія два дні, вядома пра цяжкі стан здароўя толькі ў Рыгора Кастусёва».

Андрэй Стрыжак паведаміў, што паводле ягоных падлікаў, траціна палітвязьняў, пра вызваленьне якіх вядома, выйшлі б на волю цягам месяца. Абсалютная большасьць вызваленых не зьяўляюцца людзьмі сталага ўзросту зь цяжкімі захворваньнямі.

2 ліпеня Аляксандар Лукашэнка анансаваў вызваленьне цяжкахворых апанэнтаў улады. У той жа дзень ён падпісаў закон аб амністыі з нагоды 80-годзьдзя вызваленьня Беларусі, які, аднак, паводле зьместу не распаўсюджваецца на асоб з «экстрэмісцкіх сьпісаў».

На фоне гэтай заявы беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская заклікала безумоўна вызваліць больш за 200 палітвязьняў, якія знаходзяцца ў крытычным стане.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG