Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У апошнія дні лётаў такі задаволены». Гісторыя наваградзкага актывіста, які загінуў пад Варшавай


Сяргей Лаўрушчык. Архіўнае фота
Сяргей Лаўрушчык. Архіўнае фота

Расказваем гісторыю беларускага актывіста і ўласьніка музэя ў Наваградку Сяргея Лаўрушчыка, які загінуў пад Варшавай два гады таму.

Сяргей Лаўрушчык нарадзіўся і жыў у Наваградку. Быў майстрам на «Вадаканале». У сябе дома стварыў прыватны музэй гісторыі Беларусі ад ВКЛ да БССР. У сакавіку 2021 году Лаўрушчыка затрымалі. У ягоным музэі знайшлі зброю і на падставе гэтага хацелі завесьці крымінальную справу. Сяргей здолеў уцячы ва Ўкраіну, а потым у Польшчу.

У Варшаве ўладкаваўся ў аварыйнай службе на працу, падобную да той, якой займаўся ў Беларусі. 16 лютага 2022 году, калі Сяргей ехаў на службовай машыне за Варшаву, ён трапіў у аварыю і загінуў. Пахавалі беларуса ў Наваградку. У яго засталіся жонка і дарослыя дзеці.

Наваградак. Архіўнае фота
Наваградак. Архіўнае фота

Прыляцеў верталёт, але ў шпіталь везьлі машынай

Дарожная аварыя здарылася каля 11-й гадзіны ранку 16 лютага 2022 году за некалькіх кілямэтраў ад польскай сталіцы, каля вёскі Новыя Грахоліцы (Nowe Grocholice) на трасе S8.

Удзельнікамі ДТЗ сталі два грузавікі і мікрааўтобус. Яны ехалі па правай паласе. Наперадзе — вялікая цыстэрна, за ёй мікрааўтобус, ззаду фура. Што дакладна адбылося, невядома. Але фура «ўпячатала» бус у цыстэрну. За стырном бусіка быў Сяргей Лаўрушчык. Побач зь ім таксама ехаў калега.

Сяргей Лаўрушчык. Архіўнае фота
Сяргей Лаўрушчык. Архіўнае фота

На месца здарэньня прыляцеў мэдыцынскі верталёт, прыехала машына «хуткай дапамогі». Лаўрушчык яшчэ быў жывы. Яго падключылі да апарата падтрыманьня жыцьця. Аднак пацярпелага ў цяжкім стане ня здолелі перамясьціць у верталёт і вырашылі везьці ў варшаўскі шпіталь на аўтамабілі. У дарозе ён памёр. Сяргей не дажыў да 60 гадоў паўтара месяца.

Беларусы сабралі 1,5 тысячы эўра на арганізацыю пахаваньня Сяргея. Цела перавезьлі на радзіму і пахавалі на наваградзкіх могілках.

«Былі машыны сілавікоў, якія суправаджалі ўсё пахаваньне. Сачылі цалкам. Было вядома, што яны сачылі таксама праз камэры відэаназіраньня. На магіле Сяргея доўга стаяў вянок у белых і чырвоных колерах», — расказалі Свабодзе сябры Сяргея.

Наколькі вядома блізкім Лаўрушчыка, за тую аварыю дагэтуль нікога не пакаралі. Вядома, што сам Сяргей ня быў вінаваты ў здарэньні. Таксама вядома, што ўсе ўдзельнікі ДТЗ былі цьвярозыя. Пасажыр, які ехаў разам з Лаўрушчыкам, выжыў. Некаторыя іншыя ўдзельнікі аварыі атрымалі траўмы.

У зьдзяйсьненьні ДТЗ падазравалі кіроўцу фуры, якая ехала ззаду і наехала на бус. Аднак пра тое, каб таго кіроўцу бралі пад варту або судзілі, няма інфармацыі. Пасьля аварыі прайшло 2 гады і 4,5 месяца.

Свабода накіравала запыт у пракуратуру горада Прушкава (Польшча), якая займалася расьсьледаваньнем справы, 18 чэрвеня 2024 году. Аднак мы пакуль не атрымалі адказу. Апублікуем яго, як толькі будзем мець.

Знайшоў бацьку, калі самому было за 50

Сяргей Лаўрушчык нарадзіўся ў Наваградку 23 сакавіка 1962 году. Яго выхоўвала адна маці. Бацьку Сяргей ня ведаў большую частку жыцьця. Аднак адшукаў яго, калі самому Сяргею было за 50 гадоў. Бацька жыў у Расеі, меў іншую сям’ю. Так мужчына даведаўся, што ў яго ёсьць дзьве зводныя сястры. Ён бачыўся з бацькавай часткай сям’ і толькі аднойчы.

«Зьезьдзіў да бацькі і паказваў фоткі. Стаіць такі ж Сяргей, толькі на 20-30 гадоў старэйшы, сівы і больш маршчыністы», — расказала Свабодзе сяброўка Сяргея Ірына.

Сяргей Лаўрушчык. Архіўнае фота
Сяргей Лаўрушчык. Архіўнае фота

Вышэйшай адукацыі ў Сяргея Лаўрушчыка не было, ён скончыў тэхнікум. Працаваў майстрам на «Водаканале» ў Наваградку апошнія 15 гадоў.

«Я не магу сядзець бяз працы! Тым больш трубы, камунікацыі — гэта ж маё, я люблю гэта! Я і ў Наваградку навёў парадак на працы: зрабіў маленькі фантан, хацеў зрабіць і вялікі», — расказваў раней Свабодзе Лаўрушчык.

Лаўрушчык двойчы быў жанаты. Калі разышліся зь першай жонкай, то сына ад першага шлюбу ён забраў да сябе. З другой жонкай яны пражылі каля 30 гадоў. Іхны малодшы сын быў хворы. Калі малому было два гады, яго ў вазочку разам з маці зьбіла машына. Хлопчык выцяўся галавой аб бардзюр, быў пашкоджаны мозг. Пацярпела таксама жонка Сяргея. Малодшы сын Лаўрушчыкаў памёр у канцы 2020 году, падчас эпідэміі каранавірусу.

Любіў чытаць, стварыў музэй

Сяргей Лаўрушчык быў беларускамоўным. Зь дзяцінства ён любіў кнігі, хаваўся, каб пачытаць.

«Паглыбіўся ў гісторыю. Ён ведаў усіх князёў, „гэта сын таго“», — адзначыла ягоная сяброўка.

У прыватным музэі Сяргея Лаўрушчыка. Архіўнае фота
У прыватным музэі Сяргея Лаўрушчыка. Архіўнае фота
У музэі Сяргея Лаўрушчыка. Архіўнае фота
У музэі Сяргея Лаўрушчыка. Архіўнае фота

Жыхар Наваградку шмат гадоў займаўся стварэньнем прыватнага музэю, захаваньнем спадчыны, ушанаваньнем выбітных людзей. У музэі Сяргей марыў стварыць асобныя пакоі для Сярэднявечча, Першай і Другой усясьветных войнаў, савецкага часу.

Зьбіраў прадметы побыту, кнігі, патэфоны, манэты, гузікі і пярсьцёнкі. Знойдзеныя часткі кулямёта, штых-нажы, наканечнікі стрэлаў, іншую ржавую зброю ён меў для экспазыцыі, прысьвечанай войнам. Хацеў паставіць у Наваградку помнікі Міндоўгу і Яўхіму Карскаму.

Кросны ў музэі Лаўрушчыка
Кросны ў музэі Лаўрушчыка

«Як здымалі нашы сьцягі (у 1990-х. — РС), у мяне сьлёзы былі на вачах. Герб „Пагоня“ увогуле пайшоў з Наваградку! Цяпер нашых людзей караюць на сьцяг, за нашы каштоўнасьці. Як можна добраахвотна адмаўляцца ад такіх каштоўнасьцяў? Я лічу, што мова — наш скарб і наша зброя», — казаў раней Свабодзе Сяргей.

Беларускія сьцяг і герб у прыватным музэі Сяргея Лаўрушчыка
Беларускія сьцяг і герб у прыватным музэі Сяргея Лаўрушчыка

Выпусьцілі сюжэт, што затрымалі «змагара са зброяй»

Увосень 2020 году Лаўрушчыка затрымалі ў адміністрацыйнай справе. Арыштавалі на 10 дзён. У ІЧУ ён захварэў на каранавірус і пнэўманію.

Чарговы раз яго затрымалі ў яго дома ўвечары 23 сакавіка 2021 году. Якраз у ягоны дзень нараджэньня. Зь ператрусам прыйшлі сама меней сем сілавікоў. Сябры мяркуюць, што хацелі затрымаць і ўсю іхную кампанію за сьвяточным сталом, але яны тады не адзначалі.

«Мы сапраўды зь мясцовымі „партызанамі“ рыхтаваліся да Дня Волі. Плянавалі паміж шматпавярховымі дамамі павесіць трохмэтровы сьцяг. У мяне былі яшчэ іншыя сьцягі (вялікі шасьцімэтровы і стандартны), улёткі, наклейкі да Дня Волі», — расказваў раней Свабодзе сам Лаўрушчык.

Апроч сымболікі, міліцыю зацікавілі экспанаты музэю. Гэта былі штых-нож, кулямётны дыск, частка аўтамата. Ірына мяркуе, што міліцыянты добра падрыхтаваліся да затрыманьня.

«Да трох ночы яны (сілавікі. — РС) былі ў яго дома. А 7-й ранку на БелТА выйшаў сюжэт, што „затрымалі змагара са зброяй“», — падзялілася разважаньнямі суразмоўца.

Цэнтар Наваградку. Архіўнае фота
Цэнтар Наваградку. Архіўнае фота

Праз тры дні ў Лаўрушчыка меўся скончыцца тэрмін утрыманьня. На 26 сакавіка прызначылі суд. Аднак працэс доўга не пачыналі, а ўрэшце Сяргея выпусьцілі на волю. Сябры думаюць, што на яго проста не пасьпелі нічога аформіць.

Па дарозе ў аэрапорт даведаўся, што па яго зноў прыйшлі

Назаўтра ранкам жыхар Наваградку ўжо ехаў у менскі аэрапорт. Перад гэтым яго загрыміравалі, каб не адсачылі па камэрах. У дарозе актывіст даведаўся, што дадому да яго зноў прыйшлі сілавікі.

Лаўрушчык пасьпеў безь перашкодаў прайсьці мяжу і вылецець ва Ўкраіну. Жыў у цэнтры Кіева каля Залатой брамы. У першы ж дзень падышоў да рабацяг, якія нешта капалі, і папытаўся, ці не патрэбен ім работнік. Так ён адразу ж атрымаў працу ў новай краіне.

«Ён быў чалавекам, які лёгка кудысьці пайшоў і з кімсьці пазнаёміўся», — падзялілася ўспамінамі пра яго сяброўка Ірына.

Сяргей Лаўрушчык. Архіўнае фота
Сяргей Лаўрушчык. Архіўнае фота

Сяргей пражыў ва Ўкраіне некалькі месяцаў, зрабіў візу і пераехаў у Польшчу, каб быць бліжэй да радзімы. Спачатку ён жыў у лягеры ўцекачоў у Бельску-Бялай. У канцы верасьня пераехаў у Варшаву. Там знайшоў працу ў прыватнай аварыйнай службе.

«Працаваў з каналізацыяй, ліўнёўкай, прарывамі, прачысткамі. Яго часта затрымлівалі на працы. Ён заставаўся, калі аварыя, нешта прарвала. Ён не адмаўляўся. Няшмат даплачвалі за гэта. Яму было цікава. Ён казаў: «Ты глянь, якое ў іх абсталяваньне! Якое ў Беларусі — і з чым яны працуюць. Ты глянь!» — успамінае Ірына, як сябар захапляўся сваёй працай.

За тыдзень да сьмерці хацеў набыць патэфон для свайго музэю

Сяргей пасьпеў павандраваць па Польшчы. Яму падабалася хадзіць па музэях. Не хапала ўласнага музэю. Шукаў польскія барахолкі, глядзеў, што цікавага на іх можа набыць.

«Знайшоў патэфон. Кажа: «Як нам яго завезьці ў Беларусь? Гэта ён думаў у апошні тыдзень перад сьмерцю. Думаў, купляць ці не купляць», — успомніла Ірына.

Патэфоны ў музэі Сяргея Лаўрушчыка. Архіўнае фота
Патэфоны ў музэі Сяргея Лаўрушчыка. Архіўнае фота

Музэй Сяргея ў Беларусі застаўся, але цяпер ён закрыты для наведваньняў. Нядаўна ў яго пацёк дах. Сябры дапамаглі залатаць.

Калі сям’я Ірыны захварэла ў Польшчы на ковід, Сяргей ім дапамагаў, купляў і прывозіў прадукты. Пасьля сьмерці сына асабліва баяўся заразіцца. Але надзяваў маску, ставіў торбы пад дзьверы, званіў і ішоў.

«Мог яшчэ стаць у пралёце і трошку пагаварыць. Памятаю, адзін раз бяру пакеты — і не магу іх адарваць ад зямлі. Прывёз нам ежы на тыдзень! Быў вельмі шчырым чалавекам», — падзялілася сяброўка.

Сяргей Лаўрушчык. Архіўнае фота
Сяргей Лаўрушчык. Архіўнае фота

Яна думае, што калі б не аварыя, Сяргея ўсё адно не было б ужо ў жывых. Ірына перакананая, што ён бы паехаў абараняць Украіну. Сяргей загінуў за восем дзён да поўнамаштабнага ўварваньня. Наколькі ведае жанчына, Сяргей удзельнічаў у беларускіх харугвах за мяжой, езьдзіў на трэнінгі.

«Ён у апошнія дні, месяцы лётаў такі задаволены. Чалавеку 60, а ў яго столькі энэргіі!» — успамінае Ірына.

«Ды ў паветры ўжо пахне свабодай!.. Мы пажывём яшчэ ў вольнай Беларусі», — казаў у 2021 годзе Сяргей Лаўрушчык у гутарцы са Свабодай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG