Кіраўніком сваёй адміністрацыі Лукашэнка прызначыў Дзьмітрыя Крутога, які быў амбасадарам Беларусі ў Маскве. З сакавіка 2024 году пасада кіраўніка адміністрацыі была вакантнай, пасьля таго як Ігар Сергеенка трапіў у Палату прадстаўнікоў і стаў у ёй сьпікерам.
Першай намесьніцай кіраўніка адміністрацыі Лукашэнка прызначыў Натальлю Пяткевіч.
Міністрам замежных спраў Лукашэнка прызначыў Максіма Рыжанкова. Ён замяніў на пасадзе Сяргея Алейніка, які займаў пасаду міністра замежных спраў з 13 сьнежня 2022-га пасьля раптоўнай сьмерці 26 лістапада 2022 году Ўладзімера Макея.
Новым віцэ-прэм'ерам у сельскай гаспадарцы прызначылі Юрыя Шулейку.
Міністрам прамысловасьці стаў Аляксандар Яфімаў.
Што вядома аб прызначаных чыноўніках
Дзьмітры Круты нарадзіўся 19 студзеня 1981 году Бялынічах Магілёўскай вобласьці. Працаваў на пасадах міністра эканомікі (2018–2019), першага віцэ-прэм’ера (2019–2020), намесьніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі (2020–2022), амбасадарам у Расеі (2022–2024).
У часе сваёй працы ў складзе ўраду выказваўся аб неабходнасьці вырашэньня праблемаў закрэдытаванасьці прадпрыемстваў, за зьмяншэньне залежнасьці Беларусі ад ваганьняў расейскага рубля, за ўступленьне ва Ўсясьветную арганізацыю гандлю і правядзеньне адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы.
Максім Рыжанкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1972 году ў Менску, працаваў на пасадах дарадцы-пасланьніка ў беларускай амбасадзе ў Польшчы (2003–2005), начальніка ўпраўленьня Амэрыкі МЗС (2005–2006), начальніка ўпраўленьня замежнай палітыкі Адміністрацыі прэзыдэнта (2006–2012), памочніка Лукашэнкі ў пытаньнях фізкультуры і спорту (2012–2014), першага віцэ-прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту (2015–2017), з 2016 году — першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі.
Натальля Пяткевіч нарадзілася 24 кастрычніка 1972 году ў Менску, працавала спэцыялістам у адміністрацыі Лукашэнка, з 2001-га — яго прэсавай сакратаркай, з 2004 году — намесьніцай кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, з 2009-га — першай намесьніцай кіраўніка адміністрацыі. У 2014 годзе Лукашэнка яе звольніў. Апошнія пяць гадоў Пяткевіч жыла ў ЗША — яна ў 2018 годзе выйшла замуж за Валянціна Рыбакова, пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ААН, і пераехала да яго ў Нью-Ёрк. Для яе гэта трэці шлюб. Першы яе муж, Уладзіслаў Пяткевіч, узначальваў Нацыянальныя лятарэі, другі, Аляксандар Мартыненка, намесьнік старшыні Белтэлерадыёкампаніі.
Юры Шулейка нарадзіўся 31 сакавіка 1968 году ў Дзятлаўскім раёне Горадзенскай вобласьці. Працаваў у сельскай гаспадарцы на Горадзеншчыне, а пазьней на пасадах дырэктара Лідзкага мясакамбінату (з 2005-га), генэральнага дырэктара прадпрыемства «Горадзенскія мясамалочныя прадукты» (з 2007-га), генэральнага дырэктара «Гроднамясамалпрам» (з 2008), намесьніка старшыні Горадзенскага гарадзкога выканаўчага камітэту (з 2012-га), намесьніка старшыні Горадзенскага аблвыканкаму (з 2013-га), памочніка Лукашэнкі па Гомельскай вобласьці (з 2017-га), старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму (з 2021-га).
Аляксандар Яфімаў нарадзіўся 18 кастрычніка 1983 году ў Барысаве Менскай вобласьці. Працаваў на Менскім прыборабудаўнічым заводзе, у ААТ «Амкадор» (2007–2022), намесьнікам міністра прамысловасьці (з 2022 году).
Усе прызначаныя знаходзяцца пад міжнароднымі санкцыямі. Санкцыі Эўразьвязу з Натальлі Пяткевіч зьнялі ў 2015 годзе, але яна заставалася пад санцыямі ЗША, пры гэтым жыла ў Нью-Ёрку, бо зьяўляецца жонкай беларускага дыплямата пры ААН.
Форум