Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Казахстане затрымалі аднаго з падазраваных у нападзе ў Кіеве на апазыцыянэра Садыкава


На месцы нападзеньня на Садыкава ў Кіеве
На месцы нападзеньня на Садыкава ў Кіеве

Айдос Садыкаў знаходзіцца ў цяжкім стане.

Генпракуратура Казахстана паведаміла аб затрыманьні Алтая Жаканбаева, аднаго з двух падазраваных у замаху на апазыцыйнага казахстанскага актывіста і блогера Айдоса Садыкава ў Кіеве.

Паводле ведамства, Жаканбаеў у пятніцу сам зьвярнуўся ў органы ўнутраных спраў Казахстана. Яго дапыталі, пасьля чаго затрымалі.

Другі падазраваны па справе аб нападзе на Садыкава, Мэйрам Каратаеў, да гэтага часу знаходзіцца ў вышуку.

Напад на Садыкава адбыўся 18 чэрвеня каля ягонага дома ў Кіеве. Генпракуратура Украіны заявіла, што зламысьнік падбег да машыны, у якой знаходзіліся блогер і яго жонка, і стрэліў у Садыкава. Блогера адправілі ў лякарню ў цяжкім стане. Яго жонка не пацярпела.

Садыкаў і яго жонка пражываюць у Кіеве з 2014 года. Абодва маюць статус уцекачоў. У Казахстане яны падвяргаліся крымінальнаму перасьледу. Па словах Садыкава, справы ў дачыненьні да іх заводзілі па палітычных матывах.

Садыкаў вядомы сваёй крытыкай прэзыдэнта Казахстана Касым-Жамарта Такаева.

Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў раней заявіў, што ўзброены напад у Кіеве на казахстанскага журналіста і актывіста Айдоса Садыкава трэба разглядаць у прававым полі. Такаеў паведаміў, што даручыў Міністэрству замежных спраў і праваахоўным органам «накіраваць афіцыйныя запыты ўкраінскаму боку аб гэтым сур’ёзным інцыдэнце».

Прэсавая служба Кіеўскай гарадзкой пракуратуры паведаміла, што крымінальную справу завялі па факце замаху на наўмыснае забойства 56-гадовага журналіста, грамадзяніна Казахстану.

У кастрычніку 2023 году ўлады Казахстану абвясьцілі Садыкавых у вышук паводле абвінавачаньня ў «распальваньні варожасьці». У сваіх відэаматэрыялах Садыкавы крытыкавалі ўлады Казахстану, а таксама асьвятлялі судовыя працэсы пасьля студзеньскіх падзей у 2022 годзе, калі ў выніку пратэстаў загінулі ня менш за 238 чалавек, а акцыі змаглі спыніць толькі пасьля ўмяшаньня сілаў АДКБ.

За апошнія гады ва Ўкраіне адбылося некалькі рэзанансных забойстваў — журналістаў Алеся Бузіны і Паўла Шарамета, колішняга дэпутата Дзяржаўнай думы Расеі Дзяніса Вараненкава, супрацоўніка галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Максіма Шапавала. Паўла Шарамета і Максіма Шапавала падарвалі ў аўтамабілях. З гэтых злачынстваў раскрылі толькі забойства Дзяніса Вараненкава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG