Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў заявіў, што ўзброены напад у Кіеве на казахстанскага журналіста і актывіста Айдоса Садыкава трэба разглядаць у прававым полі.
«У Казахстане ўзялі курс на ўмацаваньне вяршэнства закону. Маю прынцыповую пазыцыю вы ведаеце: у краіне павінен быць закон і парадак, іншымі словамі, законапарадак. Усе калізіі, рознагалосьсі ў нашым грамадзтве варта вырашаць выключна ў прававым полі, на аснове дзейнага заканадаўства, адпаведна асноўным міжнародным нормам. Менавіта з гэтага пункту гледжаньня неабходна разглядаць злачынства, якое адбылося ўчора ў Кіеве супраць грамадзяніна Казахстану Айдоса Садыкава», — працытавала Такаева выданьне Tengrinews.kz.
Касым-Жамарт Такаеў паведаміў, што даручыў Міністэрству замежных спраў і праваахоўным органам «накіраваць афіцыйныя запыты ўкраінскаму боку аб гэтым сур’ёзным інцыдэнце».
«У выпадку неабходнасьці казахстанскія афіцыйныя органы гатовы падключыцца да расьсьледаваньня для садзейнічаньня ў выяўленьні праўды», — заявіў прэзыдэнт Казахстану.
Жонка пацярпелага Натальля Садыкава ў інтэрвію ўкраінскаму выданьню РБК-Україна паведаміла, што лекары не даюць ніякіх прагнозаў наконт стану яе мужа.
«Айдос усё яшчэ жывы. Ён перажыў гэтую ноч, хоць лекары мне ўчора казалі, што на гэта вельмі маленькая надзея. Ён у вельмі цяжкім стане, ён паранены ў галаву, і гэта цяжкае раненьне. Ніякіх прагнозаў цяпер дактары ня робяць, але яны спрабуюць зрабіць усё, што ад іх залежыць», — сказала Натальля Садыкава.
Яна лічыць гэты напад заказным, да якога датычны прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў.
«Гэта толькі яму патрэбна, каб закрыць Айдосу рот. Ён больш за 20 гадоў займаецца апазыцыйнай дзейнасьцю. Канал „БАСЕ“ — гэта толькі адзін з крокаў гэтай дзейнасьці. [...] Ён дапамагаў арганізоўваць пратэсты ў Казахстане.. І таму ён быў як костка ў горле для Касыма-Жамарта Такаева. Ён галоўны заказчык», — перакананая яна.
Узброены напад на Айдоса Садыкава адбыўся 18 чэрвеня недалёка ад цэнтру Кіева. У гэты момант ён і ягоная жонка знаходзіліся ў машыне. Нападнік выйшаў з-за дрэва і выстраліў у кіроўцу. Яго зь цяжкім раненьнем шпіталізавалі.
Прэсавая служба Кіеўскай гарадзкой пракуратуры паведаміла, што крымінальную справу завялі па факце замаху на наўмыснае забойства 56-гадовага журналіста, грамадзяніна Казахстану.
У кастрычніку 2023 году ўлады Казахстану абвясьцілі Садыкавых у вышук паводле абвінавачаньня ў «распальваньні варожасьці». У сваіх відэаматэрыялах Садыкавы крытыкавалі ўлады Казахстану, а таксама асьвятлялі судовыя працэсы пасьля студзеньскіх падзей у 2022 годзе, калі ў выніку пратэстаў загінулі ня менш за 238 чалавек, а акцыі змаглі спыніць толькі пасьля ўмяшаньня сілаў АДКБ.
За апошнія гады ва Ўкраіне адбылося некалькі рэзанансных забойстваў — журналістаў Алеся Бузіны і Паўла Шарамета, колішняга дэпутата Дзяржаўнай думы Расеі Дзяніса Вараненкава, супрацоўніка галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Максіма Шапавала. Паўла Шарамета і Максіма Шапавала падарвалі ў аўтамабілях. З гэтых злачынстваў раскрылі толькі забойства Дзяніса Вараненкава.
Форум