Сьцісла
- Выбары ў КР паказалі, што дамінуючы настрой сярод дыяспары — дэпалітызацыя.
- У Маратоне салідарнасьці з палітвязьнямі ўдзельнічала больш людзей, чым у выбарах у КР, хоць данаты — справа ня менш небясьпечная, чым галасаваньне за «экстрэмісцкія фармаваньні».
- У 2020 годзе пасьля зьбіцьця, маштабнага хапуна і катаваньняў многія не баяліся выходзіць на пратэст.
- Яўка на выбары ў Каардынацыйную раду стала індыкатарам палітычных настрояў найперш у дыяспары.
Вымяраць удзелам (дакладней, няўдзелам) у гэтых выбарах настроі ўнутры Беларусі не выпадае. Бо рызыка для тых, хто наважыўся б галасаваць, была надзвычай высокая. Шматлікія выцекі канфідэнцыйных дадзеных, якія траплялі ў рукі ўладаў, палохалі практычна ўсіх жыхароў Беларусі. Абвяшчэньне і Рады, і ўсіх выбарчых сьпісаў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» для любога жыхара краіны азначала, што ў выпадку, калі інфармацыя пра яго ўдзел у галасаваньні выцеча, ён трапіць пад крымінальны перасьлед зь немалым тэрмінам зьняволеньня.
Такая рызыка была і для дыяспары. Заява Аляксандра Лукашэнкі пра перасьлед сваякоў палітычна актыўных эмігрантаў, канфіскацыя маёмасьці кандыдатаў на выбарах у КР, крымінальныя справы супраць удзельнікаў палітычных маніфэстацыяў за мяжой — усе гэтыя новыя чыньнікі давалі зразумець беларусам у дыяспары, што і ім удзел у выбарах у Раду можа дорага каштаваць, калі ўлады пра гэты ўдзел даведаюцца.
Але відавочна, што для эмігрантаў рызыка была значна ніжэйшая, чым для жыхароў Беларусі. І можна небеспадстаўна дапусьціць, што сьціплы вынік атрымаўся прынамсі ня толькі з прычыны страху.
Ускосна пра гэта сьведчыць і ўзровень цікавасьці аўдыторыі да інфармацыі пра выбары ў КР. Досьвед і Радыё Свабода, і іншых мэдыя сьведчыць пра тое, што ўзровень гэты быў даволі нізкі. Але за прагляды тых ці іншых ролікаў у Youtube у Беларусі пакуль не саджаюць. Прагляд іх за мяжой канкрэтным юзэрам тым больш наўрад ці можа стаць нагодай для перасьледу.
Рызыкі цікавіцца гэтымі выбарамі, прынамсі за мяжой, не было дакладна.
Некаторыя кандыдаты ў КР папракалі мэдыя за недастаткова шырокае асьвятленьне кампаніі, убачылі ў гэтым руку віленскіх «лялькаводаў». Аднак такія папрокі — ад неразуменьня прыроды журналісцкага рамяства. Журналісты ў значна большай ступені нявольнікі парадку дня, чым яго стваральнікі. Калі нешта «запальвае» аўдыторыю, дык журналісты, якія гэты «напал» адчуваюць, напішуць пра гэтае нешта, нават калі яно некаму не падабаецца. І наадварот — калі тэма публіцы нецікавая, дык адчуваньне гэтага адбіваецца на яе асьвятленьні.
Але ўдзел, дзеяньне заўсёды зьвязаныя з зацікаўленасьцю. Калі зацікаўленасьць выбарамі ў КР была невысокая, то і ўдзел ня мог быць надта вялікі, нават калі б рызыкі былі меншыя.
Можна прыводзіць шмат канкрэтных чыньнікаў, зьвязаных менавіта з гэтай кампаніяй, дзеля якіх цікавасьць да яе была невысокая. Выбары ў Раду, якія плянавалі спалучыць з афіцыйнымі выбарамі, адбыліся значна пазьней; сэнс і функцыі Рады публіцы ня надта зразумелыя; ранейшы досьвед дзейнасьці КР не спараджаў вялікага энтузіязму. Гэта таксама ўплывала на хаду кампаніі.
Але ня выключана, што галоўная прычына — у агульным падзеньні інтарэсу (у дыяспары ў тым ліку) да чыста палітычных дзеяньняў. У Маратоне салідарнасьці з палітвязьнямі паўдзельнічала больш людзей, чым у цяперашніх выбарах. Тады, праўда, улады не вялі такой канцэнтраванай кампаніі, каб зьнізіць колькасьць удзельнікаў маратону. Але і там рызыка выцеку дадзеных была. І што бывае за данаты «экстрэмістам» — усе ведаюць. Да таго ж там трэба было ахвяраваць грошы, а ня толькі час на ўсталяваньне аплікацыі, як у выпадку з выбарамі.
Аднак маратон многімі ўспрымаўся не як чыстая палітыка, а як чалавечае, гуманітарнае дзеяньне, як дапамога людзям, якія пакутуюць. І матывацыя зрабіць такое дзеяньне перасільвала страх, які прысутнічаў і тады.
У гэтым перасільваньні — уся справа. І ў 2020 годзе ўдзел у пратэстах быў справай небясьпечнай. Калі 9 жніўня па краіне пахапалі тысячы людзей, калі зьявіліся зьвесткі пра катаваньні, то рэакцыяй грамадзтва мог бы стаць ступар ад страху. Як тое было пасьля Плошчы 2010 году — людзей жорстка зьбілі, пахапалі, на наступны дзень плошча была пустая.
У 2020-м рэпрэсіі толькі ўзмацнілі пратэст. Часам гэта тлумачыцца так: дык тады людзі ўсьведамлялі, што іх дзеяньне можа прынесьці плён. Але гэтае ўсьведамленьне было не натуральнай, а суб’ектыўнай, дакладней, інтэрсубʼектыўнай рэальнасьцю. Ня нейкія ўнівэрсальныя законы прыроды, не абʼектыўная навука вызначылі тады, што ў той момант пратэст беларусаў можа прынесьці плён. Але многія зь іх тады так вырашылі, так адчулі, так усьвядомілі сытуацыю.
А зараз, на выбарах у КР — нямногія так адчулі і так усьвядомілі. І вынікі выбараў такую інтэрсубʼектыўную рэальнасьць засьведчылі.
Прычыны гэтага зразумелыя. 4 гады — гэта даволі працяглы тэрмін. І гады эміграцыі мяняюць людзей. Не абавязкова ў сэнсе поглядаў, але ў сэнсе матывацыяў, надзеяў, зацікаўленасьці — так.
Цяперашні стан ня будзе вечны. Але выглядае, што зьмены гэтага стану адбудуцца ў выніку зьменаў унутры Беларусі. Прынамсі, выбары ў КР гэтае дапушчэньне не абверглі.
Сяргей Дубавец напісаў пра гэтыя выбары — «Перамога, якой не разгледзелі нават свае». Але гэта — аксюмаран, сухая вада, квадратнае кола. Палітычная перамога — гэта інтэрсубʼектыўная рэальнасьць. І калі нават свае не ўсьведамляюць нейкую падзею як перамогу, то яна ёю і не зьяўляецца.
Форум