На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «ПІК Свабоды» адказвае палітычны аналітык Арцём Шрайбман.
— Вядомыя вынікі выбараў у Каардынацыйную раду. У галасаваньні ўзялі ўдзел 6723 чалавекі. За некалькі дзён да выбараў француская Le Monde апублікавала артыкул пра іх. «Беларускія дысыдэнты ў выгнаньні спрабуюць атрымаць другое дыханьне», — гаварылася ў публікацыі. Ці сапраўды мэта была такая? І ці была яна дасягнутая?
— Я ня думаю, што ў некага была такая мэта. Для тых, хто пайшоў на гэтыя выбары, гэта была магчымасьць пралабіраваць важныя для іх пытаньні, сваё бачаньне, чым павінны займацца дэмсілы. Для некаторых зь іх гэта была спроба крыху пасунуць на п’едэстале Сьвятлану Ціханоўскую.
Тут ёсьць прыкметы клясычнай палітычнай барацьбы, а не перазапуску, наданьня новага дыханьня вялікаму руху. Бо складана было разьлічваць, што на такіх выбарах прагаласуе істотна больш людзей, чым было ангажавана ў палітычныя ініцыятывы дагэтуль.
Фактычна іх аказалася значна меней, чым ва ўсіх папярэдніх онлайнавых пэтыцыйных галасаваньнях і нават краўдфандынгавых кампаніях. У Маратоне па зборы сродкаў для палітвязьняў паўдзельнічала ўдвая больш людзей, хоць гэта патрабавала ахвяраваньня грошай. Гэтыя выбары ў любым выпадку не маглі надаць новае дыханьне дэмсілам.
— У камэнтары для «Люстэрка» вы напісалі, што ўрок выбараў у тым, што «дэмсілы і большасьць беларусаў, уключаючы дыяспару, жывуць у розных парадках дня». Але яшчэ ў 2022 годзе каля 200 тысячаў беларусаў паведамілі на плятформу «Голас» пра тое, як яны прагаласавалі на канстытуцыйным рэфэрэндуме. Мэта ўдзелу ў тым рэфэрэндуме, парадак дня, зьвязаны з удзелам у ім, былі таксама многім незразумелыя. Тым ня менш, тады на «Голас» даслалі паведамленьні 200 тысяч. А цяпер — тое, што ёсьць. Чаму?
— Паслаць адно паведамленьне на «Голас» не патрабавала вялікіх высілкаў. Усталяваць выбарчую аплікацыю і выкарыстаць яе патрабавала большых высілкаў. 2 гады таму не было такой устойлівай практыкі пакараньня за ўзаемадзеяньне з тымі, каго лічаць «экстрэмісцкімі фармаваньнямі». У 2022 годзе ўзровень страху быў меншы. Узровень ананімнасьці, як яна ўспрымаецца людзьмі, быў вышэйшы. Тады нямногія перасьцерагаліся, што ўзаемадзеяньне ў інтэрнэце з апазыцыйнай крыніцай пагражае ім турмой. Цяпер многія павінны былі ўзважваць рызыкі. Таму думаю, што доля ўдзельнікаў выбараў зь Беларусі — мізэрная.
За гэтыя гады назапасіўся шлейф праблемаў зь лічбавай бясьпекай у дэмсілах. І стала зразумела, што скан пашпарта, адасланы на «экстрэмісцкі канал», зараз ці празь некалькі гадоў можа апынуцца ў зьлітай ці здабытай уладамі базе дадзеных. Гэта ўсё ўплывае. Але ў дадзеным выпадку няма ўсьведамленьня, навошта гэта рабіць. Для меншасьці нават палітызаванай часткі публікі зразумела, навошта было ўдзельнічаць у гэтых выбарах у КР. Антон Матолька ў сябе ў канале запусьціў добрае апытаньне — «Чаму вы ня ўдзельнічалі ў выбарах у КР, калі ня ўдзельнічалі?». І там дзьве асноўныя прычыны — гэта меркаваньні бясьпекі і «не разумею, навошта».
— Па выніках выбараў у КР — як могуць зьмяніцца адносіны паміж асноўнымі інстытутамі дэмсілаў: той жа КР, офісам Ціханоўскай, Абʼяднаным пераходным кабінэтам? Ці зьменіцца вага Рады?
— Пакуль на гэта нішто ня ўказвае. Насуперак перадвыбарчым апытаньням, ніводная сіла не атрымала пераважнай большасьці. Гэтыя апытаньні давалі Паўлу Латушку большасьць ці нават пераважную большасьць. Зараз стала ясна, што ён не набраў абсалютнай большасьці. На аднаасобнае кіраваньне КР мандата няма ні ў кога. Думаю, што гэта някепскі сцэнар для офісу Сьвятланы Ціханоўскай. Хоць іх сьпіс на чале з Аляксандрам Дабравольскім заняў 4 месца зь ня самым выразным вынікам. Але няма ніякай дамінуючай групы, трэба будзе дамаўляцца, каб праводзіць узгодненую палітыку ціску на офіс і на Кабінэт. Гэты чыньнік аслабляе магчымасьць КР уплываць на офіс, на Сьвятлану Ціханоўскую.
Але яшчэ больш гэтую магчымасьць аслабляе малая яўка. Калі б Латушка атрымаў нават 90% ад гэтых 6723 галасоў — гэта ня нешта такое, з чым Ціханоўская абавязаная была б лічыцца. Таму мяркую, што пераможцы кампаніі будуць паводзіць сябе адносна Ціханоўскай памяркоўна. Вадзім Пракопʼеў, дарэчы, казаў у сваіх выступах, што ня трэба нікога зрынаць, а Латушка — што ён саюзьнік Ціханоўскай. Яны могуць патаргавацца зь ёю за нейкую большую ролю ў фармаваньні Кабінэту, за больш шырокае прадстаўніцтва на міжнародных сустрэчах — у абмен на тое, што ня будуць нападаць на офіс. Але офіс не абавязаны да гэтага прыслухоўвацца, гэта цалкам залежыць ад яго, што ён выбера — уступаць у клінч з КР ці задобрываць Раду.
— Ці могуць вынікі выбараў у КР разглядацца як своеасаблівае онлайн-апытаньне? Яны ж таксама робяцца падобна — сярод тых, хто жадае ўдзельнічаць.
— Гэта, па сутнасьці, і было онлайн-апытаньне. Напярэдадні было онлайн-дасьледаваньне «Народнага апытаньня». Лічбы там былі крыху іншыя, але блізкія. І два першыя месцы тое апытаньне прадказала дакладна. Латушка атрымаў крыху менш, чым яму абяцала перадвыбарчае апытаньне. Але ягоныя прыхільнікі — больш сталага веку. Клікнуць за Латушку ў онлайн-апытаньні ім прасьцей, чым праходзіць даўгую працэдуру ўсталяваньня ў сябе выбарчай аплікацыі. Гэты чыньнік мог згуляць супраць яго. Гэтыя выбары паказалі настроі ядра палітызаванай часткі дыяспары. Сярод іх Латушка аказаўся найбольш эфэктыўным камунікатарам. Што было нескладана прадказаць, бо ён быў самай вядомай асобай на гэтых выбарах. Для некага быў важным ягоны чынавенскі бэкграўнд.
Аднак гэтае разьмеркаваньне галасоў мала што кажа пра разьмеркаваньні сымпатыяў да дзеячоў дэмакратычнага лягеру нават унутры дыяспары. Важныя актары ня ўдзельнічалі ў гэтых выбарах. Ні асабіста Ціханоўская, ні палітвязьні ў іх ня ўдзельнічалі. А яны маглі набраць больш, чым Латушка. Не было і прадстаўнікоў сілавога блёку, людзей з палку Каліноўскага ці з «Кібэрпартызанаў». Але з улікам гэтага, з гэтымі абмежаваньнямі, лідэрам аказаўся Латушка.
— Якой рэакцыі на выбары ў КР можна чакаць ад замежных партнэраў дэмсілаў? У тым ліку і ад тых, якія станоўча ставіліся да гэтага праекту.
— Зразумела, былі партнэры, донары, якія падтрымалі выбарчую кампанію. І сама КР знаходзіла сродкі на свой апарат. Нехта ў гэты праект верыў як у важны ўнёсак у плюралізм унутры дэмсілаў, у інклюзіўнасьць у палітычным дыялёгу. Але я ня думаю, што нехта зь іх можа быць задаволены такой яўкай. Самая кансэрватыўная ацэнка колькасьці дыяспары — 300–350 тысячаў чалавек. Ад дарослай часткі дыяспары тыя, хто ўзяў удзел у выбарах, — гэта якраз славутыя 3%. У якім праекце гэта можа лічыцца пасьпяховым індыкатарам? Пасьпяхова спрацавалі мэханізмы, выбарчая аплікацыя, ці з хібамі, але спрацавала самая выбарчая працэдура. Шмат за што можна крытыкаваць, але працэдура адбылася ад пачатку да канца.
Але ў якасьці альтэрнатывы выбарам унутры краіны... Любы разумны міжнародны партнэр разумее, што тут размова ідзе пра дыягназ, і дыягназ даволі сумны. Ён пра здольнасьць дэмсілаў мабілізоўваць нават тых, каго яны пазыцыянуюць як актыў — дыяспару. Гэты вынік паказвае, што дыяспара насамрэч не настолькі палітызаваная, як дэмсілам хацелася б.
Віталь Цыганкоў сёньня выказаў слушную думку, што ў некаторых кандыдатаў у КР падпісчыкаў у сацсетках больш, чым разам прагаласавала на гэтых выбарах. Яны ня здолелі мабілізаваць уласных падпісчыкаў і прыхільнікаў. Я б назваў такую яўку правальнай, калі б яна не была абумоўленая абʼектыўнымі фактарамі. Я ня бачу, што дэмсілы маглі б зрабіць інакш, каб яе кардынальна падвысіць.
— Ужо гучаць галасы, што самі гэтыя выбары былі дарэмнымі і нават шкоднымі. Улада і прыхільнікі Пазьняка і Цапкалы выказваліся так ад пачатку. Але я маю на ўвазе, у прыватнасьці, публікацыю ў «Нашай ніве» «Дарагая Каардынацыйная рада да абеду, або Што гэтыя выбары паказалі нават тупому» . Ваш урок № 2 з камэнтара на «Люстэрку» — «Апазыцыя здольная ствараць працэдуры, якія працуюць». На думку аўтара НН, лепш бы яна іх не стварала ў дадзеным выпадку. Вы ня згодны зь ягонымі аргумэнтамі?
— Калі я правільна разумею лёгіку таго артыкула, то, паводле яго, такая дэманстрацыя слабасьці дэмсілаў, малалікасьці іх актыву шкодзіць Ціханоўскай. Мне гэтая лёгіка ня вельмі блізкая. Калі яе разьвіваць пасьлядоўна, нам лепш ня ведаць, што адбываецца ў рэчаіснасьці, які рэальны чалавечы рэсурс ёсьць у дэмсілаў.
— Але можна ж сказаць, што гэта толькі вынік рэпрэсіяў, запалохваньня. А насамрэч рэсурс, кола прыхільнікаў значна большыя, чым гэтыя 6723.
— Можна. Але дыяспара ўсё ж нашмат большая, чым гэтая колькасьць. Тут важны прынцыповы момант. Ці разглядаем мы любы рух у дэмсілах, які ўскладняе Ціханоўскай працу — як сілу на шкоду Беларусі? Ад гэтага патыхае «важдзізмам». Усяго, што перашкаджае Сьвятлане Георгіеўне, нельга дапускаць? Ня ведаю. Я так ня думаю. Адбыўся карысны reality check, зьверка з рэальнасьцю, трэніроўка працэдур. Калі Ціханоўскай будзе складаней працаваць з гэтай рэальнасьцю, то, напэўна, па заслугах.
Я ня думаю, што нехта зь міжнародных партнэраў з прычыны гэтых выбараў кардынальна перагледзіць працу з дэмсіламі. Але калі супраца зь беларускімі дэмсіламі базавалася на ідэі, што за дэмсіламі дагэтуль стаяць сотні тысячаў актывістаў, гатовых ва ўсё ўключыцца, то я ня ўпэўнены, што варта паўтараць гэты міт і дзейнічаць гадамі, зыходзячы зь яго. Міталёгія прыводзіць да прыняцьця памылковых стратэгічных рашэньняў. Я лічу, што лепш шчырасьць і разуменьне, дзе мы знаходзімся, чым продаж паветраных замкаў.
Сьвятлане і яе камандзе трэба будзе тлумачыць такія вынікі, знаходзіць аргумэнты. Іх нескладана знайсьці, насамрэч. Але калі іхны пітч, «фішка» была ў тым, што большасьць па-ранейшаму з намі, проста прытаілася і чакае ў засадзе, і мы дагэтуль можам мабілізаваць усіх — я не лічу, што добра, калі яны на такім кані едуць. Гэты конь ужо мёртвы, і зь яго трэба злазіць.
— Ваш трэці ўрок выбараў — у апазыцыі аформіліся тры ідэйныя кірункі. Якія зь іх новыя? Якія блізкія да кірунку каманды Ціханоўскай?
— Адна плынь — гэта «меншавікі». Гэта сілы, якія кажуць, што нам зараз не да перамогі, не да дэакупацыі, трэба займацца рэчамі, якімі мы яшчэ можам займацца — размаўляць з рэжымам, вызваляць палітвязьняў цаной саступак, забясьпечваць мабільнасьць насельніцтва, візы. У гэтай плыні ёсьць розныя людзі, ня ўсе зь іх падзяляюць усе гэтыя пункты. Але ў цэлым гэта такі мінімалістычны падыход, што дэмсілы мусяць рабіць. Выбары паказалі, што сілы такога кірунку ёсьць, яны на выбарах атрымалі някепскія вынікі.
Другая плынь — гэта сілавы блёк. Можна назваць гэтых людзей радыкаламі, але мне ня блізкае такое апісаньне. Яны ўсе кажуць, што аддаюць перавагу мірным сцэнарам. Але яны проста ня вераць у мірныя сцэнары, яны ня вераць, што такую праблему, як Лукашэнка і Расея, якая яго падтрымлівае, можна вырашыць мірнымі сродкамі ці санкцыямі. Яны больш факусуюцца на сілавых дзеяньнях і акцыях прамога дзеяньня.
І ёсьць вялікае поле пасярэдзіне. Прадстаўнікі гэтай трэцяй плыні часьцей крытыкуюць адзін аднаго. Але насамрэч іх падыходы падобныя. Яны выступаюць за ціск на рэжым. Гэтая плынь лічыць, што на сілавое зрынаньне сілаў няма, а ў перамовы яны ня вераць. І падыход — рабіць тое, што рабілася і робіцца, толькі лепш. Прэтэнзіі і Пракопʼева, і Латушкі да Ціханоўскай — гэта рабіць тое, што яна робіць, але больш, лепш, больш мудра і стратэгічна. А па факце стратэгічных супярэчнасьцяў няма.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум