Забарона пачала дзейнічаць у траўні. Пра новаўвядзеньні паведаміў тэлеграм-канал MAYDAY.TEAM.
«Махровыя ручнікі (памерам да 70х140 см) забароненыя ў ПК-15 з пачатку траўня, хаця ў іншыя калёніі яны трапляюць без праблем», – піша тэлеграм-канал. З чым зьвязаная забарона, невядома.
Інфармацыю пра забарону махровых ручнікоў у гэтай калёніі пацьвердзіла і крыніца Свабоды. Але, паводле яе, забарона датычыць новых перадач, старыя махровыя ручнікі ад вязьняў не забіраюць.
Іншая крыніца (былы вязень магілёўскай калёніі №15) Аляксандар расказаў Свабодзе, якая сытуацыі была з ручнікамі ў 2023 годзе, калі ён выйшаў на волю.
«Штотыднёва выдавалі па два вафэльныя ўціральнікі, якія абменьвалі на чыстыя ў лазьневы дзень. Плюс дазвалялі мець махровыя ручнікі – каб выцірацца пасьля лазьні альбо пасьля душу. Такіх ручнікоў можна было праносіць у калёнію максымум два, але памеру іх не абмяжоўвалі. Галоўнае, каб яны захоўваліся разам з усімі рэчамі ў адмысловым пакоі, а не віселі каля ложка. Але ад сваякоў падчас спатканьняў можна было атрымаць дадаткова адзін-два вялікія махровыя ручнікі, і гэтак шмат хто рабіў.
А навошта цяпер увялі абмежаваньні? Мяркую, толькі для таго, каб вязьні не пачуваліся больш камфортна, каб не забывалі, што яны ня дома. Але ж ясна, што гэтая забарона толькі для навічкоў будзе дзейнічаць, а ў тых, хто ўжо мае вялікія махровыя ручнікі, наўрад ці будуць мераць іх і забіраць тыя, якія 70 на 140 сантымэтраў», — мяркуе Аляксандар.
Паводле былога вязьня ПК-15, частковая зьмена бытавых правілаў у калёніі — звычайная рэч.
«Інакш як адміністрацыі і ахове дэманстраваць сваю ўладу над зэкамі? Толькі праз правіла: было так, а цяпер будзе гэтак! Не абмяркоўваць, а выконваць!»
Форум