Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 29 траўня: новы працэс над палітвязьнем Тарасевічам за «абразу» Лукашэнкі; затрымалі актора ТЮГа

абноўлена

Судовая заля. Ілюстрацыйнае фота
Судовая заля. Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

29 траўня 2024 году пачынаецца новы суд над Міхаілам Тарасевічам. Палітзьняволены адбывае пакараньне ў 6 гадоў калёніі ў наваполацкай ПК № 1. Цяпер яго абвінавачваюць яшчэ паводле трох артыкулаў — «Распальваньне варожасьці» (ч. 1 арт. 130 КК), «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «Абраза прэзыдэнта» (ч. 1 арт. 368 КК).

На 19 чэрвеня 2024 году заплянаваны яшчэ адзін суд над ім аб «кампэнсацыі маральнай шкоды ў справах гонару і годнасьці». Пазоўнікам указаны Ўладзімер Казлоўскі — міліцыянт з Горадні, які ўдзельнічаў у правакацыі супраць Сяргея Ціханоўскага.

Траіх сяброў абвінавачваюць паводле 5 крымінальных артыкулаў за чат, у якім яны перапісваліся паміж сабой

Эдуард Кашэцян — 32-гадовы мянчук з армянскімі каранямі, працаваў хірургам-стаматолягам у 4-й гарадзкой стаматалягічнай паліклініцы. Яго затрымалі ў верасьні 2023-га за чат, у якім ён зь сябрамі абмяркоўваў розныя падзеі. Імаверна, тады ж затрымалі і дваіх ягоных сяброў — 33-гадовага Ўладзімера Алісіевіча і 34-гадовага Андрэя Валахановіча, паведамляе «Наша Ніва».

Цяпер іх абвінавачваюць паводле пяці крымінальных артыкулаў:

  • «распальваньне варажнечы групай асобаў або зь цяжкімі наступствамі» (ч. 3 арт. 130 КК),
  • «дыскрэдытацыя Беларусі» (арт. 369-1 КК),
  • «рэабілітацыя нацызму, зьдзейсьненая групай асобаў або зь цяжкімі наступствамі» (ч. 3 арт. 130-1 КК),
  • «удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК),
  • «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК).

Сябрам пагражае ад 5 да 12 гадоў калёніі. Суд над мужчынамі пачнецца 7 чэрвеня ў Менскім гарадзкім судзе.

Сілавікі затрымалі актора Тэатру юнага гледача

Сьцьвярджаецца, што ён быў падпісаны на «экстрэмісцкія» рэсурсы і прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце пляну «Перамога», паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Паводле інфармацыі сайту «Медиазона», затрыманы — Аляксандар Гладкі, ён актор Тэатру юнага гледача. На відэа сілавікоў Аляксандар сядзіць перад камэрай у кайданках, расказвае, што працуе ў тэатры і што ўдзельнічаў у 2020 годзе ў акцыях пратэсту ў Менску, прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце пляну «Перамога».

Аляксандар Гладкі выконваў галоўную ролю Андрэя Беларэцкага ў спэктаклі «Дзікае паляваньне караля Стаха» паводле Караткевіча.

Што менавіта ставяць у віну Гладкаму, невядома, аднак на відэа сілавікоў ён кажа, што затрыманы ў адміністрацыйнай і крымінальнай справах.

У Магілёве былога палітвязьня арыштавалі зноў — за «паклёп» на Лукашэнку

У судзе Ленінскага раёну Магілёва 31 мая пачнецца судовы працэс супраць Паўла Белаголава. Яго абвінавачваюць у «паклёпе на Аляксандра Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК РБ). Справу будзе разглядаць судзьдзя Тацяна Рахманенка, якая неаднаразова выносіла палітычна матываваныя прысуды, піша Mayday.team.

Павел Белаголаў — былы палітвязень. У жніўні 2022 году суд Дрыбінскага раёну асудзіў яго на 2 гады і 6 месяцаў пазбаўленьня волі за «абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК), а таксама за «распальваньне сацыяльнай варожасьці» (арт. 130 КК) па так званай «справе Зельцара».

Вызваліўся Белаголаў у кастрычніку 2023 году. Пакараньне ён адбываў у ПК-1 Наваполацку.

У лютым 2024 году над ім адбыўся суд у адміністрацыйнай справе. Тады судзьдзя суду Ленінскага раёну Натальля Панасенка прызнала яго невінаватым у «распаўсюджваньні экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП РБ).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG