Былы кіраўнік віцебскай суполкі БНФ ня выйшаў на волю, на яго завялі крымінальную справу
Былога кіраўніка віцебскай суполкі БНФ Юзафа Дулебу пасьля 15 дзён арышту перавялі ў СІЗА, паведамляе «Віцебская Вясна».
Яго затрымалі 7 траўня, правялі дома ператрус і забралі аргтэхніку. Спачатку суд арыштаваў яго на 15 дзён паводле адміністрацыйнага артыкула — за падпіскі на «экстрэмісцкія рэсурсы» (ч.2 арт. 19.11 КаАП), пішуць праваабаронцы. Па заканчэньні тэрміну Дулеба ня выйшаў на волю — яго перавялі ў СІЗА і выставілі яму крымінальнае абвінавачаньне, зьвязанае з «удзелам у дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня».
У 1990-я Дулеба кіраваў віцебскай гарадзкой партыйнай структурай БНФ, на пачатку 2000-х адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасьці. Яго затрымлівалі падчас пратэстаў у 2020 годзе. Пасьля падзеяў 2020 году Язэп Дулеба на некаторы час выехаў ва Ўкраіну, але потым вярнуўся ў Беларусь. Ён заўсёды цікавіўся палітыкай, камэнтаваў у сацсетках значныя грамадзкія падзеі, шмат камунікаваў зь вядомымі ў Беларусі асобамі.
Сілавікі затрымалі сямейную пару зь Берасьця
Праўладны тэлеграм-канал, блізкі да сілавікоў, апублікаваў відэа пра затрыманьне мужа і жонкі. Паводле інфармацыі «Медиазоны», гаворка ідзе пра Кацярыну і Аляксандра Сергіевічаў зь Берасьця. Маці жанчыны раней асудзілі за абразу Лукашэнкі.
На камэру затрыманая кажа, што сілавікі прыйшлі да іх дадому, каб затрымаць мужа за тое, што ён «у 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах». У самой Сергіевіч у Telegram заўважылі перапіску з праваабарончым цэнтрам «Вясна» — туды яна зьвярталася, калі арыштоўвалі яе маці.
У відэа сілавікоў Аляксандар кажа, што падчас пратэстаў «апынуўся ня ў той час ня ў тым месцы». Аўтары роліка паказваюць яго фатаздымак падчас акцыяў на праспэкце Машэрава ў Берасьці.
Мяркуючы па сацсетках Кацярыны, яна працуе web-дызайнэрам.
У Сергіевічаў ёсьць 8-гадовая дачка.
Віцябляніну прысудзілі 3,5 года калёніі і 1600 рублёў штрафу
21 траўня 2024 году ў Віцебскім абласным судзе вынесьлі прысуд Сяргею Высоцкаму, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Яго прызналі вінаватым паводле арт. 361-1 («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім») Крымінальнага кодэксу і асудзілі на 3,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама ён мусіць выплаціць штраф у памеры 400 базавых велічыняў (1600 рублёў).
Апроч гэтага, у Сяргея канфіскавалі ў даход дзяржавы тэлефон — як «сродак зьдзяйсьненьня злачынства».
Яго прызналі вінаватым у «падрыхтоўцы ўваходжаньня асобы ў склад экстрэмісцкага фармаваньня ў мэтах зьдзяйсьненьня злачынства экстрэмісцкай накіраванасьці». Іншыя падрабязнасьці справы і суду над Сяргеем Высоцкім невядомыя: суд праходзіў у закрытым рэжыме.
Прысуд вынес судзьдзя Аляксандар Абашын.
Кіраўніка вытворчасьці Conte затрымалі за два плякаты ў офісе
На апублікаваным у набліжаным да сілавікоў тэлеграм-канале відэа мужчына кажа, што павесіў у сваім офісе на дошцы аб'яваў плякат «Не вайне», а на інфармацыйнай дошцы быў разьмешчаны плякат «Слава вытворчасьці! Героям слава».
Аўтары рэсурсу называюць гэта «нацысцкай агітацыяй».
Сьцьвярджаецца, што пра мужчыну ў органы паведамілі працаўнікі прадпрыемства.
Форум