Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дачка палітзьняволенай Гнаўк пакінула Беларусь з траімі дзецьмі


Аляксандра Семянюк і трое яе дзяцей (фота BySol)
Аляксандра Семянюк і трое яе дзяцей (фота BySol)

На яе завялі справу пасьля так званага «прадуктовага» рэйду 23 студзеня.

Аляксандра Семянюк — дачка палітзьняволенай Алены Гнаўк — пакінула Беларусь разам з траімі дзецьмі праз палітычны перасьлед, паведамляе «Позірк».

Цяпер сям’я знаходзіцца ў Польшчы, для яе падтрымкі фонд салідарнасьці BySol абвясьціў збор сродкаў.

«Раніцай 23 студзеня 2024 году я прачнулася ад стуку ў дзьверы, — цытуе фонд Семянюк. — Для мяне быў шок, калі я зразумела, што да мяне прыйшлі з ператрусам. Канфіскавалі некалькі маміных лістоў, яе штодзёньнік і забралі мой тэлефон, а мяне адвезьлі на шасьцігадзінны допыт у КДБ».

Паводле жанчыны, з КДБ яе даставілі ў Сьледчы камітэт, дзе паведамілі пра крымінальную справу паводле арт. 361 КК (заклікі да захадаў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі).

Прычынай перасьледу стала дапамога ад праваабарончай ініцыятывы Dissidentby, удакладніла дачка палітзьняволенай.

Семянюк вызвалілі пасьля трох дзён у ізалятары, дзе, на яе думку, «створаныя ўмовы, каб зламаць і здушыць чалавека».

«З ІЧУ я выйшла з разуменьнем, што была вельмі бестурботная ў сваёй краіне, нягледзячы на ўсё тое, што мы прайшлі з мамай. Я ўсьвядоміла, што ў любы момант мае дзеці могуць застацца без маці. Рашэньне ехаць я прымала цяжка, выплакала мора сьлёз, але ўсё ж наважылася пакінуць з дзецьмі Беларусь. Я пакінула ўсё, што мне было дорага: бацькоўскі дом, маёмасьць, сяброў, блізкіх. Але мне важна было выратаваць сябе і сваіх дзяцей. Зь мінімальнай колькасьцю грошай і рэчаў у красавіку 2024 году мы пакінулі Беларусь. Сам пераезд я ад хваляваньня і страху дрэнна памятаю, але ўсё склалася шчасна, і мы цяпер у бясьпецы», — сказала Семянюк.

Цяпер яна зь дзецьмі знаходзіцца ў шэлтэры для беларускіх палітэмігрантаў.

67-гадовая Алена Гнаўк — грамадзкая актывістка з Пружанаў (Брэсцкая вобласьць). У 2021 годзе яе асудзілі па так званай «карагоднай справе» паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) на 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Пазьней тэрмін быў павялічаны на 1 год у рамках новай справы паводле ч. 1 арт. 368 КК (абраза прэзыдэнта).

11 студзеня 2022 года Гнаўк затрымалі ў чарговай крымінальнай справе і прыгаварылі за камэнтары ў сацсетках да 3,5 года пазбаўленьня волі паводле арт. 367 КК (паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта) і арт. 3691 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).

28 красавіка 2023 года суд Чыгуначнага раёна Гомля прызначыў палітзьняволенай яшчэ 1 год пазбаўленьня волі за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы» (арт. 411 КК).

Пэнсіянэрка адбывае тэрмін у гомельскай жаночай папраўчай калёніі №4. Са студзеня сваякі ня маюць зь ёй сувязі і не атрымліваюць пра яе ніякай інфармацыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG