Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азарава пазбавілі доступу да чат-бота пляну «Перамога». У ByPol пракамэнтавалі выбарчую агітацыю праз чат-бот


Пасьля агітацыйнай рассылкі праз чат-бот пляну «Перамога», ініцыяванай ByPol, кіраўніка аб'яднаньня Аляксандра Азарава пазбавілі доступу да чат-бота. У ByPol пракамэнтавалі рассылку.

Паведамленьні з заклікам галасаваць за сьпіс Азарава на выбарах новага складу Кардынацыйнай рады зарэгістраваныя ў пляне «Перамога» людзі пачалі масава атрымліваць зь вечара 21 траўня. Сам Азараў пацьвердзіў, што рассылка ня фэйкавая і што яе ініцыяваў ByPol. Рассылка выклікала шырокую дыскусію ў сацсетках у сувязі з тым, што за ўзаемадзеяньне з плянам «Перамога» беларусам унутры краіны можа пагражаць адказнасьць.

Сьвятлана Ціханоўская заявіла ў камэнтары «Люстэрку», што рассылка не была ўзгодненая ні зь яе Офісам, ні з Аб’яднаным пераходным кабінэтам і назвала яе «злоўжываньнем, якое можа паставіць пад пагрозу людзей унутры краіны».

Паводле Ціханоўскай, кіраўніка ByPol Аляксандра Азарава пазбавілі доступу да чат-бота «да высьвятленьня абставінаў».

Аб’яднаньне беларускіх сілавікоў ByPol выступіла з афіцыйным камэнтаром па сытуацыі, у якім заявіла, што «ніколі не хавала: лічбы тых, хто запісаўся ў Плян „Перамога“ і тых, хто пацьвердзіў сваю гатоўнасьць да актыўнага супраціву, адрозьніваюцца» і што апошніх «перавялі ў іншыя каналы камунікацый у мэтах бясьпекі».

Аднак, адзначылі ў ByPol, у чат-боте пляна «Перамога» засталіся «дзясяткі і дзясяткі тысяч неабыякавых беларусаў», таму аб’яднаньне вырашыла зьвярнуцца да гэтай аўдыторыі з заклікам удзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную Раду, «бо ўцягнутасьць беларусаў у першыя дэмакратычныя выбары ў XXI стагодзьдзі — важны сыгнал і ўсім нам, і міжнароднай супольнасьці аб тым, наколькі беларусы не „перавярнулі старонку“ з 2020 году, наколькі яны па-ранейшаму адданыя ідэям дэмакратычных пераменаў у Беларусі».

«Менавіта таму для прыцягненьня ўвагі войска неабыякавых беларусаў да такіх важных для ўсяго беларускага дэмакратычнага руху выбараў быў скарыстаны чат-бот пляну „Перамога“», — заявілі ў абʼяднаньні, адзначыўшы, што СМІ, на іх думку, «не праявілі такой жа актыўнасьці ў асьвятленьні тэмы выбараў», як у асьвятленьні сытуацыі з рассылкай.

Таксама ў абʼяднаньні апублікавалі інструкцыю для тых, хто хоча бясьпечна выдаліць чат-бот пляну «Перамога».

  • Плян «Перамога» быў створаны ў канцы траўня 2021 году колішнімі супрацоўнікамі беларускіх спэцслужбаў, якія адмовіліся падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку пасьля фальсыфікацыі вынікаў выбараў і жорсткага разгону акцый пратэсту ў 2020 годзе. Плян прадугледжваў мабілізацыю грамадзян, каб папярэдзіць правакацыі і дапамогу нелегітымнай уладзе Лукашэнкі з боку суседніх дзяржаў і не дапусьціць разьвязаньня ўнутранага канфлікту ў Беларусі. Азараў раней казаў, што ў чат-бот пляну «Перамога» зьвярнулася каля 200 тысяч чалавек.
  • Выбары ў Каардынацыйную раду 3-га скліканьня пройдуць 25–27 траўня 2024 году. Ужо зьявілася спэцыяльная мабільная праграма для выбараў, яна будзе даступная толькі за мяжой.
  • Тым часам Сьледчы камітэт Беларусі завёў крымінальную справу на ўсіх 257 удзельнікаў выбараў у Каардынацыйную раду. Іх абвінавачваюць паводле чатырох крымінальных артыкулаў, у тым ліку ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG