Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ByPol рассылае выбарчую агітацыю ўдзельнікам пляну «Перамога». Што кажа Азараў


Зарэгістраваныя ў пляне «Перамога» людзі пачалі атрымліваць паведамленьні ад аб’яднаньня беларускіх сілавікоў ByPol з заклікам удзельнічаць у выбарах новага складу Кардынацыйнай рады і галасаваць за сьпіс, які ўзначальвае кіраўнік ByPol Аляксандар Азараў.

Як заўважылі СМІ, масавая рассылка пачалася ўвечары 21 траўня. У ёй заклікаюць галасаваць на выбарах у Каардынацыйную раду за выбарчы сьпіс №5 «Закон і парадак», лідэрам якой зьяўляецца Аляксандар Азараў. Пакуль невядома, ці ўсе ўдзельнікі пляну «Перамога» атрымалі паведамленьне.

Варта адзначыць, што за ўзаемадзеяньне з плянам «Перамога» беларусам унутры краіны можа пагражаць адказнасьць, ажно да крымінальнай, і атрыманьне такога паведамленьня ў непадыходзячы момант можа сур'ёзна падставіць чалавека.

Сам Азараў пацьвердзіў «Белсату», што рассылка ня фэйкавая і што яе ініцыяваў ByPol. На ўдакладняльнае пытаньне, ці ня мае такое дзеяньне прыкметы выкарыстаньня грамадзкай плятформы ў агітацыйных мэтах адной палітычнай групы, ён паабяцаў даць афіцыйны адказ пазьней.

«Мы рэгулярна праводзім рассылку, — напісаў Азараў у адным з публічных чатаў. — Чаго так усе нашы хэйтары перапалохаліся? Павылазілі з усіх шчылін і пырскаюць сьлінай».

Пазьней аб’яднаньне беларускіх сілавікоў ByPol выступіла з афіцыйным камэнтаром, у якім заявіла, што «лічбы тых, хто запісаўся ў плян „Перамога“, і тых, хто пацьвердзіў сваю гатоўнасьць да актыўнага супраціву, адрозьніваюцца» і што апошніх «перавялі ў іншыя каналы камунікацый у мэтах бясьпекі». Аднак, адзначылі ў ByPol, у чат-боце пляну «Перамога» засталіся «дзясяткі і дзясяткі тысяч неабыякавых беларусаў», таму аб’яднаньне вырашыла зьвярнуцца да гэтай аўдыторыі з заклікам удзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную раду.

Сьвятлана Ціханоўская заявіла ў камэнтары «Люстэрку», што рассылка праз чат-бот пляну «Перамога» не была ўзгодненая ні зь яе Офісам, ні з Аб’яднаным пераходным кабінэтам, і назвала яе «злоўжываньнем, якое можа паставіць пад пагрозу людзей унутры краіны».

Паводле Ціханоўскай, Азарава пазбавілі доступу да чат-боту «да высьвятленьня абставінаў».

«Пасьля рассылкі паведамленьня Аляксандар Азараў быў пазбаўлены доступу да чат-боту да высьвятленьня абставінаў. Адзначу, што чат-бот ня тое самае, што плян „Перамога“. Гэта найперш інструмэнт для камунікацыі ў надзвычайных сытуацыях».

  • Плян «Перамога» быў створаны ў канцы траўня 2021 году колішнімі супрацоўнікамі беларускіх спэцслужбаў, якія адмовіліся падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку пасьля фальсыфікацыі вынікаў выбараў і жорсткага разгону акцый пратэсту ў 2020 годзе. Плян прадугледжваў мабілізацыю грамадзян, каб папярэдзіць правакацыі і дапамогу нелегітымнай уладзе Лукашэнкі з боку суседніх дзяржаў і не дапусьціць разьвязаньня ўнутранага канфлікту ў Беларусі. Азараў раней казаў, што ў чат-бот пляну «Перамога» зьвярнулася каля 200 тысяч чалавек.
  • Выбары ў Каардынацыйную раду 3-га скліканьня пройдуць 25–27 траўня 2024 году. Ужо зьявілася спэцыяльная мабільная праграма для выбараў, яна будзе даступная толькі за мяжой.
  • Тым часам Сьледчы камітэт Беларусі завёў крымінальную справу на ўсіх 257 удзельнікаў выбараў у Каардынацыйную раду. Іх абвінавачваюць паводле чатырох крымінальных артыкулаў, у тым ліку ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG