Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нарвэскі ПЭН прыняў у ганаровыя сябры Алеся Бяляцкага


Алесь Бяляцкі, архіўнае фота
Алесь Бяляцкі, архіўнае фота

15 траўня на гадавым сходзе Нарвэскага ПЭНу, філіі ўсясьветнага абʼяднаньня пісьменьнікаў за свабоду слова, у яго ганаровыя сябры ўрачыста прынялі зьняволенага праваабаронцу Алеся Бяляцкага.

З абгрунтаваньнем прапановы выступіў Ёрген Фрыднэс, генэральны сакратар Нарвэскага ПЭНу, ён жа старшыня Нарвэскага Нобэлеўскага камітэту.

«Мы ганарымся тым, што падтрымліваем Алеся ў ягонай працы на карысьць дэмакратыі ў Беларусі», – заявіла Анн-Маргрыт Эўстэно, старшыня Нарвэскага ПЭН.

На сходзе паказалі фрагмэнты фільму «Беларусь: апошняя дыктатура ў Эўропе» пра Алеся Бяляцкага з сэрыі шасьці стужак аб праваабаронцах «Сэрца, якое ніколі не памрэ» (рэжысэры Эрлінг Борген і Том Гайнэман).

На сходзе выступіла жонка Бяляцкага Натальля Пінчук.

Яна падзякавала нарвэскім творцам і нарвэскаму грамадзтву за разуменьне і падтрымку свабодалюбных памкненьняў беларусаў. Натальля Пінчук расказала пра жыцьцёвы шлях Алеся Бяляцкага, які яшчэ ў пачатку 1980-х памнажаў тэксты беларускіх пісьменьнікаў і публіцыстаў, забароненыя ў СССР, і выпускаў зь сябрамі ўласныя самвыдавецкія часопісы, а ў 1986 годзе, упершыню за пасьляваенны час у савецкай Беларусі, кінуўшы выклік манаполіі камуністычнай улады, Алесь з аднадумцамі стварылі літаратурнае згуртаваньне «Тутэйшыя» дзеля свабоды беларускага мастацкага слова.


«У кароткі час адноснай свабоды Алесь знаходзіў і вяртаў у літаратурную прастору імёны і творы пісьменьнікаў, рэпрэсаваных ці штучна забытых у СССР. Дасьледаваў новую беларускую літаратуру пачатку ХХ стагодзьдзя як складнік адраджэньня мадэрнай беларускай нацыі. Але гісторыя апісала змрочную пятлю — і ў Беларусь зноў прыйшла дыктатура. Алесь без ваганьняў усклаў на сябе місію праваабаронцы», — нагадала Натальля Пінчук.

Яна расказала нарвэскім творцам пра палітычных зьняволеных у Беларусі, у тым ліку пісьменьнікаў і журналістаў.

«Ня ведаю, калі ўдасца перадаць Алесю вестку пра гонар, які аказаў яму Нарвэскі ПЭН. Але яна засьведчыць, што пра яго помніць супольнасьць творцаў і ўвесь свабодны сьвет. Пакажа яна і ўладам, што ў сьвеце Беларусь не забытая, пра Бяляцкага памятае Нарвэгія, на зямлі якой ён атрымаў годнасьць нобэлеўскага ляўрэата», — сказала Натальля Пінчук і запатрабавала вызваленьня беларускіх палітычных вязьняў без усякіх умоваў.

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
  • Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG