Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сэнаце Польшчы адкрылі выставу пра Алеся Бяляцкага. ФОТА


Старшыня Сэнату Польшчы Малгажата Кідава-Блоньска на адкрыцьці выставы
Старшыня Сэнату Польшчы Малгажата Кідава-Блоньска на адкрыцьці выставы

8 траўня ў верхняй палаце польскага парлямэнту адкрылі выставу, прысьвечаную палітзьняволенаму беларускаму праваабаронцу, нобэлеўскаму ляўрэату Алесю Бяляцкаму. Выстава арганізаваная «Беларускім домам» у Варшаве, піша «Позірк».

«У мяне такое ўражаньне, што Беларусь ператварылася цяпер у турму для беларусаў і прытулак для расейскіх агентаў, — заявіла старшыня Сэнату Польшчы Малгажата Кідава-Блоньска на адкрыцьці выставы. — Гэтая пагроза нашай свабодзе і дэмакратыі ёсьць увесь час. І мы адчуваем гэта ўсё больш і больш, у прыватнасьці, дадаткова перад абліччам вайны ва Ўкраіне».

На выставе, прысьвечанай Алесю Бяляцкаму
На выставе, прысьвечанай Алесю Бяляцкаму

Яна адзначыла, што Алесь Бяляцкі атрымаў прысуд за тое, што «хацеў свабоднай, дэмакратычнай Беларусі», змагаўся за тое, каб Беларусь стала «краінай, дзе кожны можа адчуваць сябе ў бясьпецы, рэалізоўвацца», бо для яго заўсёды найважнейшым былі правы людзей, годнасьць чалавека. Яна назвала Алеся Бяляцкага «героем усёй Эўропы, а можна сказаць, і ўсяго сьвету».

На выставе
На выставе
На выставе
На выставе
На выставе
На выставе

Ініцыятарам правядзеньня выставы выступіў старшыня камісіі ў замежных справах Сэнату Польшчы Гжэгаж Схетына. Ён назваў Бяляцкага «знакам вольнай Беларусі» і паабяцаў, што Польшча «заўсёды будзе падтрымліваць апазыцыю ў Беларусі, тых, хто змагаецца за грамадзянскія правы, правы чалавека».

На выставе
На выставе

Намесьнік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі, кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» Павал Латушка на адкрыцьці выставы адзначыў, што рэжым Лукашэнкі «ператварае Беларусь у адну вялікую турму і вайсковую базу».

«Можа, сьвет выглядае цяпер так, таму што ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру можна на вачах ва ўсяго сьвету пасадзіць у турму і не панесьці за гэта ніякай адказнасьці? Можа, выглядае так, [таму што] можна проста кінуць за краты, катаваць, гвалтаваць, забіваць тысячы нявінных людзей і не панесьці за гэта ніякай адказнасьці? У мяне ўзьнікае пытаньне: можа, сьвет баіцца Лукашэнкі?» — адзначыў ён.

  • У 1996 годзе Алесь Бяляцкі заснаваў беларускі праваабарончы цэнтар «Вясна», які сёньня можа працаваць толькі з эміграцыі.
  • У 2022 годзе Бяляцкі стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру разам з расейскім НДА «Мемориал» і ўкраінскім «Центром громадянських свобод».
  • Праваабаронцу Алеся Бяляцкага і ягоных калег арыштавалі 14 ліпеня 2021 году. 3 сакавіка 2023 году ў межах палітычна матываванай справы старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» быў асуджаны да 10 гадоў пазбаўленьня волі.
  • 21 сьнежня 2023 году міжнародная юрыдычная група, якая займаецца сытуацыяй зь Бяляцкім, падала пэтыцыю ў працоўную групу ААН па адвольных затрыманьнях. На думку юрыстаў, праваабаронцу пратрымалі «безь якіх-небудзь юрыдычных падставаў» 17 месяцаў, перш чым ён стаў перад судом. Акрамя таго, судовы працэс «быў азмрочаны абуральнымі парушэньнямі належнай прававой працэдуры». Адзначалася, што «з моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны са сваёй сям’ёй, адвакатам і навакольным сьветам».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG