Грамадзянка Беларусі, якая жыве ў адным з населеных пунктаў Валынскай вобласьці, стварыла адмысловы Telegram-канал, празь які дапамагала грамадзянам прызыўнога ўзросту пазьбягаць мабілізацыі ва Ўзброеныя сілы Ўкраіны.
Праваахоўныя органы Ўкраіны ідэнтыфікавалі яе ў чэрвені 2024 году і выставілі абвінавачаньні паводле ч.1 артыкулу 114-1 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — перашкаджаньне законнай дзейнасьці Ўзброеных сіл Украіны і іншых вайсковых фарміраваньняў. Гэтыя дзеяньні караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 5 да 8 гадоў.
Як вынікае з судовага рашэньня, якое мае ў сваім распараджэньні Свабода, на час дасудовага расьледаваньня беларуску не затрымлівалі, а 13 лістапада суд абвясьціў вырак.
У абвінавачаньні адзначалася, што беларуска публікавала ў Telegram-канале, на які былі падпісаныя амаль 1 тысяча чалавек, інфармацыю аб месцах і часе азнаходжаньня прадстаўнікоў Тэрытарыяльнага цэнтру камплектаваньня і сацыяльнай падтрымкі (аналяг беларускіх ваенкаматаў. — РС) у населеных пунктах Камінь-Кашырскага раёну Валынскай вобласьці і ўручалі павесткі ў войска. Пры гэтым, уся апублікаваная інфармацыя, уключна нават з нумарамі машын тэрытарыяльнага цэнтру, адпавядала рэчаіснасьці.
Такім чынам, паводле сьледзтва, грамадзянка Беларусі папярэджвала тых, хто пазьбягаў мабілізацыі, і перашкаджала законнай дзейнасьці Ўзброеных сіл у асаблівы пэрыяд — ваеннага становішча.
У верасьні сьледчы прапанаваў ён пайсьці на дамову з сьледзтвам і прызнаць сваю віну, каб пазьбегнуць максымальнага пакараньня. 13 лістапада суд прызнаў, што беларуска добраахвотна пагадзілася на прапанову сьледчага і прызначыў пакараньне ў выглядзе прабацыйнага нагляду цягам трох гадоў.
На рашэньне суда таксама, імаверна, паўплывала тое, што беларуска мае трох малалетніх дзяцей.
У судовым рашэньні таксама адзначаецца, што асуджаная нарадзілася ў вёсцы Дубраўцы Камянецкага раёну Берасьцейскай вобласьці, мае грамадзянства Беларусі, поўную сярэднюю адукацыю, раней не была асуджанай, цяпер не працуе.
Што такое прабацыйны нагляд
Украінскае заканадаўства вызначае прабацыйны нагляд, як адзін зь відаў крымінальнага пакараньня.
Гэтае пакараньне прадугледжвае абмежаваньне праў і свабод асуджанага, якія вызначаюцца ў выраку.
У гэтым выпадку суд абавязаў беларуску пэрыядычна зьяўляцца для рэгістрацыі ў ўпаўнаважаны орган у пытаньнях прабацыі, паведамляць аб зьменах месца пражываньня, працы або навучаньня і не выяжджаць за межы Ўкраіны без пагаджэньня з органам прабацыі.
Сярод іншых абмежаваньняў суд можа абавязаць асуджанага ўладкавацца на працу або прымусіць лекавацца ад залежнасьцяў ці ў сувязі з псыхічнымі захворваньнямі, забараніць кантактаваць з пэўнымі грамадзянамі. Апроч таго, суд можа абавязаць асуджанага насіць электронны бранзалет, які дапамагае дыстанцыйна адсочваць усе перамяшчэньні асуджанай або падазраванай асобы.
Згодна з заканадаўствам Украіны, суд можа вызначаць прабацыйны нагляд для правапарушальніка на тэрмін ад аднаго да пяці гадоў, а датычна непаўналетніх — ад аднаго да двух гадоў.
Форум