Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прызналі палітвязьнем праўладнага блогера, які сьведчыў супраць Судаленкі і рабіў правакацыі на акцыі Статкевіча


Яўген Катляроў, архіўнае фота
Яўген Катляроў, архіўнае фота

На сайце праваабарончага цэнтру «Вясна» зьмешчаная сумесная заява праваабаронцаў, у якой яшчэ 13 грамадзян Беларусі прызналі палітвязьнямі.

Беларускія праваабаронцы разглядаюць іх перасьлед і пазбаўленьне волі «палітычна матываваным, зьвязаным зь мірнай рэалізацыяй выказваньня меркаваньня», і патрабуюць ад уладаў Беларусі іх неадкладна вызваліць.

Пад нумарам 11 у сьпісе з 13 новых палітвязьняў значыцца жыхар Гомля Яўген Катляроў, вядомы таксама як блогер «Какойта». Сёлета суд Навабеліцкага раёну Гомля прызнаў Катлярова вінаватым у дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь і абразе прадстаўніка ўлады. Катляроў асуджаны на 1,5 года зьняволеньня.

«Ён палітвязень са знакам «правакатар»

Шмат хто ў Беларусі лічыць, што Яўген Катляроў, які зарабляў на жыцьцё працай дальнабойніка, таксама займаўся палітычнымі правакацыямі.

Гэтак думае і праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка, які ў 2022 годзе быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня нібыта за «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», то бок палітычных пратэстаў.

Леанід Судаленка прыгадаў, што менавіта Яўген Катляроў сьведчыў у ягонай крымінальнай справе.

«Гэта на падставе ягоных паказаньняў (што нібыта я даваў грошы на пратэсты, арганізоўваў і накіроўваў) мяне асудзілі. Прычым я ў судзе яго ня бачыў: абвясьцілі, што ён у камандзіроўцы, і зачыталі тыя паказаньні. Я патрабаваў перапынку і каб яго выклікалі і дапыталі пры мне, але судзьдзя адмовіў. А з матэрыялаў справы вынікала, што паказаньні супраць мяне Катляроў даў ужо на наступны дзень пасля майго затрыманьня, калі яшчэ мяне трымалі ў ІЧУ і справы не было. Потым Катляроў сьцьвярджаў, што яго прымусілі лжэсьведчыць. Ёсьць пратакол ягонага допыту, бо я патрабаваў прыцягнуць яго да адказнасьці. Але марна», — сказаў Свабодзе Леанід Судаленка.

Пры гэтым праваабаронца мяркуе, што прызнаньне Яўгена Катлярова палітвязьнем слушнае.

«Правы чалавека — для ўсіх: і для добрых людзей, і для тых, хто паводзіць сябе, як на маю думку, ня вельмі добра. Катляроў пацярпеў за выказваньне сваіх поглядаў, і таму я таксама лічу, што ён слушна прызнаны палітвязьнем. Але для мяне ён палітвязень з адзнакай „правакатар“».

«Змагары мелі рацыю»

Яўгена Катлярова затрымалі ўвесну 2024 году пасьля зьяўленьня ў сеціве відэа, дзе блогер крытыкаваў намесьніка старшыні Гомельскага аблвыканкаму Андрэя Бараноўскага. Пабываўшы на прыёме ў чыноўніка, Катляроў публічна заявіў, што «нашы змагары мелі рацыю» і што «ўлада наагул бязьдзейнічае» і яе «трэба дзяўбці».

У канцы відэа Катляроў перавёў камэру на флягшток, усталяваны на плошчы ў Гомлі, і абурыўся: «Нах* яго было рабіць, калі можна было паставіць са значна меншымі выдаткамі на будынку Белтэлекаму».

За гэтыя дзеяньні Яўгену Катлярову інкрымінавалі 369 і 369-1 артыкулы — пра дыскрэдытацыю Беларусі і абразу прадстаўніка ўлады. Асудзілі яго на 1,5 года зьняволеньня. Пры гэтым максымальнае пакараньне паводле гэтых артыкулаў Крымінальнага кодэксу значна большае — да 4 гадоў зьняволеньня.

Тату з Пагоняй на плячы

У тое, што Яўген Катляроў здольны быў перагледзець свае погляды на рэжым, Леанід Судаленка сумняваецца. Праваабаронца прыгадаў правакацыі, якія чыніў Катляроў у Гомлі. Асабіста яму блогер пашкодзіў аўтамабіль і напісаў пра яго данос у праваахоўныя органы. Таксама праваабаронца згадаў паводзіны Яўгена Катлярова падчас акцыі з удзелам апазыцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча.

«У 2019 годзе з удзелам Статкевіча ў Гомлі праводзілі збор подпісаў. Сабраліся людзі, дык той Катляроў прыйшоў у мэдычным халаце, узяўшы плякацік пра таблеткі, казаў пра зьбіральнікаў подпісаў, што іх трэба лячыць. Хіба не правакацыя? А колькі актыўных людзей празь яго селі ў турму за камэнтары, якія ён справакаваў! Не, што ён раптам адумаўся, я ня веру. Ім карысталіся, ён правакацыі рабіў сьвядома, мэтанакіравана, але загуляўся і ў нейкі момант дазволіў сабе тое, што ўладам не спадабалася», — сказаў Леанід Судаленка аб прысудзе Яўгену Катлярову.

На пачатку сьнежня адбудзецца разгляд апэляцыйнай скаргі Катлярова. Судаленка не выключае нечаканага выніку судовага паседжаньня.

«Магчыма, ён разьлічвае на адмену прысуду ці потым на памілаваньне. Не ўяўляю, як ён будзе адбываць пакараньне з той тату Пагоні, якая ў яго на плячы. У калёніі такіх рэчаў не дазваляюць. Прымушаюць выдаліць, або жорсткі прэсінг. Ну, а калі пасьля ўсяго ён прыедзе за мяжу ў якасьці былога палітвязьня, дык вітаем! Будзе шмат чаго яму выставіць», — кажа Леанід Судаленка.

https://nashaniva.com/351569

https://spring96.org/be/news/116498

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG