Усіх траіх абвінавачваюць у зьдзяйсьненьні злачынстваў супраць чалавечнасьці і ваенных злачынстваў, зьвязаных з нападам ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 году і наступнай апэрацыяй Ізраіля ў сэктары Газа.
Як гаворыцца ў паведамленьні, Палата папярэдняй вытворчасьці МКС палічыла, што ёсьць разумныя падставы меркаваць, што Нэтаньягу і Галант падчас ізраільскай апэрацыі супраць ХАМАС наўмысна і сьвядома пазбавілі грамадзянскае насельніцтва Газы прадметаў, неабходных для выжываньня, уключаючы харчаваньне, ваду, лекі, паліва і электрычнасьць. У паведамленьні суда зазначаецца, што, нягледзячы на шматлікія звароты ААН і гуманітарных арганізацыяў, улады Ізраіля абмяжоўвалі гуманітарную дапамогу ў сэктар Газа, што дазволіла суду вылучыць у іх адрас падазрэньні ў выкарыстаньні голаду як сродку вядзеньня вайны. Таксама паведамляецца прынамсі пра два выпадкі, якія Палата лічыць мэтанакіраванымі атакамі на грамадзянскае насельніцтва Газы.
Пра тое, што пракурор Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) Карым Ган запатрабаваў выдачы ордэраў на арышт Нэтаньягу і Галанта, стала вядома 20 траўня. Тады ж МКС запрасіў ордэры на арышт трох лідэраў групоўкі ХАМАС: Яхʼі Сінвара, Мухамада Дэйфа і Ісмаіла Ханіі.
Усе трое лідэраў ХАМАС, пра якіх ішла гаворка — Ханія, Дэйф і Сінвар — з тых часоў былі забітыя ў выніку баявых дзеяньняў або ізраільскіх апэрацыяў. Адначасова з выдачай ордэра на арышт Нэтаньягу і Галанта суд выдаў і ордэр на арышт Дэйфа — нягледзячы на пацьверджаныя паведамленьні аб ягонай гібелі.
Ізраіль не зьяўляецца ўдзельнікам Рымскага статута і не прызнае юрысдыкцыю МКС. Як ізраільскія ўлады, так і прадстаўнікі апазыцыі Ізраіля рэзка раскрытыкавалі рашэньне суда, назваўшы яго «ганебным» і «ўзнагароджаньнем тэрарыстаў». Прэзыдэнт Ізраілю Іцхак Герцаг назваў рашэнне «абсурдным».
Ізраіль пачаў ваенную апэрацыю ў сэктары Газа ў адказ на беспрэцэдэнтны напад ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 году, падчас якога больш за 1000 чалавек былі забітыя і больш за 200 захопленыя ў закладнікі. Ізраіль заяўляе, што зьдзяйсьняе права на самаабарону. У ходзе апэрацыі загінулі больш за 40 тысяч жыхароў сэктару Газа, сьцьвярджаюць падкантрольныя ХАМАС мэдыцынскія улады Газы. Многія дзяржавы-чальцы ААН выступаюць з асуджэньнем дзеяньняў Ізраіля, абвінавачваючы яго ў ваенных злачынствах і нават у генацыдзе.
Раней Ізраіль рэзка крытыкаваў пракурора МКС за ягоны зварот з просьбай выдаць ордэр на арышт. З крытыкай выступалі і ЗША, якія таксама не прызнаюць юрысдыкцыю суда ў Гаазе. Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн раней назваў умяшаньне МКС у дачыненьні да Ізраіля абуральным.
Фармальная выдача ордэраў на арышт азначае, што прэм’ер-міністра Ізраілю, як і нядаўна адпраўленага ім у адстаўку Галанта, павінны арыштаваць у выпадку іх прыбыцьця ў адну з краін, якія ўдзельнічаюць у працы МКС. Гэта, напрыклад, практычна ўсе краіны ЭЗ і Вялікая Брытанія.
У 2023 годзе МКС выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна па падазрэньні ў масавым вывазе дзяцей з тэрыторыі Ўкраіны на падкантрольную Расеі тэрыторыю падчас вайны. Расея таксама не прызнае юрысдыкцыю МКС. Пуцін з моманту выдачы ордэра наведаў адну краіну, якая ратыфікавала Рымскі статут — Манголію. У Манголіі яго не арыштавалі.
Вайна Ізраілю з ХАМАСам і «Хэзбалой». Асноўнае
- 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
- Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
- 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
- Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
- Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
- Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
- Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
- 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
- За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
- 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
«Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.
«Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША. - Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
- 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
- 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
- 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум