Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы павінны быць адважнымі, каб называць рэчы сваімі імёнамі», — Ціханоўская ў Осла на канфэрэнцыі супраць мовы нянавісьці


Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота

30 красавіка беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская ў Осла выступіла на канфэрэнцыі Words Matter («Словы маюць значэньне»), у якой бяруць удзел больш за 20 дакладчыкаў з усяго сьвету, сотні дэлегатаў і дзясяткі прадстаўнікоў моладзі.

«Словы маюць значэньне. Я не магу не пагадзіцца з назвай гэтай канфэрэнцыі, — адзначыла Ціханоўская на пачатку свайго выступу. — Словы могуць прабіць сьцены, зрынуць тыранаў і зьмяняць наш сьвет. Але словы таксама могуць прычыняць шкоду, сеяць нянавісьць, апраўдваць тэрор і распаўсюджваць хлусьню».

Ціханоўская падкрэсьліла, што жыць пры дыктатуры — гэта ўсё роўна што жыць у хлусьні.

«Вам хлусяць у школе. Хлусяць ва ўрадзе. Хлусяць па тэлевізары... Дыктатары прыдумляюць ярлыкі для ўсіх, хто адмаўляецца жыць паводле іхных правілаў. Палітычных апанэнтаў яны называюць тэрарыстамі. Суседнія краіны — фашыстамі. Журналістаў — наркаманамі і прастытуткамі. Праваабаронцаў — экстрэмістамі», — адзначыла палітык.

Ціханоўская патлумачыла прысутным, што і яна для беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі — «тэрарыстка» і «экстрэмістка», якая спрабавала захапіць уладу, і ў Беларусі яе асудзілі на 15 гадоў зьняволеньня толькі таму, што яна вырашыла падтрымаць свайго мужа Сяргея Ціханоўскага, які некалі «адмовіўся жыць у хлусьні».

Яна расказала прысутным пра перасьлед мужа і сваё рашэньне зарэгістравацца кандыдаткай у прэзыдэнты замест яго, пра пасьлявыбарчыя пратэсты ў Беларусі.

«Гэта быў момант абуджэньня ўсёй нацыі. Беларусы адмовіліся жыць у хлусьні», — заявіла Ціханоўская.

Яна адзначыла, што для беларусаў «гэта прывілей — называць рэчы сваімі імёнамі», але тыя, хто жыве ў дэмакратычных краінах, гэтага не адчуваюць, бо для іх свабода «падобная да паветра».

«І калі ты яе страціш — ты задыхаесься... Мова фармуе рэальнасьць. І мы павінны быць адважнымі, каб называць рэчы сваімі імёнамі», — сказала палітык.

У Беларусі праўда таксама стала «першай ахвярай рэжыму», адзначыла Ціханоўская, і сытуацыя толькі пагаршаецца. Падчас свайго выступу яна заклікала міжнародную супольнасьць аб’яднацца ў асуджэньні выкарыстаньня мовы нянавісьці як інструмэнта прыгнёту.

«Падтрымка незалежных СМІ і арганізацый грамадзянскай супольнасьці павінна быць ключавой (...) Адукацыя адыгрывае вырашальную ролю ў гэтай бітве. Нам патрэбная падтрымка для ініцыятываў, якія спрыяюць крытычнаму мысьленьню, мэдыяграматнасьці і разуменьню дэмакратычных каштоўнасьцяў, асабліва сярод моладзі. У будучай дэмакратычнай Беларусі павінна быць дакладная прававая база і рамкі, якія вызначаюць наступствы для тых, хто займаецца распальваньнем нянавісьці(...)», — заявіла Ціханоўская.

Таксама яна заклікала міжнародную супольнасьць падтрымаць намаганьні дзеля дакумэнтаваньня парушэньняў па ўзгаданай тэме і, дзе гэта магчыма, прыцягваць вінаватых да адказнасьці.

«Дасягненьне гэтых мэтаў будзе няпростым і няхуткім. Але кошт бязьдзейнасьці значна вышэйшы (...) І кожны з нас можа зьмяніць сытуацыю сваімі дзеяньнямі», — заявіла Ціханоўская.

  • Канфэрэнцыя Words Matter, якая сёлета праходзіць у сталіцы Нарвэгіі, — найважнейшая глябальная сустрэча году ў пытаньнях супрацьдзеяньня мове нянавісьці.
  • У форуме Words Matter бяруць удзел больш за 20 дакладчыкаў з усяго сьвету, сотні дэлегатаў і дзясяткі прадстаўнікоў моладзі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG