Экспэрты ААН, дасьледаваўшы абломкі ракеты, якая ўдарыла 2 студзеня па Харкаве, прыйшлі да высновы, што яе зрабілі ў КНДР. Гэта была балістычная ракета сэрыі «Хвасон-11», гаворыцца ў падрыхтаваным экспэртамі 32-старонкавым дакладзе, зь якім азнаёмілася агенцтва Reuters.
Аўтарам даклада не ўдалося здабыць зь незалежных крыніц інфармацыі аб тым, хто і адкуль запусьціў ракету. Аднак інфармацыя аб траекторыі палёту ракеты, прадстаўленая ўкраінскім бокам, «указвае, што яна была запушчана з тэрыторыі РФ».
Калі факт пастаўкі ракет з КНДР у Расею будзе пацьверджаны, пазначана ў дакладзе, то размова пойдзе аб парушэньні санкцый, накладзеных на Паўночную Карэю Радай Бясьпекі ААН у 2006 годзе.
Заходнія СМІ неаднаразова пісалі аб тым, што Расея актывізавала вайсковае супрацоўніцтва з КНДР, атрымліваючы паўночнакарэйскія снарады і ракеты для выкарыстаньня ў вайне супраць Украіны. Аб тым, што войскі РФ ужываюць паўночнакарэйскія ракеты для ўдараў па тэрыторыі Ўкраіны, раней, у прыватнасьці, заяўлялі прадстаўнікі ЗША ў ААН.
Амэрыканскія вайскоўцы зазначалі, што пастаўка ракет расейскім войскам, апроч іншага, дае распрацоўнікам зброі з КНДР беспрэцэдэнтную магчымасьць правесьці іх выпрабаваньні ў баявых умовах.
Першыя выпрабаваньні цьвердапаліўнай балістычнай ракетнай ракеты «Хвасон-11» былі праведзены КНДР у 2019 годзе.