Сьцісла:
- «Мне 38 гадоў, і ў мяне дагэтуль няма іншага хобі, акрамя баскетболу».
- «Мы глядзелі баскетбол, мы гулялі ў баскетбол, мы абмяркоўвалі баскетбол».
- «Я выскоквала з вакна першага паверху і ішла на трэніроўку а 6-й ранку».
- «У той вечар я зразумела, што многія дзеці будуць глядзець тэлевізар, а я выбрала баскетбол як сваё жыцьцё».
- «Паміж трэніровак я магла спаць у разьдзявальні, бо ў мяне не было часу пайсьці дадому».
- «Каб, прабачце, сесьці на ўнітаз, сагнуць ногі, ты курчысься ад болю і спаўзаеш па сьценачцы».
- «У мяне 21-гадовая кар’ера, але я ні дня не адчувала, што я працую».
Захапленьне ад бацькоў
Кацярыне Сныцінай 38 гадоў. Бацька — беларус, маці з Казахстану. Бацькі пазнаёміліся на баскетбольнай пляцоўцы ў Малдове. Каця нарадзілася на радзіме маці. Калі ёй было два месяцы, сям’я вярнулася ў Менск. Яшчэ двойчы ў дзяцінстве Каця наведвала Казахстан.
«Я памятаю, як сядзела ў таты на плячы. Мы пераходзілі дарогу па калена ў вадзе. Гэта адзіны мой успамін пра Казахстан. У сьвядомым узросьце ніколі туды не вярталася. Потым маміны бацькі пераехалі ў Беларусь. Толькі ў пашпарце ў мяне сувязь з Казахстанам назаўсёды», — кажа Кацярына і адзначае, што ўспрымае сябе хутчэй як беларуску.
Баскетбол прывабіў дзяўчынку зь пяці гадоў. Бацькі кожную суботу зьбіраліся ў Менску пагуляць зь сябрамі на пляцоўцы. Зь сямі гадоў Каця стала займацца ў спартовай сэкцыі свайго бацькі.
«Мне 38 гадоў, і ў мяне дагэтуль няма іншага хобі, акрамя баскетболу. Мы глядзелі баскетбол, мы гулялі ў баскетбол, мы абмяркоўвалі баскетбол. Нават калі сэзон заканчваўся, улетку зь сябрамі мы каталіся па Менску і на розных пляцоўках гулялі ў баскетбол», — успамінае Кацярына.
Спартовая кляса
Каця хадзіла ў спартовую клясу. Палова вучняў гулялі ў баскетбольнай камандзе, а астатнія «былі звычайнымі дзецьмі». Паміж сабой яны не сябравалі.
«Мы былі проста іншымі. У нас былі вельмі розныя зацікаўленьні, графікі. Ня ведаю, у якім узросьце дзеці пачыналі курыць за школай, але я заўсёды праходзіла міма. Вядома, я таксама спрабавала курыць калісьці на вакацыях. Я ўсё ж чалавек. Але курыць за школай мне не даводзілася», — успамінае спартоўка.
Графік у яе быў шчыльны.
«Калі б мне цяпер сказалі, што мне давядзецца цягам шасьці гадоў уставаць а палове на шостую, я б, напэўна, звар’яцела», — прызнаецца суразмоўца.
Але з 5-й па 11-ю клясу так пачынаўся кожны дзень. А 6-й ранку трэба было выехаць у школу. А 7-й стартавала гадзінная трэніроўка. Потым тры ўрокі. Пасьля яшчэ дзьве гадзіны трэнінгу. І ў канцы яшчэ два-тры ўрокі.
«Вучыцца я ня вельмі любіла. Па хіміі ў мяне ўвогуле двойка была. Я любіла геаграфію, літаратуру, любіла чытаць. Дакладныя навукі былі не для мяне», — успамінае яна.
Кацярына запэўнівае, што ніякага прымусу ў выбары баскетболу не было. Хутчэй наадварот.
«Часам мама казала: заўтра ты ня пойдзеш на трэніроўку, бо ў цябе кепскія адзнакі. Мы тады жылі на першым паверсе. Я выскоквала з вакна і ішла на трэніроўку а 6-й ранку», — дзеліцца спартоўка.
Адзін з самых яркіх момантаў дзяцінства здарыўся, калі Сныцінай было гадоў дзесяць. Былі зімовыя вакацыі, вечар. Яны разам з татам глядзелі фільм з Макалеем Калкіным «Багаценькі Рычы». Раптам бацька ўстаў і кажа: «Усё, пагналі!» У школе пачыналася трэніроўка.
«Я пачала ныць, што я стамілася, што холадна на вуліцы, я хачу паглядзець фільм. Ён кажа: „Ладна, гэта ты вырашыла“. Я памятаю, праходзіць 5 хвілін, і я думаю: „Трэба ісьці на трэніроўку!“. Бягу за татам, забягаю ў залю. Нават памятаю практыкаваньні, якія мы адпрацоўвалі. У той вечар я зразумела, што многія дзеці будуць глядзець тэлевізар, а я выбрала баскетбол як сваё жыцьцё», — успамінае суразмоўца.
Перадапошняя старонка «Прэсбола»
Спартоўка кажа, што школьніцай ня ведала ні знакамітых гульцоў, ні якія турніры бываюць. Ня ставіла сабе за мэту выграць нейкі кубак.
«Я проста хацела гуляць у баскетбол са сваімі сябрамі і рабіць гэта добра», — прызнаецца суразмоўца.
Ужо ў старшых клясах яны пачалі глядзець гульні па тэлевізары.
«І я стала думаць: я таксама так хачу. Тады яшчэ не было жаночага амэрыканскага баскетболу па тэлевізары, і я ня ведала, што ён існуе», — успамінае яна.
Адзінай крыніцай баскетбольных навінаў была газэта «Прэсбол», дзе дробным шрыфтам на перадапошняй старонцы давалі баскетбольную статыстыку. Юная Сныціна купляла газэту толькі дзеля гэтых радкоў. Яна зазначае, што як тады не лічылі баскетбол надта цікавым і адводзілі яму далёка ня першае месца, так і цяпер спартовы партал «Трыбуна» наўрад ці залічвае баскетбол у пяцёрку самых папулярных відаў спорту.
«Магчыма, гэта і праз вынікі, і праз бан. Мяне гэта не абражае. Я ведаю, што баскетбол клясны. Цяпер у кожнага дзіцяці ёсьць магчымасьць сачыць на YouTube за найлепшымі», — разважае яна.
Пераломныя апэрацыі
У 15 гадоў Каця трапіла ў свой першы прафэсійны баскетбольны клюб «Гарызонт». Ужо ў 17 гадоў паехала гуляць за францускую каманду. Найбольш сэзонаў Сныціна правяла ў Расеі. Былі каманды ў Польшчы, Турэччыне, Вугоршчыне. Калі ёй было 22 гады, нацыянальная зборная Беларусі, у складзе якой тады гуляла Кацярына, узяла бронзу на чэмпіянаце Эўропы.
Спартоўка ўспамінае, што на пачатку кар’еры ў яе амаль штогод здараліся траўмы. У 25 гадоў ёй зрабілі дзьве апэрацыі на ахілавых сухажылах, якія злучаюць цягліцы галёнкі і косьць пяты. Гэта быў пераломны пэрыяд, пасьля якога спартоўка магла не вярнуцца на пляцоўку.
«Я падумала, што я нешта раблю ня так і маё цела не вытрымлівае нагрузкі», — расказвае пра здагадку баскетбалістка.
Бывала, што яна займалася спортам па 6–7 гадзін на дзень. Дадавала да камандных трэнінгаў індывідуальны час перад трэнінгам і пасьля.
«Паміж трэніровак я магла спаць у разьдзявальні, бо ў мяне не было часу пайсьці дадому», — успамінае яна.
Пасьля сур’ёзных апэрацый Сныціна вырашыла, што ня будзе больш нагружаць сябе дадатковым часам і дазволіць сабе адпачываць у выходныя.
«З таго часу прайшло 13 гадоў, і мая тактыка спрацавала. Я потым ірвала зьвязкі, падварочвала нешта, але разумела, што гэта выпадковасьць, а не таму, што я сябе даводжу да стану, калі ў мяне цела развальваецца», — кажа яна.
Кацярына падкрэсьлівае, што ўсё ішло ад любові да баскетболу.
«Я кайфавала. Мне хацелася прыйсьці раней і падрыхтавацца да трэніроўкі. Мне хацелася застацца і нешта адпрацаваць, дадаць новы элемэнт. Калі б я не кайфавала ад баскетболу, то да 38 гадоў я б не змагла гуляць», — перакананая яна.
Некалькі разоў на год у пэрыяды інтэнсіўнай падрыхтоўкі да матчаў яна адчувала моцныя болі ў цягліцах.
«Ня кожнай раніцай я прачыналася з думкай: о, трэніроўка, супэр! Бывалі моманты, калі ўсё баліць, калі, прабачце, каб сесьці на ўнітаз, сагнуць ногі, ты курчысься ад болю і спаўзаеш па сьценачцы», — дзеліцца яна.
Стамілася
У сакавіку 2021 году Сныціна абвясьціла, што завяршае кар’еру ў нацыянальнай зборнай Беларусі, дзе яна тады была капітанам, каб ня быць часткай прапаганды рэжыму Лукашэнкі. Апошнія два сэзоны яна адгуляла ў брытанскай камандзе London Lions.
Увосень 2023 году Кацярына заявіла, што цалкам завяршае баскетбольную кар’еру. У красавіку ейная каманда London Lions выграла Эўракубак — другі па значнасьці турнір Эўропы. Сныціна за свае грошы купіла беларускім заўзятарам квіткі на найлепшыя месцы, бо ім выдзелілі далёкі сэктар.
Спартоўка тлумачыць, што стамілася і перастала кайфаваць. Канчаткова зразумела гэта летась, трэніруючыся ў Славеніі, «бо колькі ўжо можна сваё цела настолькі выкарыстоўваць». Большасьць ейных аднагодак ужо пакінулі вялікі спорт.
«Я ўжо занадта старая», — усьміхаецца Кацярына.
У гэтым сэзоне супала шмат фактараў, каб пайсьці на ўздыме, як яна марыла ў дзяцінстве. Пачатак удзелу ў лёнданскай камандзе быў для Сныцінай складаны. Але пасярэдзіне сэзону да «львіц» прыйшла новая трэнэрка, якая вярнула беларусцы любоў да гульні. Пашчасьціла і з камандай. Дзяўчаты сябруюць і па-за пляцоўкай, ні разу не канфліктавалі, што бывае рэдка.
«Гэтае сяброўства можа застацца на ўсё жыцьцё», — мяркуе Сныціна.
Гульні для беларусаў
Баскетбол у сваім жыцьці Сныціна плянуе пакінуць толькі для сустрэч зь беларусамі. Апошнія тры гады яна езьдзіць па гарадах і зьбірае землякоў. Запрашае пагуляць разам людзей рознага ўзросту і ўзроўню падрыхтоўкі. Адзначае, што не глядзіць паблажліва на гульцоў-аматараў.
«Мне захацелася зьбіраць беларусаў, каб яны пазаймаліся спортам, убачылі, як гэта клясна. У мяне хлопец з ДЦП гуляў у Рызе. І было весела ня толькі яму, але і людзям з каманды. Я не хачу, каб вы забівалі па 20 ачкоў. Мне трэба, каб вы адчулі сябе часткай нармальнай супольнасьці, каб вы бегалі, сьмяяліся», — тлумачыць беларуска.
20% на торцікі
Кацярына падзялілася, як плянуе падтрымліваць форму, калі пакіне вялікі спорт. Яна хоча паспрабаваць сноўборд, скалалажаньне, нешта яшчэ.
«Іх я раней не магла паспрабаваць, бо ў мяне ў кантракце прапісана, што я не магу займацца экстрэмальнымі відамі спорту», — кажа Сныціна.
Да таго ж яна плянуе працягваць сваю дыету 80/20. Спажываць 80% карыснай ежы — мяса, гародніна, садавіна, крупы, а 20% пакідаць на торцікі, цукеркі і шакалядкі.
«Калі я буду прытрымлівацца строгай дыеты, то ў выніку сарвуся і знайду сябе пад гарой абгортак ад цукерак. У мяне заўсёды ёсьць дома шакалядка», — прызнаецца спартоўка.
Раней яна магла адмовіцца ад дзьвюх вячэраў і скінуць адзін кіляграм. Цяпер гэта ўжо не працуе.
«Мы нядаўна зь сябрамі абмяркоўвалі, што б мы маглі есьці ўсё сваё жыцьцё як адзіную страву. Я б выбрала грэцкую салату з курыцай грыль», — кажа суразмоўца.
У дзень, калі мы размаўляем, на сьняданак у Кацярыны была кава і яблык. Таксама яна любіць рабіць зялёны блін зь яек са шпінатам на блэндэры. Усярэдзіну кладзе сыр і ласося.
Час на мару
Кацярына паўтарае, што ня ведае, чым будзе займацца, калі завершыць кар’еру. Хацела б знайсьці нешта, што палюбіць так, як баскетбол.
«У мяне 21-гадовая кар’ера, але я ні дня не адчувала, быццам я працую», — кажа спартоўка.
Цяпер яна мае магчымасьць нейкі час не працаваць, але да канца жыцьця ашчаджаных сродкаў ня хопіць. Зрэшты, гаварыць пра грошы Кацярына ня любіць.
«Я проста не магу ўявіць сабе, што я ранкам прачынаюся, валяюся цэлы дзень і нічога не раблю», — кажа яна.
Апошні матч яна згуляе 19 траўня. Пасьля гэтага расклад ужо расьпісаны. Цяпер здымаюць фільм пра ейную кар’еру. Нейкі час Сныціна аддасьць здымкам. Беларуска чакае, што натуральным чынам зразумее, чым ёй цікава займацца далей. Адзінае вядома — гэта ня будзе прафэсійны спорт.
«Сьвет рухаецца. Калі я таксама буду рухацца, то, думаю, урэшце знайду тое, што будзе прыносіць мне ня толькі задавальненьне, але і сродкі да існаваньня. Доўгі час у мяне была мара гуляць у баскетбол, кайфаваць ад гэтага. Цяпер я дала сабе час, каб сфармуляваць новую мару, мэту, ідэю. Вялікая ідэя — вярнуцца ў вольную Беларусь, а над сваёй асабістай марай я яшчэ працую», — кажа Кацярына.
Форум