Пра гэта Сныціна расказала Трыбуне, а ўвагу на гэтую акалічнасьць зьвярнуў спартовы журналіст Яраслаў Пісарэнка, гаворачы ў выпуску перадачы «ЧестнОК» пра фінальны паядынак баскетбольнага Эўракубку сярод жаночых каманд.
Звычайна клюб Кацярыны Сныцінай — «Лёндан Лаянз» (London Lions) даваў дармовыя квіткі на адзін з сэктароў сваім заўзятарам, і беларуска проста скідала спасылку ў сеціве ў суполку суайчыньнікаў, каб яны прыходзілі падтрымаць ейную каманду і яе. Але ў вырашальнай сустрэчы, у якой вырашаўся лёс Эўракубку — супраць стамбульскага «Бэшыкташу» — клюб даў білеты толькі на далёкі сэктар, зь якога ня самы лепшы агляд. Тады Сныціна выдаткавала каля 500 эўра, каб набыць беларусам Лёндану квіткі на лепшыя месцы за прапанаваныя.
У фінале, па суме двух паядынкаў, «Лёндан Лаянз» перамог «Бэшыкташ» і здабыў трафэй. Сама Сныціна зрабіла ў заключным матчы дзьве выніковыя перадачы. Беларуска на 3-м месцы ў гісторыі Эўракубку па набраных пунктах — іх у яе 1213 за 104 праведзеныя сустрэчы.
Сныціна была капітанам зборнай Беларусі ў баскетболе, але падтрымала пратэсты 2020 году супраць нязьменнага кіраваньня Лукашэнкі, і вымушаная была пакінуць краіну. Раней пісалі, што гульні з «Бэшыкташам» стануць для яе апошнімі ў кар’еры гульца. Аднак гэта не зусім так — Сныцінай належыць правесьці яшчэ некалькі сустрэч у канцы першынства Ангельшчыны, і тады кар’ера сапраўды завершыцца.
На паўторны фінальны матч у Лёндане сапраўды прыйшло нямала беларусаў, якія адгукнуліся на запрашэньне баскетбалісткі. Сныціна адзначыла, што «ў кожным баку» арэны быў нацыянальны беларускі сьцяг.
У гэтыя дні таксама здымаецца дакумэнтальны фільм пра кар’еру Кацярыны Сныцінай.