Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль адбіў найбуйнейшую атаку Ірана. Падрабязнасьці нападу, пазыцыі бакоў, рэакцыі афіцыйнага Менску і дэмакратычных сілаў


Праца супрацьракетнай сыстэмы ў Ашкелоне
Праца супрацьракетнай сыстэмы ў Ашкелоне

Іран выпусьціў па Ізраілі больш за 300 снарадаў, у тым ліку 170 дронаў, 30 крылатых ракет і 120 балістычных ракет, заявіў прадстаўнік Арміі абароны Ізраіля Даніэль Хагары. Паводле яго слоў, 99 працэнтаў зь іх былі перахоплены сродкамі СПА.

«Гэта вельмі важнае стратэгічнае дасягненьне», — сказаў ён у ранішняй заяве для прэсы, перадае The Times of Israel.

У ноч на 14 красавіка Іран атакаваў Ізраіль некалькімі сотнямі ўдарных бесьпілётнікаў і ракет. Іранскі бок заявіў, што гэта адказ на ізраільскі ўдар 1 красавіка па пасольстве Ірана ў Бейруце, у выніку якога загінулі сем афіцэраў Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі.

Падрабязнасьці нападу

Па словах Хагары, ніводны з 170 дронаў не ўвайшоў у паветраную прастору Ізраіля: усе яны былі зьбітыя за межамі краіны ЦАХАЛ і яго саюзьнікамі. Таксама не ўвайшла ў паветраную прастору краіны ніводная з 30 крылатых ракет: па словах Хагары, 25 з іх былі зьбітыя ВПС Ізраіля. У выніку падзеньня астатніх снарадаў быў нанесены невялікі ўрон аднаму ізраільскаму ваеннаму аб’екту, аднак Хагары не ўдакладніў якому.

У абароне ўдзельнічалі сілы СПА, у тым ліку сыстэмы «Жалезны купал» і «Прашча Давіда», а таксама зьнішчальнікі арміі Ізраіля і ваенныя караблі ЗША і Вялікабрытаніі. Да абароны далучылася Францыя і Узброеныя сілы Ярданіі.

Пацярпелыя

У той жа час стала вядома, што ў выніку начнога нападу Ірана пацярпела 10-гадовая дзяўчынка: яна атрымала раненьні ад абломкаў зьбітага снараду ў бэдуінскім раёне рэгіёну Арад на поўдні Ізраіля.

Усяго па мэдыцынскую дапамогу зьвярнуўся 31 чалавек, паведаміла прэс-служба ізраільскай службы хуткай мэдыцынскай дапамогі. Большасьць тых, хто зьвярнуўся, скардзіліся на моцны стрэс і лёгкія раненьні, якія яны атрымалі па дарозе ў бясьпечныя зоны.

Як адкажа Ізраіль

Прэмʼер-міністар Ізраіля Біньямін Нэтаньягу правёў двухгадзінную нараду з міністрам абароны Ёавам Галантам і членам ваеннага кабінэта Бені Ганцам. «Мы перахапілі. Мы заблякавалі. Разам мы пераможам», — напісаў ён у сацсетцы Х.

Як паведамляе CNN, Біньямін Нэтаньягу мае намер абмеркаваць з саюзьнікамі ўдары ў адказ па Іране.

Пазьней стала вядома, што Ізраіль пачаў наносіць удары адплаты ў адказ на начную атаку Ірана. Першай мэтай сталі абʼекты «Хезбалы» (прызнана тэрарыстычнай групоўкай у ЗША і часткова ў ЭЗ) у Ліване, паведамляе ЦАХАЛ.

Міжнародная рэакцыя

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што Злучаныя Штаты «дапамаглі Ізраілю зьнішчыць амаль усе бесьпілётнікі і ракеты», запушчаныя Іранам, і паабяцаў склікаць сустрэчу лідэраў G7, каб скаардынаваць сумесны дыпляматычны адказ на «дзёрзкі напад» Ірана.

«Мая каманда будзе ўзаемадзейнічаць з калегамі ва ўсім рэгіёне. І мы будзем падтрымліваць цесны кантакт з лідэрамі Ізраіля. Хоць сёньня нашы сілы або абʼекты не падвяргаліся нападу, мы будзем захоўваць пільнасьць у адносінах да ўсіх пагроз і без ваганьняў распачнём усе неабходныя дзеяньні для абароны нашых людзей», — заявіў Байдэн.

Іранскую атаку на Ізраіль асудзілі і эўрапейскія палітыкі. Кіраўнік дыпляматыі ЭЗ Жузэп Барэль назваў яе «непрымальнай». «Гэта беспрэцэдэнтная эскаляцыя і сурʼёзная пагроза рэгіянальнай бясьпецы», — заявіў ён. Прэмʼер-міністар Вялікабрытаніі Рышы Сунак сказаў: «Іран прадэманстраваў свой намер пасеяць хаос на ўласным унутраным двары. Вялікабрытанія працягне абараняць бясьпеку Ізраіля і ўсіх сваіх рэгіянальных партнэраў, уключаючы Ярданію і Ірак». З асуджэньнем Ірана выступіў і міністар замежных спраў Францыі Стэфан Сежурнэ. Канцлер Германіі Олаф Шольц назваў дзеяньні Ірана «неапраўданымі і вельмі безадказнымі» і запэўніў, што Германія стаіць на баку Ізраіля.

Пэкін выказвае «глыбокую занепакоенасьць» наконт ракетнага нападу Ірана і бесьпілётнікаў на Ізраіль, паведаміў прадстаўнік міністэрства замежных спраў Кітая.

Рэакцыі афіцыйнага Менску і дэмакратычных сілаў


Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская «рашуча асудзіла» паветраны ўдар Ірана па Ізраілю.

«Маё сэрца з народам Ізраіля, якому цяпер пагражаюць тыя ж дроны, якія Расея выкарыстоўвае супраць Украіны, – напісала яна на сваёй старонцы ў сацсетцы X. – Аўтарытарныя рэжымы аб’ядноўваюцца ў вось зла. Толькі дзякуючы адзінству і салідарнасьці дэмакратычны сьвет можа спыніць гэты наступ на свабоду».

«Беларусь глыбока занепакоеная эскаляцыяй сытуацыі ў блізкаўсходнім рэгіёне» і «пасьлядоўна выступае за мірнае ўрэгуляваньне канфлікту палітыка-дыпляматычнымі сродкамі», заявіла Міністэрства замежных спраў Беларусі ў ведамасным тэлеграм-канале «Глас МИДа».

Пад эскаляцыяй маецца на ўвазе масіраваны авіяўдар Ірана па Ізраілю, хоць ні адна з гэтых краін не згадваецца.

«Паветраная атака Ірана на Ізраіль абвастрае і без таго гарачае супрацьстаяньне на Блізкім Усходзе і павінна быць катэгарычна асуджаная», — заявіў 14 красавіка прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэта па замежных справах Валер Кавалеўскі.

Паводле яго слоў, якія паведамляе прэс-служба АПК, гэта «акт агрэсіі, у якім беларусы стаяць на баку Ізраіля».

«Такія паводзіны на руку дыктатарам, яны дадаюць ім упэўненасьці. Усе дыктатары, уключаючы Лукашэнку і Пуціна, ненавідзяць свабоду і прагнуць канфліктаў. Яны павінны быць спыненыя ўзгодненымі дзеяньнямі вольнага сьвету», — падкрэсьліў Кавалеўскі.

Заявы Ірана

Іран, у сваю чаргу, заявіў, што пасьпяхова ўразіў намечаныя ваенныя мэты ў Ізраілі, перадае IRNA. Таксама там заявілі, што не будуць наносіць далейшых удараў і перасьцераглі Ізраіль ад дзеяньняў у адказ, а ЗША — ад умяшаньня.

«Наш адказ будзе нашмат маштабней, чым сёньняшняя ваенная акцыя, калі Ізраіль прыме меры ў адказ супраць Ірана», — заявіў дзяржаўнаму тэлебачаньню начальнік штаба ўзброеных сіл генэрал-маёр Махамад Багеры.

Прадстаўнік Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі заявіў, што апэрацыя Ірана супраць Ізраіля была «больш пасьпяховая, чым чакалася», паведамляе расейскае агенцтва ТАСС са спасылкай на іранскі дзяржтэлеканал Press TV.

Іранскае агенцтва IRNA паведаміла са спасылкай на ліванскі тэлеканал «Аль-Манар», што ў выніку іранскага нападу авіябаза Няватым на поўдні Ізраіля атрымала сурʼёзныя пашкоджаньні і перастала функцыянаваць. ЦАХАЛ раней заявіў, што базе нанесьлі толькі нязначную шкоду.

На відэа, апублікаваным раніцай ЦАХАЛ, бачна, як зьнішчальнік F-35 прызямляецца на авіябазе. Паводле слоў прадстаўніка ваеннага ведамства, Іран плянаваў «паралізаваць базу і тым самым нанесьці ўрон ВПС Ізраіля, але гэтага не ўдалося зрабіць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG