Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іран запусьціў дзясяткі бесьпілётнікаў і ракет у бок Ізраілю

абноўлена

Праца «Жалезнага купалу», ілюстрацыйнае фота
Праца «Жалезнага купалу», ілюстрацыйнае фота

«Зойме некалькі гадзін, каб яны дасягнулі неба Ізраілю. Мы просім усіх заставацца пільнымі і прытрымлівацца дырэктываў Камандаваньня тылу. Мы працуем з ЗША і іншымі краінамі, каб перадухіліць пагрозу загадзя», — заяўляе прэс-служба ЦАХАЛу.

Час падлёту бесьпілётнікаў з Іраку і Ірану — некалькі гадзін (ад 3 да 8, залежна ад розных абставін і тыпу бесьпілётніка). Аднак ёсьць імавернасьць запуску Іранам балістычных і крылатых ракет, пішуць ізраільскія рэсурсы. Крылатая ракета ляціць з Ірану каля дзьвюх гадзін, балістычная — 10-15 хвілін.

Іран пацьвердзіў запуск беспілётнікаў. Тэгеран сьцьвярджае, што ізраільская сыстэма супрацьракетнай абароны «Жалезны купал» была пашкоджаная ў выніку хакерскай атакі. Тэль-Авіў пакуль не пракамэнтаваў гэтую інфармацыю.

Таксама Ізраіль афіцыйна пацьвердзіў запуск «Шахедаў» Іранам, які ўпершыню нанёс удар з сваёй тэрыторыі.

Ізраільскія ўлады абвясьцілі, што ўначы на тры гадзіны будзе закрыты аэрапорт Бэн-Гурыён. Ярданія і Ірак закрылі сваю паветраную прастору, таксама часова прыпыніў працу аэрапорт Багдаду.

СПА Ярданіі будзе зьбіваць іранскія дроны-камікадзэ і самалёты, калі тыя парушаць паветраную прастору краіны, паведамляе Reuters.

Таксама паведамляецца, што Ярданія адкрыла паветраную прастору для ізраільскіх зьнішчальнікаў.

Іранскія СМІ паведамляюць, што запусьцілі трэцюю хвалю бесьпілётнікаў у бок Ізраілю. Апроч дронаў, у іранскім нападзе на Ізраіль выкарыстоўваюцца крылатыя ракеты.

Паводле ізраільскага Channel 12, у бок Ізраілю ўжо запушчана каля 100 іранскіх бесьпілётнікаў і крылатых ракет. Ізраіль ужо пачаў перахоп іранскіх бесьпілётнікаў над Сырыяй і Ярданіяй. Незалежнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі няма.

Эгіпет закрыў сваю паветраную прастору і прывёў у гатоўнасьць СПА.

  • Эскаляцыя ў рэгіёне пачалася пасьля таго, як 1 красавіка авіяцыя Ізраілю нанесла ўдар па консульстве Ірану ў Дамаску. У выніку абстрэлу загінулі сем чальцоў Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі, уключна зь некалькімі генэраламі. Пасьля гэтага духоўны лідэр Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў, што «сіянісцкі рэжым будзе пакараны».
  • Ізраіль спыніў працу адукацыйных установаў ува ўсёй краіне — дзіцячых садкоў, ВНУ, школаў, дзіцячых лягераў). Новыя інструкцыі, якія дзейнічаюць да 15 красавіка, забараняюць зборы ў колькасьці больш за 1000 чалавек. У гарадах усяго Ізраілю пачалі адкрываць грамадзкія бамбасховішчы, паведамляюць мясцовыя каналы.
  • Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн тэрмінова вярнуўся ў Вашынгтон, каб абмеркаваць з камандай дарадцаў у нацыянальнай бясьпецы сытуацыю на Блізкім Усходзе. Ён сочыць за тым, што адбываецца, паведамілі ў Белым доме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG