Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна стрымаць выміраньне Беларусі? Пра дэмаграфію і філязофскую абыякавасьць


Людзі ў Менску, архіўнае фота
Людзі ў Менску, архіўнае фота

Не аднаму пакаленьню беларусаў было звыкла і зручна думаць, што насельніцтва Беларусі складае 10 мільёнаў чалавек.

Тым часам, з улікам міграцыі, жыхароў Беларусі цяпер ужо, падобна, менш за 9 мільёнаў.

Паводле прагнозаў дэмографаў, праз 30 зь нечым гадоў будзе ўжо менш за 8 мільёнаў, а ў 2100 годзе — менш за 7 мільёнаў чалавек. Як да гэтага ставіцца? І ці магчыма стрымаць скарачэньне?

Зь нейкага пункту гледжаньня маштаб праблемы, вядома, ня варта перабольшваць. Большую частку гісторыі насельніцтва Беларусі было нашмат меншым, чым цяпер. Яно ніколі не складала 15 мільёнаў, пра якія як пра мэту казаў у 2017 годзе Лукашэнка. Насельніцтва ўсяго Вялікага Княства Літоўскага за часамі Вітаўта, уключна з тэрыторыяй цяперашняй Літоўскай Рэспублікі і часткай цяперашняй Украіны, складала два ці тры мільёны чалавек. Зь іх на тэрыторыі сёньняшняй Беларусі жылі ўсяго толькі мільён ці паўтара.

Але спасылацца на гістарычныя лічбы — гэта, папраўдзе, самазаспакойваньне. Насельніцтва Беларусі, напэўна, калісьці перастане зьніжацца і стабілізуецца. Але сёньня ніяк немагчыма сабе ўявіць, калі і якім чынам гэта мае адбыцца. Перастаць актыўна нараджаць дзяцей было нашмат прасьцей, чым пачаць гэта рабіць зноў.

Праблема без вырашэньня

Давайце вызначымся: дэмаграфічная праблема існуе, а вось ці існуюць мэтады яе вырашэньня — пытаньне спрэчнае. І справа не ў Лукашэнку, бо ў разьвітых дэмакратычных краінах адбываецца тое ж самае. Справа ў нас з вамі. Калі вы ня маеце хаця б дваіх дзяцей, вы ілюстрацыя таго, у чым праблема.

Лукашэнкаўскі рэжым гэтую праблему бачыць, але вырашаць яе спрабуе кандовымі аўтарытарнымі мерамі, якія не працуюць. Левы інтэлектуальны мэйнстрым, які асабліва моцна абураецца гэтымі захадамі, у сваю чаргу рашэньняў, наколькі можна меркаваць, не прапануе і гэтым пытаньнем увогуле, здаецца, не цікавіцца. Ужо не асабліва актыўна гаворыцца нават пра ўтапічныя праекты — напрыклад, якія прадугледжваюць масавае калектыўнае выхаваньне дзяцей з наймалодшага ўзросту. Бо і такі сацыялізм на практыцы дагэтуль нідзе не спрацаваў. Напрыклад, Фінляндыя, самая шчасьлівая краіна ў сьвеце, мае нараджальнасьць на ўзроўні 1,4 дзіця на жанчыну (для ўзнаўленьня насельніцтва патрэбна 2,1). Гэта значыць, шчасьлівыя, забясьпечаныя пры скандынаўскім сацыялізьме фіны выміраюць яшчэ хутчэй, чым мае нешчасьлівыя землякі латвійцы (1,6) і чым яшчэ больш нешчасьлівыя беларусы (1,5).

Заходнія краіны спрабуюць вырашыць дэмаграфічную праблему праз прыцягненьне імігрантаў. Да 40% насельніцтва Бэрліну цяпер мае іншаземнае паходжаньне. І нельга сказаць, каб Бэрліну гэта шкодзіла. Калі нехта з карэнных немцаў пачынае абурацца, іх абвінавачваюць у тым ліку нават у адмаўленьні прынцыпаў дэмакратыі. Бо Нямеччына — цяпер ужо не зусім іхная ці ня толькі іхная, карэнных немцаў, краіна.

Праўда, краінам – дэмаграфічным донарам ад гэтага ніяк ня лепш: эмігруюць заўсёды найбольш ініцыятыўныя і актыўныя. І наколькі ўвогуле можна лічыць такую мадэль сталага высмоктваньня «чалавечых рэсурсаў» устойлівай, трывалай у доўгатэрміновай пэрспэктыве? Што рабіць, калі дэмаграфічны пераход, які ўжо адбыўся ў некалі фэртыльных Паўднёвай Эўропе ці Азіі, адкуль калісь ехалі гастарбайтэры на Захад, адбудзецца і ў Афрыцы?

Сацыяльная адказнасьць — гэта калі ніхто нікому нічога не абавязаны

Можна быць абыякавымі да ўсяго гэтага. Можна нават знаходзіць у гэтым добрае (праўда, аргумэнт, напрыклад, пра перанаселенасьць плянэты ёсьць заведама ашуканскім, перанаселенасьць тычыцца пакуль што Афрыкі і ў меншай ступені Азіі, але не Эўропы, дзе адбываецца дэпапуляцыя).

Традыцыйную патрыярхальную сям’ю ў пэўных колах прынята не любіць, і яе мінусы ўсім вядомыя. Але ейная спэцыфіка таксама ў тым, што ўсе 200 тысяч гадоў існаваньня чалавека разумнага ён існаваў перадусім у фармаце гэтай традыцыйнай сямʼі. Прынамсі, гэта тычыцца нашага рэгіёну. Устойлівай альтэрнатывы ёй, калі справа тычыцца выжываньня нас як біялягічнага віду, пакуль няма.
Вядома, жыцьцёвыя патрэбы сучаснага чалавека не ўключаюць неабходнасьці змагацца за выжываньне і мець шмат рабочых рук для сельскагаспадарчых работ, як сто ці тысячу гадоў таму.

І складана запярэчыць, калі нехта скажа, што права спажываць, рэалізоўваць сябе, самавыяўляцца, рабіць карʼеру і жыць у гарадзкім камфорце, права быць абыякавымі да доўгатэрміновых праблемаў грамадзтва важнейшае за колькаснае выжываньне гэтай нашай культуры і гэтага чалавецтва. Права памерці самотна ва ўласным доме ў атачэньні сабак і катоў важнейшае за абавязак клапаціцца пра тое, што з усім гэтым будзе пасьля тваёй сьмерці. Трохі як «лепш памерці стоячы, чым жыць на каленях». Ці гэтае параўнаньне ідзе ўжо занадта далёка?
Ці можна аспрэчваць права любога чалавека быць абыякавым да гэтага? Ёсьць шмат шчырых неблагіх людзей, абыякавых да беларускай мовы, да дэмакратыі, да аховы прыроды і да шмат чаго яшчэ. Нічога асабістага, ніхто нікому нічога не абавязаны.

Насамрэч у сучасным грамадзтве нараджэньне й выхаваньне дзяцей — найбольшая праява сацыяльнай адказнасьці чалавека. Вы можаце ня мець матэрыяльнага капіталу, але вы маеце каштоўнасьці, навыкі, веды, культуру. Пасьля сьмерці ўсё гэта можа прадоўжыцца ў вашых дзецях і ўнуках, а можа пайсьці з вамі ў магілу, ператварыцца ў прах і лічбавы сьлед у інтэрнэт-архіве. Вы можаце ня мець мільёна даляраў, каб ахвяраваць яго на вырашэньне праблемаў чалавецтва. Але вы можаце нарадзіць і выхаваць новых грамадзян, якія гэтыя праблемы паспрабуюць вырашыць.

Беларускае грамадзтва паволі рухаецца ў бок выміраньня. І гэта азначае ня проста зьніжэньне колькасьці «людзкіх рэсурсаў» (страшнаваты людаедзкі навуковы тэрмін) і эрозію эканамічнага патэнцыялу краіны але, чаго ўжо там, зьнікненьне беларусаў як народу і зьнікненьне беларускай культуры. Адна справа, калі беларусы не карыстаюцца беларускай мовай. І зусім іншая справа, калі няма людзей, якія тэарэтычна маглі б ёй карыстацца.

Але ж ці мала ўжо ў гісторыі вымерла і асымілявалася розных этрускаў, сарматаў і готаў... Проста цяпер у ролі готаў можам быць мы з вамі. Мабыць, у філязофскім пляне гэта ня дрэнна і ня добра, проста такі натуральны ход жыцьця. І да гэтага мы маем поўнае права быць па-філязофску абыякавымі. Як і да шмат чаго іншага.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 па 2023 год сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG