Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Статыстыка ня ўлічвае эмігрантаў». Што гавораць сьвежыя дадзеныя Белстату пра скарачэньне жыхароў Беларусі


Людзі ў Менску, архіўнае фота
Людзі ў Менску, архіўнае фота

Белстат апублікаваў сьвежыя лічбы аб скарачэньні насельніцтва Беларусі. На думку эканаміста Льва Львоўскага, яны ня ўлічваюць эміграцыю зь Беларусі.

Насельніцтва Беларусі на 1 студзеня 2024 году склала 9 155 978 чалавек, такія зьвесткі публікуе Белстат. У параўнаньні з 1 студзеня 2023 году жыхароў у Беларусі стала менш на 44 639 чалавек.

У Менску на 1 студзеня 2024 году пражывалі 1 992 862 чалавекі — на 2609 менш, чым на пачатку мінулага году, сьведчыць Белстат.

З абласьцей Беларусі за год насельніцтва больш за ўсё скарацілася ў Віцебскай вобласьці (на 10 037 чалавек), менш за ўсё — у Менскай (на 1732 чалавекі).

«Дадзеныя не да канца паказваюць зьніжэньне колькасьці жыхароў»

На думку акадэмічнага дырэктара дасьледчага цэнтру Beroc Льва Львоўскага, у Беларусі пацягваецца трэнд на скарачэньне жыхароў і на старэньне насельніцтва. У наступныя гады ён прагназуе далейшае скарачэньне колькасьці жыхароў.

«Гэтыя лічбы ня кажуць нічога якасна новага. У Беларусі генэральны трэнд на скарачэньне і на старэньне насельніцтва. Так будзе праз год і праз два гады, гэта доўгатэрміновы трэнд, які цяжка зьмяніць. Пасьля 2020 году такія зьвесткі даюць ва ўрэзаным выглядзе. Дадзеныя не да канца паказваюць зьніжэньне колькасьці жыхароў. Яны ня ўлічваюць і ня могуць улічваць эміграцыю», — кажа Леў Львоўскі.

Афіцыйныя дадзеныя могуць улічваць эміграцыю, толькі калі чалавек зьвярнуўся перад ад’ездам у афіцыйныя органы. Напрыклад, каб зрабіць пашпарт сэрыі «PP» (з пашпартамі такой сэрыі людзі стала жывуць за мяжой).

Леў Львоўскі
Леў Львоўскі

Зьвесткі пра эміграцыю пакуль публікуюць толькі афіцыйныя органы краін, куды выяжджаюць беларусы. Леў Львоўскі называе лічбу ў 250–350 тысяч чалавек, якія выехалі зь Беларусі.

«Калі чалавек атрымлівае дазвол на жыхарства ў эўрапейскай краіне, зразумела, што ён пераехаў. Такія дадзеныя публікуюцца ў эўрапейскіх краінах. Застаецца пытаньне пра шэраг краін, дзе беларусы могуць свабодна знаходзіцца без дазволу на жыхарства. Там лічбаў няма. Беларус можа прыехаць ва ўмоўную Цюмень, там працаваць і нідзе не рэгістравацца», — тлумачыць Леў Львоўскі.

У студзені 2020 году Белстат ацэньваў колькасьць насельніцтва Беларусі ў 9 408 400 чалавек.

Атрымліваецца, за 4 гады колькасьць жыхароў Беларусі зьменшылася больш як на 252,3 тысячы чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG