Маштабнае сацыялягічнае дасьледаваньне ў сфэры дэмаграфіі пройдзе ва ўсіх рэгіёнах Беларусі з 1 ліпеня па 31 кастрычніка, паведаміла Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Пра гэта піша Zerkalo.io
«Гэтае дасьледаваньне — другі этап апытаньня насельніцтва, праведзенага ў 2017 годзе. Удзел у ім бралі 10 тысяч рэспандэнтаў з усёй краіны ва ўзросьце ад 18 да 69 гадоў. Цяпер удзел возьмуць каля 6 тысяч удзельнікаў першага этапу», — расказалі ў Міністэрстве працы.
Мэта дасьледаваньня — параўнальны аналіз шлюбна-сямейных адносін і сямейных каштоўнасьцяў, асаблівасьцяў дэмаграфічных паводзін беларусаў. Асаблівую ўвагу аддадуць узаемаадносінам паміж бацькамі і дзецьмі, мужам і жонкай, аказаньню падтрымкі паміж пакаленьнямі.
Дасьледаваньне правядзе Цэнтар сацыялягічных і палітычных дасьледаваньняў БДУ. Працаваць «у полі» будуць 150 інтэрвіюераў.
Удзельнікам у спэцыяльна распрацаванай анкеце прапануюць ананімна адказаць на пытаньні аб асноўных падзеях і фактах іх біяграфіі, а таксама асаблівасьцях «функцыянаваньня іх хатніх гаспадарак».
«Зьмест адказаў рэспандэнтаў і асабістая інфармацыя пра іх, атрыманая падчас апытаньня, не падлягаюць разгалошваньню. Інтэрвіюеры нясуць поўную адказнасьць за выкананьне пагадненьня аб канфідэнцыйнасьці дадзеных пра рэспандэнтаў», — адзначылі ў Міністэрстве працы.
Атрыманыя зьвесткі прааналізуюць сацыёлягі, эканамісты, дэмографы і мэдыкі. Гэта дазволіць правесьці параўнальны аналіз тэндэнцый фармаваньня шлюбна-сямейных адносін у Беларусі, краінах СНД і Эўропы.
- Апошні ўсеагульны перапіс жыхароў Беларусі праводзіўся ў 2019 годзе.