Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэрбскі суд пачаў разгляд справы аб экстрадыцыі беларускага кінарэжысэра


Андрэй Гнёт. Архіўнае фота
Андрэй Гнёт. Архіўнае фота

Беларуса Андрэя Гнёта затрымалі ў кастрычніку 2023 году ў Сэрбіі на запыт беларускіх уладаў, якія абвясьцілі яго ў міжнародны вышук за нібыта ўхіленьне ад выплаты падаткаў.

З тых часоў Андрэй Гнёт знаходзіцца пад вартай у Цэнтральнай турме Бялграда.

«Я спадзяюся, што Сэрбія не паддасца ціску з боку Беларусі аб маёй экстрадыцыі», – сказаў Гнёт у Вярхоўным судзе, дадаўшы, што экстрадыцыя паставіць яго ў «сьмяротную небясьпеку».

Судовы працэс асьвятляе Балканская служба Радыё Свабода.

Гнёт, апрануты ў майку з надпісам «Праўда», абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў адхіліў, назваўшы крымінальную справу супраць сябе палітычна матываванай, неабгрунтаванай і лжывай.

«Беларускі рэжым падвяргае жорсткім рэпрэсіям усіх, хто выступае супраць яго», – сказаў Гнёт, які сказаў, што прыехаў у Сэрбію для працы над міжнародным відэапраектам і быў арыштаваны, калі выйшаў з рэйсу з Бангкоку.

У пачатку сакавіка апэляцыйны суд адмяніў рашэньне Вышэйшага суду ў Бялградзе, які палічыў, што законныя перадумовы для яго экстрадыцыі ў Беларусь былі выкананыя. Але апэляцыйны суд вярнуў справу ў Вышэйшы суд на перагляд, заявіўшы, што былі істотныя парушэньні працэдуры.

Гнёт выехаў зь Беларусі ў Тайлянд у 2020 годзе пасьля таго, як крытыкаваў беларускі рэжым і ўдзельнічаў у пратэстах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Гнёт заявіў суду, што рэжым Лукашэнкі хоча пакараць яго за актыўнасьць найперш таму, што ён зьяўляецца адным з заснавальнікаў няўрадавай арганізацыі «Свабоднае аб’яднаньне спартоўцаў Беларусі» (SOS BY).

«Мы адкрыта выступалі супраць дыктатуры, парушэньняў правоў чалавека і фальсіфікацыі выбараў у Беларусі ў 2020 годзе. Нам помсьцяць, і таму я цяпер тут», – сказаў Гнёт.

SOS BY заклікаў адмяніць выбары, Лукашэнку пайсьці ў адстаўку і вызваліць грамадзян, арыштаваных падчас дэманстрацый супраць рэжыму. Пазьней арганізацыя была прызнана экстрэмісцкай, што заходнія ўрады разглядаюць як інструмэнт перасьледу палітычных дысыдэнтаў.

Пры гэтым раней кіраўнік Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандар Апейкін у сваім фэйсбуку паставіў пад сумнеў датычнасьць Андрэя Гнёта да стварэньні SOS BY.

«Ён сапраўды дапамагаў здымаць ролікі з выказваннем грамадзянскай пазіцыі спартоўцаў у жніўні-верасьні 2020, камунікаваў зь некаторымі спартоўцамі. Пра нейкі іншы актыўны ўдзел у грамадзкім руху спартоўцаў я ня чуў», — напісаў Апейкін.

Гнёт на судзе таксама прадставіў суду дакумэнты, якія, паводле яго, пацьвярджаюць ягоныя сьцьверджаньні, што ў Беларусі будуць парушаныя ягоныя правы чалавека, і доўга апавядаў пра тое, чаму ён не атрымае там справядлівага выраку.

Ягоны адвакат Філіп Сафіяніч заявіў Радыё Свабода, што законных падставаў для экстрадыцыі няма і яго асьцярогі адносна перасьледу апраўданыя, асабліва ў сьвятле паведамленьняў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў пра тое, што людзі, якія знаходзяцца ў зьняволеньні ў Беларусі, падвяргаюцца розным формам катаваньняў.

На слуханьнях прысутнічалі прадстаўнікі амбасадаў краін ЭЗ і праваабаронцы. Пасьля слуханьняў Гнёта вярнулі ў Цэнтральную турму Бялграда, каб чакаць далейшага разгляду справы.

Хто такі Андрэй Гнёт

  • Андрэй Гнёт — беларускі журналіст, рэжысэр і палітычны актывіст.
  • Андрэя Гнёта арыштавалі ўлады Сэрбіі, калі ён прызямліўся ў аэрапорце Бялграду ў кастрычніку 2023 году, на падставе ордэру Інтэрполу, выдадзенага на запыт Беларусі. З таго часу ён у Бялградзе пад вартай.
  • Гнёт ня ведаў, што на яго выпісаны ордэр, у Сэрбію ён прыехаў на працу. Ён жыў у Тайляндзе, куды ўцёк пасьля ўдзелу ў пратэстах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
  • У Беларусі Андрэя Гнёта вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў. Сам Гнёт гэта адмаўляе, лічачы, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі перасьледуе яго за палітычную дзейнасьць.
  • Паводле рашэньня суду ў Сэрбіі, «усе законныя патрабаваньні выкананыя», яму пагражае экстрадыцыя ў Беларусь. Канчатковае рашэньне чакаецца ў сакавіку.
  • Інтэрпол — арганізацыя, якая каардынуе міжнародны вышук асоб, якія ўчынілі злачынныя дзеяньні. Інтэрпол ахоплівае 195 краін, і ў кожнай краіне ёсьць свой філіял Інтэрполу (Нацыянальнае цэнтральнае бюро), які падпарадкоўваецца мясцовым праваахоўным органам.
  • Беларуская ініцыятыва BelPol у кастрычніку 2021-га апублікавала вынікі расьсьледаваньня, паводле якога рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае Інтэрпол для рэпрэсій супраць беларусаў, што ўцяклі за мяжу. Вышук паводле крымінальных артыкулаў, якія фармальна не адносяцца да «палітычных», часта выкарыстоўваюцца прадстаўнікамі рэжыму як прыкрыцьцё для палітычнага вышуку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG