Адзін з арыштаваных у справе аб нападзе на канцэртную залю «Крокус Сіці Хол», Шамсідзін Фарыдуні, вёў сацсеткі пад імем «Абдулох» (у перакладзе з арабскай — «слуга Бога»).
Як высьветлілі журналісты расейскай службы Радыё Свабода і расьсьледніцкі праект «Систэма», Фарыдуні меў старонку ў Telegram, які ён апошні раз наведаў 18 лютага, — менавіта праз гэты мэсанджар зь ім зьвязаўся «памочнік прапаведніка», які прапанаваў учыніць тэракт за 500 тысяч рублёў, як расказваў падазраваны на допыце.
25 сакавіка расейскія Telegram-каналы апублікавалі здымкі, якія Фарыдуні зрабіў у Стамбуле і апублікаваў на сваёй старонцы ў Instаgram 23 лютага. Шэсьць з васьмі здымкаў зробленыя ў стамбульскай мячэці Фаціх у аднайменным раёне горада, які лічыцца самым кансэрватыўным мусульманскім раёнам у Стамбуле.
Сам Фарыдуні расказваў на допыце, што прыляцеў з Турэччыны ў Расею 4 сакавіка. Крыніца ў турэцкіх сілах бясьпекі паведаміла агенцтву Reuters, што Фарыдуні і яшчэ адзін з абвінавачаных у нападзе на «Крокус Сіці Хол» выехалі з Стамбулу 2 сакавіка, а мэтай іх паездкі быў «віза-ран» — падаўжэньне бязьвізавага знаходжаньня ў Расеі.
У панядзелак 25 сакавіка журналіст The New York Times Арык Толер напісаў у сацыяльнай сетцы X, што Шамсідзін Фарыдуні вёў сваю старонку ў Instаgram пад прозьвішчам «Заргараў». Як раней высьветліла таджыцкая служба Радыё Свабода, гэта прозьвішча ягонай сястры.
Свабода знайшла старонкі Шамсідзіна Фарыдуні яшчэ ў двух сацыяльных сетках: «Одноклассники» і «ВКонтакте». У першай Фарыдуні значыцца як «Абдулох Заргараў». Датай нараджэньня ў яго пазначана 17 верасьня 1998 году — гэта адпавядае паказаньням Фарыдуні на допыце. Практычна ўсе яго сябры ў сетцы «Одноклассники» — маладыя дзяўчаты. Як паведамляла таджыцкая служба Радыё Свабода, у 2020 годзе Фарыдуні выйшаў з турмы, дзе адбываў пакараньне за сэксуальныя дамаганьні.
Сярод апошніх запісаў на старонцы «Абдулоха» — некалькі віншаваньняў з Рамаданам, якія Фарыдуні ўпадабаў у сакавіку 2022-га. Менавіта ў сьвяты для мусульман месяц Фарыдуні зь яшчэ трыма тэрарыстамі атакавалі «Крокус Сіці Хол». Гэты факт пасьля выкарыстоўвалі прыхільнікі «украінскага сьледу» у тэракце, сьцьвярджаючы, што мусульмане так паступіць не маглі (насамрэч тэракты ісламістаў у Рамадан ня рэдкасьць).
Пры дапамозе даты нараджэньня журналісты знайшлі старонку Фарыдуні ў сетцы «ВКонтакте». Там яго імя і прозьвішча — «Абу-Абдулох Заргар». Старонка цалкам пустая: зь яго толькі вынікае, што Заргар/Фарыдуні паказаў месцам жыхарства Расею, а ў сацсетку апошні раз заходзіў увечары 6 студзеня 2024 году.
Дзякуючы інфармацыі з гэтай сацыяльнай сеткі журналісты знайшлі тэлефонны нумар і старонку Фарыдуні ў Telegram — менавіта ў гэтым мэсэнджары, паводле затрыманага, зь ім «каля месяца таму» зьвязаўся «памочнік прапаведніка», які прапанаваў учыніць тэракт. Апошні раз Фарыдуні быў у Telegram удзень 18 лютага.
Імя «Абдулох», якое Шамсідзін Фарыдуні паказваў у сацыяльных сетках, дазваляе выказаць здагадку, што менавіта пра яго казаў на допыце іншы затрыманы, Далерджон Мірзоеў. Мірзоеў расказваў, што яго «прыяцель Абдуло» купіў белы Renault, на якім нападнікі прыехалі ў «Крокус Сіці Хол» і на якім яны накіраваліся ў Бранскую вобласьць, дзе іх затрымалі. Раней выданьне «Важные истории» выказала меркаваньне, што размова можа ісьці аб грамадзяніне Расеі і Таджыкістану Абдуло Бурыеве, і называла яго імаверным арганізатарам тэракту.
Такім чынам, можна прасачыць наступную храналёгію дзеяньняў Фарыдуні перад тэрактам у канцэртнай зале:
- 18 лютага Шамсідзін Фарыдуні апошні раз карыстаецца Telegram, празь які яго знайшоў «памочнік прапаведніка».
- 23 лютага Фарыдуні публікуе здымкі са стамбульскай мячэці Фаціх і з гатэлю ў гэтым горадзе.
- 2 сакавіка (паводле вэрсіі крыніц Reuters у турэцкіх службах бясьпекі) або 4 сакавіка (паводле самога абвінавачанага) Фарыдуні і яшчэ адзін удзельнік тэракту прылятаюць са Стамбула ў расейскую сталіцу.
- 22 сакавіка — тэракт у «Крокус Сіці Холе», які забраў жыцьці 139 чалавек.
Таджыцкая служба Радыё Свабода паразмаўляла са сваякамі яшчэ аднаго абвінавачанага ў стральбе ў «Крокус Сіці Холе», Мухамадсабіра Файзава. Яны расказалі, што іх сын «ня быў рэлігійным чалавекам» і зьбіраўся зьехаць на вучобу ў Кітай.
У аўторак, 26 сакавіка, Басманны суд Масквы арыштаваў яшчэ аднаго, ужо восьмага абвінавачанага ў справе аб тэракце ў «Крокус Сіці Холе», грамадзяніна Расеі кіргіскага паходжаньня Алішэра Касімава. Касімаў, як сьцьвярджае Сьледчы камітэт РФ, здаў кватэру Шамсідзіну Фарыдуні і іншым абвінавачаным. Касімаў кажа, што ня ведаў аб плянах сваіх жыхароў учыніць тэракт. Крыніцы зьвязанага з Крамлём Telegram-канала Brief, наадварот, сьцьвярджаюць, што ён быў у курсе іх намераў.
У ноч на панядзелак суд арыштаваў чацьвярых меркаваных удзельнікаў нападу на канцэртную залю, а на наступны дзень яшчэ трох затрыманых у справе аб тэракце. Сярод іх — Дылавар Ісламаў, які, паводле сьледзтва, быў апошнім уладальнікам белага Renault. Паводле Ісламава, ён прадаў аўтамабіль брату сваёй жонкі і быў шакаваны, калі ўбачыў машыну ў хроніцы зь месца тэракту.
Сьледзтва не паведамляла аб меркаваным матыве злачынства. Раней аб датычнасьці да нападу на «Крокус Сіці» заяўляла міжнародная групоўка «Ісламская дзяржава», прызнаная тэрарыстычнай у многіх краінах. Усяго ў справе затрымалі 11 чалавек. Восем зь іх арыштавалі да суду, пра лёс яшчэ траіх затрыманых нічога не вядома. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што ў выканаўцаў тэракту былі сувязі ва Ўкраіне: паводле яго, для іх уцёкаў падрыхтавалі «акно» на расейска-ўкраінскай мяжы. Доказаў гэтага Пуцін не агучыў. Украінскія афіцыйныя асобы гэтыя заявы зьняпраўджваюць.
22 сакавіка адбыўся тэракт у «Крокус Сіці Холе» ў падмаскоўным Краснагорску. Невядомыя адкрылі агонь па натоўпе, былі выбухі. Таксама падчас тэракту загарэўся будынак залі. У гэты час там меўся пачацца канцэрт гурту «Пікнік». Загінулі больш за 130 чалавек.