Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Успомніць тых, хто стаяў ля вытокаў незалежнасьці. Натальля Гардзіенка аб ушанаваньні памяці пра дзеячоў БНР

Успомніць тых, хто стаяў ля вытокаў незалежнасьці. Натальля Гардзіенка аб ушанаваньні памяці пра дзеячоў БНР


Магіла былога старшыні Рады БНР Язэпа Сажыча, пахаванага на беларускіх могілках у Іст-Брансьвіку і ягонай жонкі Барбары (Нью-Джэрсі, ЗША).
Магіла былога старшыні Рады БНР Язэпа Сажыча, пахаванага на беларускіх могілках у Іст-Брансьвіку і ягонай жонкі Барбары (Нью-Джэрсі, ЗША).

Натальля Гардзіенка — дасьледніца гісторыі эміграцыі, сябра ўправы Беларускага Інстытуту навукі й мастацтва (Нью-Ёрк). Пагаварылі зь ёй пра тое, як і дзе ўшанаваная памяць пра стваральнікаў БНР і куды беларусы могуць прыйсьці ў гэтыя сакавіцкія дні, адзначаючы Дзень незалежнасьці БНР.

«Практыка наведваньня пахаваньняў дзеячоў БНР 25 Сакавіка не такая даўняя»

— У беларусаў замежжа ёсьць традыцыя адзначаць Дзень Волі ўшанаваньнем памяці дзеячоў Беларускай Народнай Рэспублікі ў месцах, дзе яны пахаваныя. Новыя эмігранты, якія вымушаныя былі выехаць зь Беларусі пасьля пратэставага 2020-га, у асноўным ня чулі пра гэтую традыцыю. А што вам вядома пра тое, як і калі яна ўзьнікла? Дзе ўпершыню беларусы замежжа прыйшлі 25 Сакавіка да магілаў сваіх славутых папярэднікаў?

— Практыка наведваньня пахаваньняў дзеячоў БНР на Дзень Волі хіба што не такая даўняя. Мяркую, яна ідзе ад пачатку 1990-х і тычыцца найперш і найбольш беларусаў Прагі й Вільні. Раней прыходзіць да магілаў Пётры Крачэўскага й Васіля Захаркі на праскіх Альшанах было нават небясьпечна — сачылі спэцслужбы. А з пачаткам 1990-х паломніцтва да магілаў гэтых прэзыдэнтаў БНР для мясцовых беларусаў і тых, хто проста наведваў Прагу з турыстычнымі мэтамі, стала бадай што абавязкам.

Магіла былога старшыні Рады БНР Васіля Захаркі і яго жонкі Пелагіі ў Празе
Магіла былога старшыні Рады БНР Васіля Захаркі і яго жонкі Пелагіі ў Празе

Ну, а на Дзяды ці на 25 Сакавіка — традыцыяй. Сёньня да згаданых пахаваньняў двух прэзыдэнтаў БНР на Альшанах можна дадаць яшчэ магілу Міколы Вяршыніна, адносна нядаўна знойдзеную беларускім дасьледнікам Сяргеем Кнырэвічам. І можна пашкадаваць, што не захавалася магіла яшчэ аднаго дзеяча БНР Тамаша Грыба.

Натальля Гардзіенка. Архіўнае фота
Натальля Гардзіенка. Архіўнае фота

Са зьяўленьнем ў Вільні кенатафа братоў Луцкевічаў ён таксама стаў лягічным месцам ушанаваньня памяці БНР для мясцовых беларусаў і наведнікаў літоўскай сталіцы.

Магіла старшыні Рады БНР Міколы Абрамчыка і яго жонкі Ніны ў Парыжы
Магіла старшыні Рады БНР Міколы Абрамчыка і яго жонкі Ніны ў Парыжы

Паваенныя беларускія эмігранты хоць і адзначалі з году ў год 25 Сакавіка ў розных краінах Эўропы й Амэрыкі, фактычна магчымасьці наведваць магілы дзеячоў БНР ня мелі. Шмат хто зь іх сам працягваў дзейнасьць БНР на эміграцыі, і сёньня ўжо іхныя пахаваньні могуць быць аб’ектамі ўшанаваньня.

«Значная частка айцоў БНР скончыла свой шлях у ГУЛАГу»

— Вашая зь Лявонам Юрэвічам «Кніга могілак» дае адрасы памяці сотняў выбітных дзеячоў беларускай эміграцыі. Пра ўсіх расказаць у межах гэтай гутаркі немагчыма, таму просім нагадаць хаця б пра месцы вечнага спачыну прэзыдэнтаў БНР і самых блізкіх іхных паплечнікаў. Да каго зь іх, у якой краіне, на якія могілкі могуць 25 сакавіка прыйсьці новыя беларускія эмігранты?

— Як мы ведаем, значная частка айцоў БНР скончыла свой шлях у ГУЛАГу, і ўшаноўваць іх магілы праблематычна. Тым больш каштоўныя тыя пахаваньні, што знаходзяцца ў Заходняй Эўропе ці Амэрыцы. Па-за згаданымі ўжо праскімі й віленскімі пахаваньнямі, з найбліжэйшых да Беларусі, напэўна, найбольш ведамыя надмагільны помнік Кляўдушу Дуж-Душэўскаму, адкрыты летась на Пятрашунскіх могілках у Коўне, і магіла Алеся Гаруна на Ракавіцкіх могілках у Кракаве.

Кніга Натальлі Гардзіенкі і Лявона Юрэвіча
Кніга Натальлі Гардзіенкі і Лявона Юрэвіча

Далей у Эўропе можна згадаць магілу першага паваеннага прэзыдэнта БНР Міколы Абрамчыка на могілках Пэр-Ляшэз у Парыжы. А лёнданскія беларусы могуць адведаць адносна нядаўна адноўленую магілу ягонага паплечніка па паваеннай БНР, былога слуцкага паўстанца Лявона Рыдлеўскага на Hampstead Cemetery.

Магіла Лявона Рыдлеўскага ў Лёндане
Магіла Лявона Рыдлеўскага ў Лёндане

У Чыкага на Elmwood Cemetery пахаваны першы старшыня Народнага Сакратарыяту БНР Язэп Варонка, а на могілках Сьв. Адальбэрта або Сьв. Войцеха (Saint Adalbert Cemetery) — іншы ведамы дзяяч БНР Янка Чарапук-Змагар. Абодва былі таксама заснавальнікамі першых беларускіх арганізацыяў у ЗША на пачатку 1920-х гадоў. Праўда, надмагільлі іх надзвычай простыя, непрыкметныя й прадметам асаблівага ўшанаваньня пакуль, здаецца, амаль не былі. Хіба што толькі апошнія пару гадоў.

Найбольш знакавыя пахаваньні, зьвязаныя з паваеннай Радай БНР, знаходзяцца ў нью-джэрзійскім Іст-Брансьвіку. Там, уласна, сам могільнік заснаваны прыхільнікамі Рады БНР. На ім пахаваныя й два паваенныя прэзыдэнты БНР Вінцэнт Жук-Грышкевіч і Язэп Сажыч, і сябры прэзыдыюму паваеннай Рады БНР Аляксандар Стагановіч, Янка і Станіслаў Станкевічы, Вітаўт Тумаш, Янка Запруднік і шматлікія іншыя, а таксама колішні ўдзельнік Першага Ўсебеларускага кангрэсу Язэп Гладкі.

У Кліўлэндзе на беларускай частцы Riverside Cemetery пахаваны адзін зь першых прэм’ер-міністраў паваеннай БНР Аўген Каханоўскі (Калубовіч).

Магіла Аляксандра Стагановіча і яго жонкі Марыі
Магіла Аляксандра Стагановіча і яго жонкі Марыі

У канадыйскім Таронта суродзічы могуць ушанаваць радных паваеннай БНР, пісьменьніка Кастуся Акулу й грамадзкага дзеяча Міколу Ганько, на Pine Hills Cemetery, а ў Кінгстане на Cataraqui Cemetery — яшчэ аднаго раднага, Алеся Грыцука.

Па-за тым радныя паваеннай БНР пахаваныя ў Аўстраліі, Бэльгіі, Францыі, Швэцыі, Нямеччыне й іншых краінах.

«Большасьць дзеячоў даваеннай БНР, хоць і ня так годна, як хацелася б, ушанаваная ў самой Беларусі»

— Апрача помнікаў на магілах, якім чынам, дзе і хто зь дзеячоў БНР ушанаваны ў сьвеце?

— Напэўна, большасьць дзеячоў даваеннай БНР, хоць і ня так годна, як хацелася б, ушанаваная ў самой Беларусі ў назвах вуліцаў, мэмарыяльных шыльдах і іншых месцах памяці. У Менску ёсьць памятны знак у гонар Івана і Антона Луцкевічаў, у Глыбокім — бюст Вацлава Ластоўскага, а ў Полацку — дуб ягонага імя; у Івацэвічах — шыльда ў гонар Рамана Скірмунта, у вёсцы Максімаўка на Маладачаншчыне — памятны знак у гонар Сымона Рак-Міхайлоўскага. У Драгічыне імем Івана Луцкевіча названая вуліца, у Маладэчне, Стоўпцах, Мікалаеўшчыне ёсьць вуліцы Язэпа Лёсіка, у Менску — вуліцы Алеся Гаруна, Браніслава Тарашкевіча (у ягоны ж гонар у Маладэчне й Радашкавічах). Безумоўна, гэтага надзвычай мала. Імёнамі Антона Луцкевіча ці Вацлава Ластоўскага маюць называцца праспэкты.

Па-за межамі Беларусі самі беларусы ўшаноўваюць памяць пра «айцоў БНР», прыкладам, у назвах такіх арганізацыяў, як Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча ў Вільні, Беларуская фундацыя Крачэўскага ў Нью-Ёрку. У Вільні ёсьць памятныя шыльды ў гонар Вацлава Ластоўскага й Браніслава Тарашкевіча. Таксама суродзічы-эмігранты цягам ХХ ст. выдавалі паштоўкі з выявамі дзеячоў БНР, ладзілі прысьвечаныя ім імпрэзы ў розных краінах.

Зь міжнародных адзнак можна згадаць, як у 2004 годзе на просьбу мясцовай габрэйскай грамады стваральнік бел-чырвона-белага сьцяга Кляўдуш Дуж-Душэўскі й ягоная жонка Алена былі адзначаныя дзяржаўнай узнагародай Літвы (Крыжам за ратаваньне ад пагібелі) за ўратаваньне габрэйскай дзяўчынкі ў часе Галакосту.

Магіла Кляўдуша Дуж-Душэўскага ў Коўне
Магіла Кляўдуша Дуж-Душэўскага ў Коўне

«Хацелася б, каб навуковых дасьледаваньняў пра стварэньне БНР было больш»

— А якія кнігі і асобныя творы напісаныя беларускімі дасьледчыкамі пра падзеі, зьвязаныя з абвяшчэньнем Беларускай Народнай Рэспублікі?

— Падзеям абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, яе дзейнасьці да й пасьля Другой сусьветнай вайны прысьвечана багата публікацыяў. Хоць, безумоўна, хацелася б, каб іх было яшчэ болей. З навуковых абагульняльных прац найперш адзначу манаграфію Дароты Міхалюк «Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918–1920 г.г.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасьці» (2015) . Для ж мяне асабіста як гісторыка найбольш цікавыя публікацыі ўласна гістарычных крыніц, у якіх адлюстраваныя падзеі часоў абвяшчэньня БНР. І тут нельга абмінуць выдадзеныя Сяргеем Шупам дзьве часткі першага тому «Архіваў БНР», а таксама другі том тых самых «Архіваў», укладзены Андрэем Бучам і Аляксандрам Горным.

Магіла Міколы Ганько і яго жонкі Марыі
Магіла Міколы Ганько і яго жонкі Марыі

Аднак варта згадаць, што матэрыялы, прысьвечаныя падзеям 1917–1918 гадоў, публікаваліся і ў 1920-я, і ў паваенны час, у тым ліку й на эміграцыі. Так, на старонках альманаху «Запісы Беларускага інстытуту навукі й мастацтва» др. Янка Запруднік публікаваў у 1970-х і розныя ўспаміны пра Першы Ўсебеларускі кангрэс, і пашпарт і іншыя дакумэнты БНР, і шматлікія згадкі й сьведчаньні тагачасных падзеяў. А ў 1988-м беларускія дасьледнікі Зора й Вітаўт Кіпелі выдалі ў Нью-Ёрку першы ангельскамоўны зборнік дакумэнтаў і сьведчаньняў пра гісторыю беларускай дзяржаўнасьці — хрэстаматыю «Byelorussian Statehood».

Мы з маім калегам і суаўтарам Лявонам Юрэвічам таксама спрычыніліся да пашырэньня кола апублікаваных крыніц да гісторыі БНР, калі цягам 2013–2015 гадоў выдалі тры тамы гісторыі паваеннай Рады БНР: у 2017 годзе «Выбранае» Тамаша Грыба, у 2020-м — зборнік спадчыны Краўцова Макара (Касьцевіча). І цяпер працуем над выданьнем у БІНіМе новай сэрыі «Спадчына БНР» з асобнымі зборнікамі тэкстаў Кастуся Езавітава, Пётры Крачэўскага, Васіля Захаркі, Антона Адамовіча й іншых.

«Больш як за стагодзьдзе твораў, прысьвечаных 25 сакавіка, напісана багата»

— Якія самыя яркія мастацкія творы пра Дзень Незалежнасьці БНР можаце згадаць перад сьвятам і параіць іх паглядзець і пачытаць маладым наступнікам айцоў БНР?

Больш як за стагодзьдзе твораў, прысьвечаных 25 сакавіка, напісана багата. На мае сёньняшнія стан і настрой найболей, напэўна, кладзецца верш Натальлі Арсеньневай.

25-ты Сакавік

Ён прыйдзе, гэты дзень!
Ён не прыйсьці ня можа!
Ён прыйдзе —
й загудзе вясновы буралом,
пакрышыць, разьмяце,
раскідае, зьніштожыць
усё, што нам шляхі да хаты замяло!
Ці чуеце?
Аб ім
шасьціць быльнёг аселіц,
пяюць вятры ў лазе
і звоніць крыгаў лёд.
Ахвяраю крыві,
а Слова стане Целам,
і ўжо ніколі больш ня ўстане Чорны Год.
Няхай бярэмя він
прыгнула нас, і крылы
апалі,
й хлеб чужы нясмачны і важкі,
няхай нас апавіў
тугой агорклы вырай, —
трывайма!
Ён ідзе —
Вялікі Сакавік!
Ідзе...
й пад ногі рунь
яму кладзецца, таюць
сьнягі, на паплавох зяленіцца трава...
Радзіма!
Беларусь!
Каханая, сьвятая!
Багаславі нас жыць
і веру захаваць!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG