У студзені 2024 году КЛДЖ зарэгістраваў скаргу Андрэя Шарэнды адносна дыскрымінацыі ягонай жонкі Паліны Шарэнды-Панасюк, якую незаконна асудзілі за нібыта абразу прадстаўнікоў улады і прымяненьне гвалту ў дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі, а пазьней двойчы — за злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі.
Паліна адбывае тэрмін у папраўчай калёніі і ўвесь гэты час знаходзіцца ў невыносных умовах: яе шматразова ўтрымлівалі ў ШЫЗА і ПКТ, ёй не аддавалі перадач (у тым ліку мэдыцынскіх пасылак зь лекамі) і лістоў, не выдавалі пасьцельнай бялізны, у камэрах не было ацяпленьня і гарачай вады. Знаходжаньне ў бесчалавечных умовах моцна паўплывала на Паліну і значна пагоршыла стан яе здароўя, але адміністрацыя калёніі ніяк не рэагавала на шматлікія просьбы забясьпечыць яе неабходная мэдыцынскай дапамогай.
З 8 студзеня 2024 году з Палінай няма сувязі: ад яе не прыходзяць лісты і адвакату не даюць убачыцца зь ёй.
У сувязі з гэтым юрысты арганізацыі Respect-Protect-Fulfill зьвярнуліся да КЛДЖ з просьбай прыняць часовыя захады ў гэтай справе.
Камітэт пагадзіўся з аргумэнтамі юрыстаў і папрасіў Беларусь «у тэрміновым парадку забясьпечыць Паліне Шарэндзе-Панасюк паўнавартасную і належную мэдыцынскую дапамогу і стварыць умовы, якія б спрыялі захаваньню яе жыцьця, фізычнага і псыхалягічнага здароўя».
Часовыя меры КЛДЖ абавязковыя да выкананьня. Забесьпячэньне часовых мераў у гэтым выпадку зьяўляецца важным крокам у разьвіцьці практыкі КЛДЖ у справах супраць уладаў Беларусі, бо гэта першы выпадак у гісторыі працы беларусаў з гэтым мэханізмам.
- Камітэт ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненьні да жанчын ААН — гэта міжнародны орган, які сочыць за выкананьнем Канвэнцыі аб ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненьні да жанчын. Беларусь удзельнічае ў гэтаай Канвэнцыі з 1981 году. Зварот у КЛДЖ — адзін зь нешматлікіх шляхоў, якім беларускі могуць адстойваць свае правы ў міжнародных прававых мэханізмах.
- Respect-Protect-Fulfill — беларуская незалежная няўрадавая некамэрцыйная праваабарончая арганізацыя, якая базуецца ў Літве і прасоўвае правы чалавека ў Беларусі і за яе межамі праз стратэгічныя справы ў грамадзкіх інтарэсах. Працуе з органамі ААН і іншымі міжнароднымі мэханізмамі, аддаючы прыярытэт тэмам, якія яшчэ не былі аб’ектам іх увагі.