Сьцісла:
- Лукашэнка са сваім шматгадовым досьведам аўтарытарнага кіраваньня і вялізнай прагай улады адчувае сапраўдныя памкненьні і мэты Пуціна куды больш тонка, чым многія іншыя. У апошні час ён зусім не выглядае заспакоеным і ўпэўненым у стабільнасьці свайго рэжыму.
- «Формула міру», прапанаваная Дзьмітрыем Мядзьведзевым — ідэальная мэта Пуціна, задача-максымум, якую ставіць перад сабой Крэмль у вайне супраць Украіны. Але ажыцьцяўленьне яе магчымае толькі ў выпадку поўнага разгрому ўкраінскіх войскаў.
- Калі ў Крамлі паставілі за мэту поўную ліквідацыю незалежнасьці Ўкраіны, то якую будучыню там перадвызначылі для Беларусі? Зусім магчыма, куртатую аўтаномію, у падзяку за паслухмянасьць і пакорлівасьць — такую ж, якую маюць у РФ Татарстан альбо Бурація.
- Фраза Гітлера пасьля згоды прэзыдэнта Эміля Гахі на анэксію Чэхіі («Цяпер я самы вялікі немец!») — жаданьне любога перапоўненага аплёмбам і славалюбствам правадыра, які лічыць сябе выратавальнікам нацыі і аднаўляльнікам вялікай імпэрыі.
Здавалася б, навошта Пуціну ў цяперашніх умовах, калі вырашаны ўсе электаральныя задачы і няма вострай патрэбы стымуляваць народную любоў, пашыраць расейскія межы яшчэ і за кошт Беларусі? Тым больш што Лукашэнка цалкам залежны, паслухмяны і падкантрольны. Ці ня лепш, наадварот, прадэманстраваць на прыкладзе Беларусі, што страхі Захаду адносна экспансіянісцкіх плянаў Масквы перабольшаныя, а Крэмль умее ўдзячна ставіцца да сваіх адданых саюзьнікаў? Асабліва ўлічваючы той факт, што беларускі сувэрэнітэт пад націскам інтэграцыйных плянаў Масквы і так шпаркімі тэмпамі скурчваецца і ў пэрспэктыве ад яго мала што застанецца?
Але ў асобаў кшталту Пуціна свая лёгіка і свая матывацыя, якую людзям, не надзеленым уладай (і вялізнай прагай улады) зразумець складана, калі ўвогуле магчыма. У гэтым сэнсе Лукашэнка са сваім шматгадовым досьведам аўтарытарнага кіраваньня і падобнай жа прагай улады адчувае сапраўдныя памкненьні і мэты Пуціна куды больш тонка, чым многія іншыя палітыкі. І што адметна: у апошні час ён зусім не выглядае заспакоеным і ўпэўненым у стабільнасьці сытуацыі.
Зьвярнуў бы тут увагу на некаторыя ягоныя рэплікі за некалькі дзён да пуцінскіх выбараў, падчас выступу перад набліжанымі чыноўнікамі на Дзень Канстытуцыі 15 сакавіка.
Згадваючы пра падзеі 2020 году, ён нечакана загаварыў пра свае цяперашнія трывогі:
«Сёньня яшчэ больш небясьпечная сытуацыя. Больш небясьпечная тым, што мы яе ня бачым. Напалову ня бачым. І я ў тым ліку, маючы вялікі аб’ём інфармацыі. Таму трэба акуратна. Ідзём па тонкім лёдзе. Лішні няправільны крок — правалімся. Нас ніхто ня выратуе. А самі абараніцца і сябе выратаваць мы ня здолеем. Акулы вакол такія, што, не пасьпеем азірнуцца, зьядуць».
У чый адрас гэтыя цьмяныя намёкі і падазрэньні? Калі ўсё гэта толькі ў агарод Захаду, то чаму «ніхто ня выратуе», калі за плячыма такі магутны саюзьнік, як пуцінская Расея? І хто гэтыя «акулы», якія ў любы момант гатовыя зьесьці?
Далей Лукашэнка згадвае пра нейкіх ананімных «зайздросьнікаў», заклікае «трымацца ў імя выратаваньня нашай краіны», запэўнівае, што ад яго самога ня варта чакаць «ні здрады, ні зьмены нейкага курсу ўлева-ўправа». І заканчвае папярэджаньнем у адрас ворагаў, зь якога становіцца зразумелым, што ворагі ўсё ж ня толькі на Захадзе:
«Таму я прама сказаў, каб заходнікі ды іншыя разумелі, што ў Беларусі ёсьць моцная ўлада. Мы часта пра гэта гаворым. Але растапыранымі пальцамі ніхто яе трымаць ня будзе».
Што ў Мядзьведзева на языку...
«Формула міру», прапанаваная ў сярэдзіне сакавіка былым расейскім прэзыдэнтам (і цяперашнім намесьнікам кіраўніка Савету бясьпекі РФ) Дзьмітрыем Мядзьведзевым, прагназавана ня выклікала колькі-небудзь сур’ёзнай рэакцыі ў сьвеце. Эксцэнтрычныя, перапоўненыя лаянкай і зьнявагамі эскапады Мядзьведзева, ягоныя гіпэрбалізаваныя і гіпэртрафаваныя, а часам карыкатурныя і вонкава абсурдныя высновы і прапановы палітызаваная публіка ўспрымала спачатку са зьдзіўленьнем і абурэньнем, а празь нейкі час — зь іроніяй і ўсьмешкай. Між тым ня першы раз заўважана: Мядзьведзеў у грубай форме агучвае таемныя жаданьні і памкненьні Пуціна, тое, што сам Пуцін, можа, і хацеў бы, але ня можа з тых ці іншых прычынаў выказаць. І гэтаму ёсьць лягічнае тлумачэньне: Мядзьведзеў застаецца набліжаным да Пуціна. Ён, без сумневу, кантактуе зь ім і карыстаецца ягоным даверам. Тое, што Мядзьведзеў апублічвае ў сваіх тэлеграм-каналах, відавочна, падабаецца Пуціну і ўхваляецца ім. А магчыма, і пачута ад самога Пуціна ў прыватных размовах.
«Формула міру», апублікаваная Мядзьведзевым тыдзень таму, — гэта, верагодна, ідэальная мэта, задача-максымум, якую ставіць перад сабой Крэмль у вайне супраць Украіны: падпісаньне Кіевам поўнай і безумоўнай капітуляцыі; пазбаўленьне Ўкраіны міжнароднай правасуб’ектнасьці і прызнаньне немагчымасьці ўступленьня ў вайсковыя альянсы бяз згоды на тое Расеі; адстаўка ўсіх канстытуцыйных органаў улады і правядзеньне выбараў у часовы парлямэнт пад эгідай ААН; выплата кампэнсацый і рэпарацый Расеі... Але найбольш уражвае тое, якой бачыць Мядзьведзеў (а зь ім і цяперашняе расейскае кіраўніцтва) будучыню Ўкраіны і ўкраінскай нацыі. Фінальны пункт «формулы міру»: «Прызнаньне часовым украінскім парлямэнтам, што ўся тэрыторыя Ўкраіны — гэта тэрыторыя Расеі. Прыняцьце пакту аб узьяднаньні з Расеяй».
Калі такая пэрспэктыва прызначаная для Ўкраіны і ўкраінцаў, то якую будучыню перадвызначылі ў Крамлі для беларусаў і Беларусі? Магчыма, куртатую аўтаномію — у падзяку за паслухмянасьць і пакорлівасьць? Прыкладна такую ж, якую маюць у РФ Татарстан альбо Бурація. Але наўрад ці на ўзор СССР: Пуцін яўна ня схільны адраджаць імпэрыю паводле ленінскага пляну зь ягоным прынцыпам «права на аддзяленьне». Сваё непрыняцьце ленінскай мадэлі саюзнай дзяржавы Пуцін выказваў неаднаразова, паколькі не без падстаў расцэньвае яе як адну з галоўных перадумоў распаду СССР у 1991 годзе.
Паміж Мюнхэнам і Бэрлінам
Што можа здарыцца зь невялікай незалежнай краінай, калі суседняя імпэрыя апанаваная прагай экспансіі? Яшчэ з часу анэксіі Крыму агульным месцам сталі паралелі паміж пуцінскай Расеяй і Нямеччынай сярэдзіны 30-х гадоў, калі Гітлер яшчэ толькі ўбіраўся ў сілу і распачынаў свае захопніцкія войны. Фантомныя болі разваленай імпэрыі, выразны запыт у грамадзтве на моцнага лідэра, прага рэваншу — аналёгіі больш чым празрыстыя і відавочныя. І звычайна, разважаючы на гэту тэму, найбольш увагі ўдзяляюць Мюнхэнскай змове 1938 году, вынікам якой стала маўклівая згода заходніх дзяржаў на анэксію чэскіх Судэтаў. Мюнхэнская змова сапраўды была беспрэцэдэнтнай капітуляцыяй сілы, якой валодалі заходнія дэмакратыі, перад хамствам і рашучасьцю дыктатуры.
Пры гэтым мала хто згадвае пра далейшы лёс тагачаснай Чэхаславаччыны — ужо з усіх бакоў абрэзанай, але яшчэ незалежнай. А яна ж далёка не адразу — ня ўвосень 1938-га — стала правінцыяй Трэцяга Райху. У чымсьці тыя некалькі месяцаў яе існаваньня — да вясны 1939-га — нагадваюць цяперашнюю Беларусь. Прынамсі, выклікаюць пэўныя асацыяцыі і падштурхоўваюць да роздуму пра тое, што можа здарыцца зь Беларусьсю ў найбліжэйшы час.
Быў прэзыдэнтам незалежнай дзяржавы — стаў прэзыдэнтам пратэктарату
Яшчэ ўвосень 1938-га Гітлер нібыта не зьбіраўся цалкам пазбаўляць Чэхаславаччыну незалежнасьці. Абяцаў, што Судэты — гэта апошняе патрабаваньне Нямеччыны, далей Эўропу чакае гарантаваны мір. Легкаверны Чэмбэрлен на першым часе спрабаваў падаць гэта сьвету як сваё вялікае дасягненьне...
Але мінула ўсяго некалькі месяцаў — і ўсё кардынальна зьмянілася. Што адметна, вонкава ніякай патрэбы ні ў далейшай анэксіі, ні ў поўнай акупацыі Чэхіі нібыта не было. Прыніжаная, дэмаралізаваная, пазбаўленая многіх памежных тэрыторый Чэхаславаччына на той момант і так была цалкам паслухмянай Райху. Новы прэзыдэнт Эміль Гаха ажыцьцяўляў пранямецкую палітыку, выконваў усе дырэктывы Бэрліну. І ўсё роўна гэтага аказалася замала. Чаму?
На пачатку 1939 году Райх, які на той момант шпаркімі тэмпамі праводзіў мілітарызацыю, сутыкнуўся зь фінансавым крызісам, выкліканым вялізнымі ваеннымі выдаткамі. Востра была патрэбна валюта. І тут Гітлер успомніў пра суседнюю Чэхаславаччыну зь яе немалым залатым запасам і вялікай колькасьцю сучасных прамысловых прадпрыемстваў. Чаму б цалкам не далучыць яе да Райху, замест таго каб кожны раз пытацца згоды ў чэхаў на выкарыстаньне іхных рэсурсаў?
Калі 15 сакавіка 1939 году прэзыдэнт незалежнай Чэхаславаччыны Эміль Гаха тэрмінова па выкліку Гітлера ехаў разам зь міністрам замежных спраў Хвалкоўскім з Прагі ў Бэрлін, ён дакладна ня ведаў, дзеля чаго спатрэбіўся фюрэру. Гітлер знарок прымусіў чакаць яго некалькі гадзін і блукаць па калідорах райхсканцылярыі, у той час як сам глядзеў нейкі фільм. У кабінэт фюрэра кіраўнікі Чэхаславаччыны трапілі толькі паміж першай і другой гадзінамі ночы.
Далей быў шантаж з боку Гітлера: альбо Гаха паслухмяна пагаджаецца на нямецкую акупацыю і ператварэньне краіны ў пратэктарат (і тады фюрэр абяцае захаваць Чэхіі сякую-такую аўтаномію і гарантуе самому Гаху ганаровую пасаду), альбо неадкладнае ўварваньне Вэрмахту і ўзброены захоп краіны. Калі Герынг, які прысутнічаў пры размове, прыгразіў, што ягоная Люфтвафэ гатова хоць зараз разбамбіць Прагу, у Эміля Гахі здарыўся сардэчны прыступ. Яму выклікалі лекара і ўратавалі. Пасьля чаго перапалоханы прэзыдэнт падпісаў дакумэнт, згодна зь якім ён, «перапоўнены даверам, уручае лёс чэскага народу і краіны ў рукі фюрэра Германскага райху».
«Я ўвайду ў гісторыю як самы вялікі немец»
Характэрная нейкая амаль дзіцячая радасьць Гітлера, які ў той момант, калі агаломшаны Гаха выйшаў з кабінэта, раптам страціў усю сваю звыклую высакамерную манэру трымацца. Як апісвае той момант у сваёй кнізе адзін з найбольш аўтарытэтных біёграфаў Гітлера нямецкі гісторык Ёахім Фэст, фюрэр «ва ўтрапеньні рвануўся ў пакой сваіх сакратарак і запатрабаваў расцалаваць яго: «Дзетачкі, — крыкнуў ён, — Гаха падпісаў! Гэта самы вялікі дзень майго жыцьця. Я ўвайду ў гісторыю як самы вялікі немец».
Гэтая непасрэдная рэакцыя цікавая найперш тым, што яскрава паказвае сапраўдныя мэты і памкненьні такога тыпу людзей. Чым рэальныя мэты Пуціна адрозьніваюцца ад тых, дасягненьнем якіх так радаваўся Гітлер? Вось яна, сапраўдная мара: «Я ўвайду ў гісторыю як самы вялікі...». Гэта элемэнтарнае жаданьне перапоўненага аплёмбам і славалюбствам правадыра, які лічыць сябе выратавальнікам нацыі і аднаўляльнікам вялікай імпэрыі. Сутнасьць у гэтым. І ня варта вышукваць і прыдумляць нейкія іншыя мудрагелістыя прычыны і матывы.
Ілюзія дзяржаўнасьці
Адметна, што некаторыя свае абяцаньні ў дачыненьні да Эміля Гахі Гітлер выканаў. Яму прыдумалі ганаровую пасаду («дзяржаўны прэзыдэнт пратэктарату Багеміі і Маравіі»). Дзеля залагоджваньня Чэхіі і як знак падзякі за паслухмянасьць Гітлер пакінуў новаму пратэктарату шмат якіх дзяржаўных атрыбутаў — гістарычны герб і гімн (сьцяг, праўда, быў прыдуманы новы, дарэчы, вельмі падобны на цяперашні расейскі). Іх дэманстравалі падчас урачыстых імпрэзаў побач з нацысцкай сымболікай Чэскую мову нацысты пакінулі ў якасьці другой афіцыйнай, нароўні зь нямецкай. Дазволілі нават уласную чэскую валюту і паштовыя маркі. Чым не ілюзія дзяржаўнасьці?
У рэальнасьці ўсё гэта было бутафорскім, цацачным. Прэзыдэнт Гаха застаўся «вясельным генэралам», а рэальную ўладу ў Чэхіі атрымалі прызначаны Гітлерам райхспратэктар і фашысцкае гестапа, якое тут жа распачало свае «зачысткі» і акцыі супраць чэскіх палітыкаў і інтэлігенцыі.
І ўсё ж рэжым такой акупацыі быў істотна больш мяккім, чым у тых краінах, якія не пагадзіліся на гітлераўскія ўльтыматумы і аказалі ворагу супраціў. Найбольш адметны прыклад — Польшча. І тут таксама міжволі напрошваюцца самыя змрочныя паралелі зь лёсам сёньняшніх Украіны і Беларусі.
Лёс прэзыдэнта, які пагадзіўся стаць марыянэткай
Які лёс напаткаў самога Эміля Гаху? На першым часе ён, апошні прэзыдэнт перадваеннай незалежнай Чэхаславаччыны і першы (і апошні) прэзыдэнт пратэктарату, спрабаваў паказваць нораў, пратэставаў супраць палітыкі анямечваньня і нават таемна супрацоўнічаў з прэзыдэнтам Чэхаславаччыны ў выгнаньні Бэнэшам. Аднак гітлераўскі пратэктар Гейдрых хутка паказаў яму ягонае сапраўднае месца. Многія сябры, паплечнікі, калегі Гахі (уключна з прэм’ер-міністрам Алаізам Эліяшам) былі арыштаваны і кінуты ў канцлягеры альбо расстраляны. Сам Гаха страціў увесь свой палітычны ўплыў і вымушаны быў дзеля самаапраўданьня паўтараць і запэўніваць чэхаў, што супраца з акупантамі — адзіны спосаб выратаваць свой народ і краіну.
Эміля Гаху арыштавалі 13 траўня 1945 году, праз чатыры дні пасьля таго, як у Прагу ўвайшла Чырвоная армія. 27 чэрвеня 1945 году ён памёр у турме Панкрац пры да канца ня высьветленых абставінах. Некаторыя лічаць, што гэта было палітычнае забойства. Былога прэзыдэнта пахавалі ў безыменнай магіле на Вінаградах. Праўда, цяпер, празь некалькі дзесяцігодзьдзяў пасьля вайны, на ягонай магіле ўсё ж зьявіўся помнік.
На момант сьмерці Эмілю Гаху было 72 гады.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.