Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад інтэграцыі да далучэньня? Як беларускае заканадаўства зьлівалася з расейскім і да чаго гэта прывяло


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. Масква, 18 лютага 2022
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. Масква, 18 лютага 2022

Журналісты некалькіх выданьняў расказалі пра сакрэтны плян Расеі, мэта якога — далучэньне Беларусі. Паглядзелі, як беларускія ўлады ішлі да такой «інтэграцыі».

Журналісты-расьсьледавальнікі расказалі пра ўнутраны дакумэнт расейскіх уладаў пад назвай «Стратэгічныя мэты Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі». У расьсьледаваньні ўдзельнічаў кансорцыюм журналістаў з Süddeutsche Zeitung, WDR, NDR, Yahoo News, Delfi Eesti, цэнтру «Дасье», Expressen, Independent, Frontstory, «Беларускага расьсьледавальніцкага цэнтру» і VSquare.

Дакумэнт, арыгінал якога расьсьледавальнікі не апублікавалі, датуецца летам 2021 году і зьмяшчае 17 старонак. У ім пералічаны палітычныя, абаронныя, гандлёвыя і сацыяльныя мэты расейскіх уладаў у Беларусі. Яны падзелены на тры катэгорыі — кароткатэрміновыя (да 2022 году), сярэднетэрміновыя (да 2025 году) і далёкатэрміновыя (2030 год).

У дакумэнце прапісаныя наступныя задачы:

  • Рэформа Канстытуцыі і войска
  • Гарманізацыя беларускіх законаў з расейскімі
  • Энэргетычная інтэграцыя
  • Убудова Беларускай АЭС у адзіную энэргетычную сыстэму, перанакіраваньне грузаў з балтыйскіх у расейскія парты
  • Яшчэ адна мэта — уплыў Расеі ў сацыяльнай палітыцы, культуры і адукацыі.

Глядзім, як беларускія ўлады мянялі пляны і заканадаўства пад мэты Расеі.

2018–2019 год. Шчыльная інтэграцыя

Беларуска-расейская інтэграцыя, уніфікацыя заканадаўства, аб’яднаньне мытні і энэргарэсурсаў былі прапісаныя яшчэ ў Саюзнай дамове ад 1999 году.

У 2018 годзе прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў у Берасьці згадваў пра існаваньне «саюзнай дамовы» і прапанаваў два варыянты інтэграцыі Расеі і Беларусі. «Кансэрватыўны» — гэта значыць пакінуць усё як ёсьць. І «прасунуты» — выканаць нарэшце «саюзную дамову» ад 1999 году, што азначае адзіную падатковую, цэнаўтваральную і тарыфаўтваральную палітыку. Гэтае выказваньне назвалі «ўльтыматумам».

У Беларусі ўлады пачалі актыўна супраціўляцца гэтаму. На сустрэчы з расейскімі мэдыя ў сьнежні 2018 году Лукашэнка назваў такую інтэграцыю інкарпарацыяй.

Па выніках тых спрэчак урады Беларусі і Расеі пачалі дапрацоўваць так званыя «дарожныя мапы» інтэграцыі. Што было прапісана ў іх, тады грамадзтва дакладна ня ведала. 2019 год скончыўся толькі размовамі пра інтэграцыю, якую Лукашэнка называў «інкарпарацыяй». 7 сьнежня 2019 году ў Менску пачаліся рэгулярныя акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй, у якіх бралі ўдзел да тысячы чалавек. Акцыі праходзілі некалькі выходных запар.

Верасень 2021 году. Падпісаньне «дарожных мапаў» па інтэграцыі

У 2020 годзе размовы пра інтэграцыю адышлі на другі плян на фоне палітычнага крызісу ў Беларусі і масавых пратэстаў супраць дзеючай улады. Да інтэграцыйных размоў вярнуліся ў 2021 годзе: ужо ў верасьні апублікавалі і падпісалі ўсе 28 «дарожных мапаў» інтэграцыі.

Сярод іншага, у «дарожных мапах» прапісваліся канкрэтныя крокі, якія патрабавалі зьмены беларускага заканадаўства, а менавіта:

  • Інтэграцыя плацёжных сыстэмаў
  • Інтэграцыя інфармацыйных сыстэмаў дзяржаўных кантрольных органаў, што да адсочвальнасьці тавараў
  • Інтэграцыя інфармацыйных сыстэмаў маркіроўкі тавараў
  • Інтэграцыя інфармацыйных сыстэмаў транспартнага кантролю дзяржаўных кантрольных органаў
  • Фармаваньне аб’яднаных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў
  • Фармаваньне абʼяднанага рынку электрычнай энэргіі
  • Разьвіцьцё атамнай энэргетыкі
  • Уніфікацыя заканадаўства ў сфэры турысцкай дзейнасьці

Лістапад 2021 году. Дэкрэт Саюзнай дзяржавы

4 лістапада 2021 году на паседжаньні Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы Лукашэнка і Пуцін падпісалі дэкрэт «Аб асноўных кірунках рэалізацыі палажэньняў Дамовы аб саюзнай дзяржаве на 2021–2023 гады». Ім былі зацьверджаныя 28 саюзных праграм, якія павінны былі стаць «практычнай асновай для паглыбленьня інтэграцыі» Беларусі і Расеі.

Гэты дэкрэт пацьвярджаў, што інтэграцыя далей будзе разьвівацца паводле апублікаваных раней 28 «дарожных мапаў».

Уладзімір Пуцін, Аляксандар Лукашэнка. Масква, 2021
Уладзімір Пуцін, Аляксандар Лукашэнка. Масква, 2021

Студзень 2022 году. Вайсковыя вучэньні «Саюзная рашучасьць»

Яшчэ ў сьнежні 2021 году Пуцін і Лукашэнка прынялі рашэньне правесьці сумесныя вайсковыя вучэньні «Саюзная рашучасьць». Яны пачаліся ў Беларусі 10 лютага 2022 году. Пасьля заканчэньня вучэньняў расейскія войскі засталіся ў Беларусі. А 24 лютага пачалося ўварваньне расейскіх войскаў ва Ўкраіну, у тым ліку праз тэрыторыю Беларусі.

Кастрычнік 2022 году. Сумесная групоўка войскаў

10 кастрычніка Лукашэнка і Пуцін дамовіліся аб разгортваньні ў Беларусі сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў. Па дадзеных беларускага Міністэрства абароны, групоўка ўключае ў сябе да 9 тысяч расейскіх вайскоўцаў, а таксама да 170 танкаў, да 200 браняваных машын, да 100 гармат.

«Усё, што напісана ў сакрэтным дакумэнце, і так рэалізуецца»

На думку палітычнага аглядальніка Свабоды Валера Карбалевіча, у сакрэтным дакумэнце, які апублікавалі журналісты, прапісаныя тыя дзеяньні, якія і так рэалізуюцца ў Беларусі. А папярэднічалі гэтаму яшчэ «дарожныя мапы» ў 2018 годзе.

«У прынцыпе, усё тое, што там напісана, цяпер рэалізуецца на практыцы. Іншая справа — ці сапраўды гэта дырэктыўны дакумэнт, ці проста праект. У любой бюракратычнай сыстэме гуляе шмат розных праектаў. Гэты праект датаваны 2021 годам, гэта яшчэ да вайны, зусім іншая эпоха. А там напісана пра 2025–2030 год. Такія далёкія пляны цяпер разглядаць не выпадае. Я б не гаварыў пра акупацыю ці інкарпарацыю.Усё, што там ёсьць, было і раней: пераход на адзіную валюту быў прадугледжаны Саюзнай дамовай 1999 году, гэта ж было і ў „дарожных мапах“», — кажа Валер Карбалевіч.

Палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч
Палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч

І заўважае, што ў апублікаваных дакумэнтах ідзе гаворка аб прывязцы Беларусі да Расеі, а не аб акупацыі.

Калі «дарожныя мапы» былі пра эканамічную ўніфікацыю, то апублікаваны цяпер дакумэнт — пра палітычную, мяркуе Валер Карбалевіч.

«Саюзныя праграмы гаварылі пра ўніфікацыю макраэканамічнай палітыкі і заканадаўства, а тут шырэйшы спэктар — гуманітарныя праблемы, ідэалягічныя, вайсковыя. Гаворка ідзе і пра ўніфікацыю і стварэньне наднацыянальных органаў у падатковай справе, у мытнай справе», — прыводзіць прыклад Валер Карбалевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG