18 сакавіка пайшоў з жыцьця знакаміты беларускі хакеіст Канстанцін Кальцоў. Апошнім часам ён працаваў памочнікам трэнэра ў башкірскім «Салават Юлаеве» з Уфы, у складзе якога ў 2011 годзе здабыў свой галоўны трафэй як гулец — Кубак Гагарына (прыз за перамогу ў Кантынэнтальнай хакейнай лізе).
Абставіны сьмерці 42-гадовага Кальцова ў Флорыдзе, штат Маямі, ЗША, дакладна не вядомыя. Факт сьмерці пацьвердзіла прэс-служба «Салавата Юлаева».
28 студзеня 2003 году Канстанцін Кальцоў дэбютаваў у наймацнейшай хакейнай лізе сьвету — НХЛ. Ён стаў пятым беларусам у гісторыі лігі, перад ім былі Аляксандар Андрыеўскі, Алег Мікульчык, Уладзімер Цыплакоў і Руслан Салей.
За акіянам ён выступаў за аўтарытэтны клюб «Пітсбург Пінгвінз» разам з такімі легендамі хакею як Марыё Лем'ё, Марцін Страка, Аляксей Кавалёў, Рэндзі Робітайл і Сідні Кросбі. Агулам за «пінгвінаў» Кальцоў будзе гуляць у 2002-2004 і 2005-2006, правядзе за іх 144 гульні, адзначыцца 12 шайбамі і 26 перадачамі.
Затым у Кальцова ў кар’еры будуць расейскія клюбы, у тым ліку згаданы «Салават Юлаеў», а завершыць гуляць ён у 2016-м у менскім «Дынама». Пасьля гэтага Канстанцін працаваў трэнэрам у тым жа менскім «Дынама», «Берасьці», маладачанскім «Дынама», і ў расейскіх «Спартак» (Масква) і «Салават Юлаеў» (Уфа).
18 сакавіка стала вядома, што беларус пакіне Ўфу. Паводле папярэдняй інфармацыі, Кальцову прапаноўвалі ўзначаліць менскае «Дынама» і зборную Беларусі. Але неўзабаве прыйшло паведамленьне аб сьмерць Кальцова ў Маямі.
Праўдападобна, Кальцоў наведваў ЗША, каб правесьці час са сваёй дзяўчынай — знакамітай беларускай тэнісісткай Арынай Сабаленкай, якая даўно жыве і трэнуецца ў гэтай краіне.