У 50 гадоў памёр адзін з найлепшых у гісторыі Беларусі хакеістаў Уладзімер Цыплакоў, паведамляе сайт belarushockey.com.
У сярэдзіне 1990-х ён стаў першым беларускім прадстаўніком у Нацыянальнай хакейнай лізе, дзе ў 349 матчах за «Лос-Анджэлес» і «Бафала» набраў 173 (70 + 103) выніковыя ачкі.
Уладзімер Цыплакоў выступаў на шасьці чэмпіянатах сьвету, дапамагаючы камандзе Беларусі скарыць шлях ад ніжэйшых дывізіёнаў да эліты. Ён таксама ўдзельнік Алімпійскіх гульняў 1998 і 2002 гадоў.
У складзе моладзевай зборнай СССР выйграў чэмпіянат сьвету 1989 году, тройчы форвард прызнаваўся найлепшым хакеістам краіны.
Пасьля завяршэньня гульцоўскай кар’еры працаваў трэнэрам у зборнай Беларусі, а таксама ў клюбах Кантынэнтальнай хакейнай лігі — менскім «Дынама», омскім «Авангардзе», чалябінскім «Трактары» ды некаторых іншых. Апошнім месцам быў салігорскі «Шахцёр».