Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У людзей заўсёды будзе прага вандровак і прыгодаў». Як былы палітвязень возіць туры ў Нарвэгію ды Ісьляндыю


Даніла Касенка. Архіўнае фота
Даніла Касенка. Архіўнае фота

На другую гадавіну жыцьця ў эміграцыі былы палітвязень Даніла Касенка адкрыў турыстычны бізнэс і мае намер пашыраць кірункі эўрапейскіх тураў. 

Даніла Касенка — былы палітвязень, прафэсійны кухар і таксіст, цяпер жыве ў Вільні. Ён адкрыў свой невялікі бізнэс — возіць турыстычныя групы ў Нарвэгію ды Ісьляндыю. 28-гадовы Даніла — прадстаўнік «аўтарскага турызму», асобнага кірунку ў турыстычнай галіне. На прэзэнтацыі пад назвай «Я Гуляю Travel» Даніла расказаў, што маршруты ў Ісьляндыю і Нарвэгію ён ня толькі падрыхтаваў і цяпер прадае, але і сам будзе суправаджаць турыстаў, вазіць іх на арандаваным аўтамабілі, гатаваць ежу ды забаўляць вечарамі.

«Мой кліент — гэта чалавек, які зарабляе штомесяц 2,5–3 тысячы эўра, ня водзіць аўтамабіль, ня мае часу і жаданьня займацца арганізацыяй паездкі, але хоча шмат падарожнічаць і яму не шкада аддаць 1200 — паўтары тысячы эўра, каб зьезьдзіць са мной у вандроўку. Гэта людзі, якія хочуць добрай кампаніі і добрага сэрвісу. А яшчэ дабрыні, чалавечнасьці, радасьці ў адносінах», — апісвае Даніла Касенка групу, на якую нацэльвае свой бізнэс.

Даніла Касенка
Даніла Касенка

Пасьля 2020 году

Даніла Касенка расказаў, што ў Вільні ўжо пасьпеў год адвучыцца ў ЭГУ і нават паспрабаваць сябе ў журналістыцы, але любоў да падарожжаў усё ж аказалася мацнейшаю. Гэтая любоў пачалося з паездкі ва Ўкраіну, адкуль ягоная маці.

«Да 22 гадоў я шукаў сябе. Недзе ў 2018 годзе паехаў у аўтобусны тур у Львоў і пазнаёміўся зь дзяўчынай, якая вазіла нашу групу. Спытаў яе, як можна гэтай справе навучыцца, а яна кажа, што ў іх як раз набор, прыходзь. Зьезьдзіў у адну паездку, другую і проста палюбіў гэтую працу. Мне падабаецца быць зь людзьмі, дапамагаць ім, быць ім карысным. Яшчэ да каранавірусу працаваў з моладзевымі турамі ў Эўропу і Ўкраіну. Заходнія Карпаты, Львоў — цудоўныя паездкі. Яшчэ і ў 2021 годзе працаваў, але ў лістападзе мяне арыштавалі. І на два месяцы я быў проста выключаны з жыцьця», — Даніла ад успамінаў пра «турыстычную сьцежку» пераходзіць да «турэмнай каляіны».

Даніла Касенка. Архіўнае фота
Даніла Касенка. Архіўнае фота

«Чаму давялі да такога маразму?»

Адзін з момантаў, які не зьнікае з памяці, — калі з ізалятару на Акрэсьціна яго перавезьлі ў Маскоўскае РУУС для допыту.

«Гэта было недзе аб 11-й дня, а сьледчы прыйшоў толькі а 7-й вечара. На Акрэсьціна я застудзіў ныркі, бо мы мусілі спаць на бэтоне. І вось усе гэтыя гадзіны я прасіў, каб мяне вывелі ў прыбіральню, але ніводнага разу ня вывелі».

Другі незабыўны ўспамін — пра сукамэрніка Аляксея, якога на Акрэсьціна трымалі больш за 45 дзён. Чалавек апавядаў, як пасьля чарговых 15 дзён арышту яго выводзілі з ізалятару, саджалі ў аўтамабіль, вінавацілі ў брыдкаслоўі і зноў вярталі ў камэру.

«Аляксей выказваў думкі пра суіцыд, маўляў, ня можа гэтага больш вытрымаць. За 45 дзён ён страціў 20 кіляграмаў вагі. Ягоная гісторыя мяне па-сапраўднаму напалохала», — прызнаецца Даніла.

Даніла Касенка
Даніла Касенка

За два месяцы Даніла Касенка прайшоў празь вязьніцу ў Жодзіна і «Валадарку», за салідарнасьць зь вязьнем яго каралі камэрай, дзе трымалі псыхічна хворага чалавека. Асаблівым відам катаваньня палітычных зьняволеных Даніла лічыць этапаваньніі, арганізаваныя, на ягоную думку, максымальна жорстка і зьняважліва. Усё ў выніку паўплывала на рашэньне, прынятае яшчэ за кратамі: калі ў судзе пашчасьціць атрымаць не калёнію, а толькі «хімію», — неадкладна зьехаць з краіны. Гэтак і зрабіў у студзені 2022 году, як выйшаў на волю.

«Пакуль у краіне ў такім выглядзе існуе гэтая сыстэма, я не хачу вяртацца. Балюча да сьлёз, што мы ўсе дапусьцілі такое становішча, што дайшло да такога маразму», — не хавае расчараваньня Даніла. І, нібы выбачаючыся, дадае пра сваё стаўленьне да пакінутай Радзімы.

«Краіну сваю люблю, людзей яе люблю, вёсачкі беларускія... У мяне з гэтым усё ў парадку. Але як можа існаваць падобная сыстэма?»

Даніла Касенка. Архіўнае фота
Даніла Касенка. Архіўнае фота

Чаго патрабуе ад яго новае жыцьцё

Даніла пералічвае выклікі, якія паўсталі перад ім цяпер, калі ён ня проста вытрымаў два гады жыцьця і працы ў эміграцыі, але і распачаў свой уласны бізнэс. Згадвае, што сутыкнуўся з новым і невядомым для сябе заканадаўствам, з адсутнасьцю свайго жытла, з эмацыйным напружаньнем ад недахопу грошаў. Але ня толькі грошы сталі матывацыяй.

«Мне і ў найме было камфортна, праўда, гэта малыя грошы. За такія грошы ня купіш ані машыну, ані жытло. Будзе хапаць на ежу, на тое, каб зьняць жыльлё і 150-200 эўра адкласьці. Але гэта несурёзна. Хочацца быць самадастатковым, незалежным», — кажа малады бізнэсовец.

«Мы — адпачываем»

У сваім бізнэсе Даніла Касенка аказвае турыстычныя паслугі ня толькі беларусам. «Большая частка маёй аўдыторыі расейскамоўная, другая — беларускамоўная, трэцяя — украінамоўная. І чацьвёртая частка — тыя, хто валодае ангельскай мовай. Ёсьць кліенты латышы, літоўцы. Мне падабаецца працаваць з любой групай. Людзі маюць каштоўнасьці, да якіх я не магу быць абыякавым, — гэта дабрыня і чалавечнасьць. Калі перада мной стаіць чалавек, у якога добрыя вочы, добрае сэрца, мне няма розьніцы».

За час працы ў эміграцыі Даніла назапасіў назіраньняў за сваімі кліентамі. Ён заўважае, што беларусы, якія прыяжджаюць зь Беларусі і далучаюцца да ягоных групаў у Варшаве альбо Вільні, часта напружаныя, нібы нечага асьцерагаюцца.

«Чаго яны баяцца? Ясна чаго. Калі там за камэнтары саджаюць, дык, відаць, і яны баяцца хоць за нешта атрымаць. А вось беларусы, якія едуць зь Літвы, значна больш унутрана вольныя», — мяркуе Даніла.

Пры гэтым ён падчас першай сустрэчы папярэджвае кліентаў: палітыка і будучае падарожжа — справы зусім розныя.

«Стараюся быць зь людзьмі зь Беларусі на адной хвалі, разумець іх. Мне вельмі шкада, што яны ў такой сытуацыі. Вельмі рады, што магу ім дапамагчы, звазіўшы ў вандроўку. Але пра палітыку я нічога не кажу. Вядома, бывае, што людзі самі нечым дзеляцца. Але збольшага ў маіх турах пра палітыку — нічога. І сярод беларусаў, і сярод украінцаў, а ў мяне ўкраінскія групы складаюцца звычайна з украінак. Зразумела, пра сытуацыю ў іхнай краіне шмат усяго, гэта ўсім баліць, але і ад гэтага трэба адпачываць. Таму пра палітыку мы не гаворым. Гаворым пра акіян, пра паветра, пра тое, што бачым. Мы адпачываем».

Даніла Касенка. Архіўнае фота
Даніла Касенка. Архіўнае фота

Турызм вяртаецца ў даковідныя маштабы

Паводле назіраньняў Данііла, кожны чалавек мае запыт на падарожжы, але ў людзей розныя бюджэты, таму розныя магчымасьці. Аўтобусныя падарожжы, якія абыходзяцца таньней, прыкладна па 500 эўра на чалавека, застаюцца вельмі папулярнымі ў балтыйскім рэгіёне і ў Польшчы, зазначае Даніла. Больш камфортныя туры, як тыя, што ён прапануе, гэтак званыя «аўтарскія», таксама набылі вялікую папулярнасьць у краінах Балтыі. На думку маладога бізнэсоўца, гэта ўпісваецца ў агульную для краінаў Эўразьвязу тэндэнцыю.

«У людзей заўсёды будзе цяга да вандровак, да прыгодаў, бо гэта эмоцыі, гэта наша жыцьцё. І што да тэндэнцыяў, дык у Эўропе, калі ўсё застанецца як цяпер, ня здарыцца вялікага канфлікту, у 2025 годзе турызм вернецца на былыя, даковідныя пазыцыі. І беларускія эмігранты могуць сабе дазволіць падарожжы, у тым ліку майго фармату. У нашых эмігрантаў таксама грошы ёсьць», — адзначае Даніла Касенка.

Даніла Касенка
Даніла Касенка

Усходні кірунак турызму замест заходняга

Даніла расказаў пра колішні досьвед паездак на аўтобусе ў Расею, у Санкт-Пецярбург. Як беларуская турыстычная фірма зэканоміла, абраўшы безадказнага перавозьніка, а той зэканоміў на аўтобусе, і ў выніку недзе ў раёне беларуска-расейскай мяжы аўтобус ня проста зламаўся, а загарэўся. Данілу давялося выцягваць з полымя турыстку. Хлопец кажа, што цяпер у Расею з групай не паехаў бы. Хоць, паводле ягоных зьвестак, усходні кірунак беларускага турызму разьвіваецца.

«У Маскве ніколі не бываў з групай. Што там глядзець? Мора няма, гор няма, велізарны мэгаполіс і паўсюль заторы. Менск, памножаны на дзесяць. А вось на Санкт-Пецярбург заўсёды ёсьць попыт», — кажа Даніла Касенка і пералічвае кірункі турызму зь Беларусі ў Расею.

«Анапа, Геленджык, Сочы, зімой вялікімі патокамі едуць да Эльбрусу катацца на іртах. Папулярнымі сталі Дагестан, Алтай, Байкал, Камчатка».

Даніла Касенка. Архіўнае фота
Даніла Касенка. Архіўнае фота

Даніла Касенка кажа, што ня супраць развіцьця ўсходняга кірунку беларускага турызму, але шкадуе, што гэта адбываецца за кошт турыстычных паездак беларусаў на захад, у Эўропу. Беларускі эмігрант згадвае, як сам далучыўся да эўрапейскай культуры.

«Мне было 22 гады, я звазіў у Эўропу недзе 15 аўтобусаў, і ў мяне мысьленьне зьмянілася. Праехаў Нямеччыну, Чэхію, Нідэрлянды, Аўстрыю, Вугоршчыну. Дагледжаныя кавалкі зямлі, прыгожыя паселішчы. Калі ты параўноўваеш убачанае зь беларускімі вёскамі, дзе не паўсюль ёсьць вада ў калодзежы, то ня трэба быць экспэртам. Хочацца, каб і ў нашых людзей быў узровень жыцьця, як у эўрапейцаў. Але каб гэта адбылося, трэба, каб людзі разумелі розьніцу, маглі пераймаць досьвед ужывую. А цяпер гэта немагчыма», — шкадуе Даніла Касенка і заўважае, што беларусы ня могуць адносна танна рабіць турыстычныя шэнгенскія візы.

«Цяпер праз санкцыі і цяжкасьці зь візамі працэс эўрапеізацыі Беларусі амаль спыніўся, што я лічу памылкай. Калі Эўропа хоча, каб Беларусь стала яе часткаю, ёй, наадварот, трэба стварыць умовы, каб звычайныя людзі езьдзілі ў Эўропу. Каб маглі атрымаць візу на месяц за 20 даляраў і зьезьдзіць у падарожжа. Гэта было б для ўсіх вельмі добра», — мяркуе Даніла Касенка.

Даніла кажа, што за свае 28 гадоў пабываў у больш як 30 краінах сьвету і марыць паступова аб’ехаць увесь сьвет.

«Усім людзям трэба падарожнічаць. Калі б расейцы вандравалі па сьвеце, ім бы не хацелася ваяваць», — перакананы беларускі эмігрант зь Вільні.

Даніла Касенка
Даніла Касенка

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG