Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запалоханыя — значыць пакорныя. Навошта рэжыму Лукашэнкі дэманстрацыйная жорсткасьць і катаваньні палітычных апанэнтаў


Аляксандар Лукашэнка, Алесь Пушкін, Вітольд Ашурак, Аўгуста Піначэт, Раман Бандарэнка. Каляж
Аляксандар Лукашэнка, Алесь Пушкін, Вітольд Ашурак, Аўгуста Піначэт, Раман Бандарэнка. Каляж

Чаму позьнесавецкі аўтарытарызм існаваў у значна больш мяккай і лагоднай форме ў параўнаньні з рэжымам, які пасьлядоўна выбудоўвае ў Беларусі Лукашэнка.

Сьцісла:

  • Цяперашні размах палітычных рэпрэсій уражвае і зьдзіўляе нават звыклых да аўтарытарызму беларусаў і расейцаў.
  • У брэжнеўскім СССР на 9-мільённую Беларусь прыпадала ў сярэднім 30 палітвязьняў. Пры Лукашэнку — у дзясяткі разоў болей.
  • Тое, за што пры Сталіну высылалі на Калыму альбо нават расстрэльвалі, пры Брэжневу ўшчувалі на партсходах, выключалі з камсамолу альбо звальнялі з працы. Пры Лукашэнку ж зноў кідаюць у турмы.
  • Пасьля крывавага сталінскага кіраваньня ў СССР было вялікае грамадзкае запатрабаваньне на спакой, памяркоўнасьць, паблажлівае і гуманнае стаўленьне да асобы.
  • Для аўтарытарнага лідэра выяўляць і абясшкоджваць «ворагаў рэжыму» тысячамі — значыць дэманстраваць уласныя страх, няўпэўненасьць і патэнцыйную слабасьць.

Ужо чацьвёрты год у Беларусі што ні дзень — новыя паведамленьні пра арышты, ператрусы, крымінальныя справы супраць тых, хто ў той ці іншай форме праявіў сваю неляяльнасьць да рэжыму Лукашэнкі. Трывожныя зьвесткі няспынна прыходзяць з турмаў і калёній: палітвязьняў пазбаўляюць права на спатканьні і перадачы, трымаюць у інфармацыйным вакуўме, кідаюць у штрафныя ізалятары, ствараюць невыносныя бытавыя ўмовы. Каму і дзеля чаго патрэбна на працягу многіх гадоў падтрымліваць у грамадзтве высокі градус страху, няпэўнасьці і трывогі? Чаму такое стала магчымым у сёньняшняй Беларусі, якая заўсёды лічылася краінай памяркоўных і неагрэсіўных людзей, а сёньня, калі меркаваць па рашэньнях і статыстыцы ўладаў, стала адным з сусьветных лідэраў па колькасьці экстрэмістаў і тэрарыстаў?

Сінякі пабітых падчас разгону пратэстаў у 2020-м
Сінякі пабітых падчас разгону пратэстаў у 2020-м

Лукашэнка і Пуцін ня першыя і не апошнія аўтарытарныя валадары, хто з дапамогай запалохваньняў, арыштаў і катаваньняў палітычных праціўнікаў спрабуюць трымаць паднявольнае грамадзтва ў страху, поўнай пакоры і паслушэнстве. Але цяперашні размах палітычных рэпрэсій уражвае і зьдзіўляе нават звыклых да аўтарытарызму беларусаў і расейцаў.

Людзі схільныя параўноўваць цяперашнія рэаліі з тым, што ім ужо знаёма з папярэдняга жыцьцёвага досьведу. Для старэйшых пакаленьняў звыклы аб’ект параўнаньня — эпоха Хрушчова і Брэжнева.

Усім вядома, што камуністычны рэжым нават у апошнія дзесяцігодзьдзі існаваньня СССР ня быў узорам дэмакратыі і не цярпеў іншадумства. Ягоным падмуркам таксама ў значнай ступені былі адсутнасьць свабоды, манаполія на ўладу і страх рэпрэсій. Аднак той савецкі аўтарытарызм існаваў у значна больш мяккай і лагоднай форме — у параўнаньні з рэжымам, які пасьлядоўна выбудоўвае ў Беларусі Лукашэнка, пачынаючы з 2020 году.

Лёс антысаветчыка

Як у позьнім СССР выглядала сытуацыя з палітвязьнямі? Спашлюся тут на сьведчаньні вядомага партыйнага чыноўніка Анатоля Чарняева, які ў 1961–1986 гадах працаваў на розных пасадах у міжнародным аддзеле ЦК КПСС. На працягу многіх гадоў Чарняеў вёў дзёньнікі, якія былі апублікаваны пасьля распаду СССР. Ён прысутнічаў на многіх важных нарадах у ЦК КПСС, запісваў тое, што ніколі не трапляла ў афіцыйныя справаздачы, але яскрава сьведчыла пра рэальны стан спраў у краіне. Вось адзін зь дзёньнікавых запісаў Чарняева:

3 студзеня 1976 году:

«Андропаў падаў у Палітбюро запіску пра становішча ў СССР з „дысыдэнтамі“. <...> За апошнія 10 гадоў за антысавецкую дзейнасьць арыштавана каля 1500 чалавек. <...> У 1976 г. налічвалася каля 850 палітвязьняў, зь іх 261 — за антысавецкую прапаганду. Уразіла мяне лічба: у краіне 68 000 „прафіляктаваных“, гэта значыць тых, каго выклікалі ў КДБ і папярэджвалі „аб недапушчальнасьці“ іх дзейнасьці. Перадухілена выкрытых праз „пранікненьне“ больш як 1800 антысавецкіх груп і арганізацый. Наогул жа, на думку Андропава, у Савецкім Саюзе сотні тысяч людзей, якія або дзейнічаюць, або гатовыя (пры адпаведных абставінах) дзейнічаць супраць савецкай улады».

Міхаіл Гарбачоў і Анатоль Чарняеў, 2010
Міхаіл Гарбачоў і Анатоль Чарняеў, 2010

Тут варта ўлічваць: насельніцтва СССР у 1976 годзе складала 255 мільёнаў чалавек: гэта ў 28 разоў болей, чым у сёньняшняй Беларусі. Такім чынам, у працэнтных суадносінах на 9-мільённую Беларусь у брэжнеўскім СССР прыпадала ў сярэднім 30 палітвязьняў. Параўнаньне зь сёньняшнімі лічбамі ўражвае: на сярэдзіну сьнежня 2023 году ў Беларусі 1475 палітзьняволеных. Але гэта лічба, якую называюць праваабаронцы (а яны кіруюцца ўласнымі строгімі крытэрамі). У рэальнасьці, паводле розных ацэнак, асуджаных з палітычных матываў у краіне можа быць у некалькі разоў болей.

Андропаўская «прафіляктыка»

Анатоль Чарняеў у сваім дзёньніку піша пра тое, як яго ўразіла колькасьць «прафіляктаваных» КДБ, пра якую гаварыў тагачасны кіраўнік КДБ Юрый Андропаў. Зьмест той «запіскі КДБ СССР», якую Андропаў у канцы 1975 года падаў ЦК КПСС, цяпер вядомы, і можна назваць больш дакладныя лічбы. У 1971–1974 гадах праз «прафіляктыку» КДБ СССР прайшлі 63 108 чалавек. Што ўяўляла сабой гэта «прафіляктыка»?

Юры Андропаў, 1982
Юры Андропаў, 1982

Тыповая сытуацыя таго часу: грамадзяніна западозрылі ў неляяльнасьці да савецкага ладу (чытаў забароненую літаратуру, пераказваў зьмест перадач Радыё Свабода, крытыкаваў у «курылцы» камуністычных правадыроў альбо задумаў стварыць зь сябрамі-студэнтамі якую-небудзь нефармальную суполку з падазрона прыхільнымі да беларушчыны мэтамі). Пільны «сексот» (сакрэтных інфарматараў КДБ было багата, амаль у кожным працоўным ці студэнцкім калектыве быў свой) данёс у «органы» — і нядобранадзейны таварыш амаль са 100-працэнтнай дакладнасьцю трапляў пад «прафіляктыку».

Яго маглі выклікаць на «выхаваўчую гутарку» (да кіраўніка, дэкана, сакратара парткаму), на якой прысутнічаў непрыкметны «таварыш з органаў». Гутарка магла абмяжоўвацца папрокамі і папярэджаньнямі, а магла суправаджацца і запалохваньнямі ды шантажом. Яшчэ адзін этап «прафіляктыкі» — «прапрацоўка» на камсамольскім, прафсаюзным ці партыйным сходзе — з публічным абмеркаваньнем і асуджэньнем, вынясеньнем вымоваў, у асабліва цяжкіх выпадках — з выключэньнем з партыі альбо камсамолу. Зрэшты, да гэтага (як і да звальненьня ці да выключэньня з ВНУ) даходзіла рэдка.

А цяпер параўнайце з тым, што чакае «нядобранадзейнага», заўважанага прыблізна ў такой жа «віне» (з папраўкай на цяперашнія дасягненьні тэхнічнага прагрэсу) у сёньняшняй Беларусі. Чытаў забаронены сайт, паставіў падабайку ў «экстрэмісцкім» тэлеграм-канале, падпісаўся на «экстрэмісцкі» рэсурс? За такое «злачынства» без усялякай «прафіляктыкі» — рэйд ГУБАЗІКу, ператрус, крымінальны артыкул, звальненьне і некалькі гадоў Лукашэнкавых лягераў.

З аглядкай на «лінію партыі»

Вядома, ня будзем ідэалізаваць таталітарны камуністычны рэжым, які існаваў у Савецкім Саюзе. І ўсё ж у 60-70-80-я ён быў непараўнальна мякчэйшым і параўнальна паблажлівым да сваіх палітычных апанэнтаў, калі супастаўляць з тым, што сёньня назіраецца ў Беларусі і Расеі. Многае, відавочна, тлумачыцца тым, што палітычная кляса, якая кіравала ў той час у СССР, у значнай масе сама прайшла праз сталінскія чысткі, была запэцканая ў палітычных рэпрэсіях і не хацела паўтарэньня пройдзенага. Інэрцыя працэсаў, запушчаных Хрушчовым, была моцнай і працяглай найперш таму, што і грамадзтва, і партыйна-савецкая намэнклятура ў свой час стаміліся ад сталінскай жорсткасьці, нялюдзкасьці, непрадказальнасьці.

Пасьля крывавага сталінскага кіраваньня было вялікае грамадзкае запатрабаваньне на спакой, памяркоўнасьць, паблажлівае і гуманнае стаўленьне да асобы. Сама ўстаноўка на «прафіляктаваньне» патэнцыйных палітычных праціўнікаў была дадзена спэцслужбам менавіта Мікітам Хрушчовым на пачатку 1959 году. Тое, за што пры Сталіну адпраўлялі на Калыму альбо нават расстрэльвалі, пры Брэжневу ўшчувалі на партсходах, выключалі з камсамолу альбо звальнялі з працы. Розьніца была адчувальная. І андропаўскі КДБ увесь час вымушаны быў азірацца на гэтую ўстаноўку партыі.

Мікіта Хрушчоў і Трафім Лысенка
Мікіта Хрушчоў і Трафім Лысенка

Увогуле, на той час спэцслужбы ўжо знаходзіліся пад пільным партыйным кантролем. І хоць «кадэбісты» спрабавалі адстойваць свае як мага больш шырокія паўнамоцтвы, абгрунтоўваць уласную неабходнасьць, у рэальнасьці ім увесь час даводзілася азірацца на «партыйную лінію», якая празьмерныя палітычныя рэпрэсіі і жорсткасьць у дачыненьні да «аблудных» суграмадзянаў не ўхваляла. На тое былі важкія аргумэнты.

Савецкія ідэолягі ўсё ж дбалі пра рэнамэ, пра адпаведнасьць ідэалягічным пастулятам. На шостым дзясятку існаваньня савецкай улады, калі з высокіх трыбунаў заяўлена пра поўнае адзінства партыі і народу і абвешчаны пераможны марш да вышыняў камунізму, было б дзіўна пастаянна выяўляць тысячы і тысячы ворагаў савецкага рэжыму. Ворагі — адшчапенцы, іх павінны быць адзінкі. Выяўляць і абясшкоджваць іх тысячамі — значыць, дэманстраваць уласныя страх, няўпэўненасьць і слабасьць.

Гэту вымушаную дваістасьць лёгка разгледзець нават за бюракратычнымі фармулёўкамі афіцыйнага дакумэнта (яшчэ некалькі цытат з дакладной запіскі ў ЦК КПСС, падпісанай Андропавым 29 сьнежня 1975 году):

  • «У адпаведнасьці з указаньнямі XXI–XXIV зьездаў партыі і ЦК КПСС органы дзяржбясьпекі робяць упор на папераджальна-прафіляктычную работу дзеля перадухіленьня дзяржаўных злачынстваў».
  • «Разам з тым адмовіцца ў дадзены момант ад крымінальнага перасьледу асобаў, якія выступаюць супраць савецкага ладу, немагчыма, бо гэта пацягнула б за сабой павелічэньне асабліва небясьпечных дзяржаўных злачынстваў і антыграмадзкіх праяў».
  • «Адмова ад актыўнага спыненьня палітычна шкодных дзеяньняў „дысыдэнтаў“ і іншых варожых элемэнтаў, як гэтага жадаюць францускія і італьянскія таварышы, магла б выклікаць самыя сур’ёзныя нэгатыўныя наступствы. Рабіць у гэтым пытаньні прынцыповыя саступкі, як нам уяўляецца, нельга, бо яны непазьбежна пацягнулі б за сабой дадатковыя непрымальныя для нас патрабаваньні».
  • «Мэтазгодна праводзіць лінію на разумнае спалучэньне прафіляктычных і іншых апэратыўна-чэкісцкіх мер зь мерамі крымінальнага перасьледу ў тых выпадках, калі гэта неабходна».

Лукашэнка ніякага партыйнага ці грамадзкага кантролю над сабой ня мае, а праблема пасьлядоўнасьці і лягічнасьці ўласнай палітыкі яго, выглядае, ня надта турбуе. На працягу 30 гадоў ягонай аднаасобнай улады падкантрольныя яму службы і ўстановы пасьлядоўна выхоўвалі новыя пакаленьні беларускіх грамадзян у адпаведнасьці з прынцыпам адданасьці правадыру (уся сыстэма адукацыі прасякнута гэтай ідэяй — ад дзіцячага садка да ўнівэрсытэту). І тут раптам зьнянацку выяўляецца, што ў краіне разгул экстрэмізму і тэрарызму? Чаго ў такім разе вартая ўся створаная рэжымам сыстэма прапаганды, агітацыі, адукацыі, выхаваньня? Чым займаліся падначаленыя? Каго выхавалі? Дзе плён? Хто панёс адказнасьць за правалы?

Віктар Хара: справядлівасьць праз 50 гадоў

Да савецкіх грамадзянаў, вядома ж, даходзілі зьвесткі пра тое, як катавалі «палітычных» у дыктатарскіх рэжымах, і гэта расцэньвалася і ўспрымалася як дзікунства, анахранізм, грымасы імпэрыялізму, праявы чалавеканенавісьніцкіх, варожых савецкаму чалавеку ідэалёгій.

Увосень 1973 году ўвесь 250-мільённы савецкі народ аплакваў трагічную сьмерць ад рук крывавай дыктатуры Піначэта чылійскага музыкі і палітычнага актывіста Віктара Хары. У савецкай Беларусі тая гісторыя чамусьці набыла асабліва вялікі розгалас. Ігар Лучанок нават напісаў песьню памяці Віктара Хары («Выстрадай, Чили»), якую выконвалі найлепшыя на той час беларускія выканаўцы (Віктар Вуячыч, «Песьняры»). Песьня ў той год сабрала ў СССР мноства ўзнагарод на розных конкурсах і ледзь ня штодня гучала з усіх радыёдынамікаў. Можна пэўна сьцьвярджаць: 19-гадовы студэнт Магілёўскага пэдынстытуту Аляксандар Лукашэнка ня мог яе ня чуць. А зусім магчыма, нават сам удзельнічаў у якім-небудзь мітынгу супраць дыктатуры Піначэта (такія мітынгі тады праводзіліся паўсюдна).

Мэмарыяльны знак Віктару Хара ў Барсэлёне
Мэмарыяльны знак Віктару Хара ў Барсэлёне

Гісторыя Віктара Хары сапраўды шчымлівая, абуральная і надзвычай яскрава паказвае сутнасьць дыктатуры і ейныя мэтады застрашваньня і ўтрыманьня ўлады. Раніцай пасьля піначэтаўскага вайсковага перавароту, 12 верасьня 1973 году, Віктар Хара, як звычайна, ішоў ва ўнівэрсытэт у Сант’яга, дзе працаваў на радыё. Унівэрсытэт у вачах прыхільнікаў дыктатуры лічыўся рассаднікам вальнадумства і апірышчам супраціву. Вайскоўцы ў тую раніцу ачапілі ўнівэрсытэцкі кампус і арыштавалі тысячы студэнтаў і супрацоўнікаў, у ліку якіх апынуўся і Хара. Усіх затрыманых утрымлівалі на сталічным стадыёне, ператвораным у канцлягер. Віктара Хару на працягу чатырох дзён дапытвалі, білі, катавалі электрычным токам, ламалі рукі. 15 верасьня яго завялі ў разьдзявальню стадыёну і там застрэлілі. Пазьней цела знайшлі выкінутым на адной з вуліц Сант’яга.

З вышыні часу асабліва выразна і дакладна відаць: тое, што зусім нядаўна адбылося з Раманам Бандарэнкам, Вітольдам Ашуркам, Алесем Пушкіным — гэта такія ж трагічныя гісторыі бязьвінных ахвяраў дыктатуры. Ёсьць усе падставы для таго, каб іхныя імёны былі ў адным шэрагу з такім знаёмым старэйшаму пакаленьню імем Віктара Хары.

Адметна, што катаў і забойцаў Віктара Хары ўрэшце напаткала пакараньне, хоць і праз шмат гадоў пасьля ягонага забойства. У сьнежні 2008 году восем удзельнікаў катаваньняў (адстаўныя вайскоўцы, імёны ўсіх дакладна выяўлены) былі арыштаваныя і паўсталі перад судом. 4 ліпеня 2018 году быў вынесены прысуд: за выкраданьне, катаваньні і забойства Віктара Хары вінаватыя атрымалі па 18 гадоў турмы. Рашэньнем суду сваякам ахвяры ўлады Чылі абавязаны выплаціць каля 2 мільёнаў даляраў кампэнсацыі.

Як жа яны памыляліся...

У грамадзкай атмасфэры хрушчоўскага і брэжнеўскага СССР амаль не адчувалася страху, трывогі і няпэўнасьці — такіх характэрных для сёньняшняй Беларусі. Канечне, старэйшыя пакаленьні памяталі сталінскі час, але вяртаньня да яго ніхто не хацеў. Гэта разглядалася як даўно пераадолены этап. Нават згадваць пра гэта не было прынята: існавала табу, пра той пэрыяд не пісалі ў кнігах і газэтах, не паказвалі ў тэлепраграмах. Усё, зьвязанае са Сталіным і ягонай спадчынай, чыёйсьці нябачнай рукой настойліва і пасьлядоўна сьціралася з грамадзкай памяці. І для тагачаснай моладзі тое сапраўды ўжо ўспрымалася як старонка далёкай гісторыі, паўтарэньне якой выглядала чымсьці неверагодным і немагчымым. Як жа яны памыляліся....

Адметна, што і Лукашэнка, і Пуцін гадаваліся і выхоўваліся менавіта ў той атмасфэры — калі ніхто асабліва не баяўся расказваць палітычныя анэкдоты пра Брэжнева альбо слухаць па радыё «варожыя галасы». Тым ня менш на зыходзе сваёй палітычнай кар’еры яны абрынулі свае дзяржавы ня ў тую добра знаёмую ім з маладосьці нехлямяжую, але і не крыважэрную брэжнеўшчыну, а менавіта ў прасякнуты страхам і гвалтам сталінскі таталітарызм. Магчыма, якраз таму, што на ўласнай скуры ягоных «дабротаў» ніколі не адчулі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG