Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеці Пуціна і Коля. Марк Фейгін разважае, у чым Пуцін хоча быць падобным да Лукашэнкі і што варта пераняць расейскай апазыцыі ў беларускай


Блогер, праваабаронца Марк Фейгін. Параўнаньне рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна. Ілюстрацыйны каляж
Блогер, праваабаронца Марк Фейгін. Параўнаньне рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна. Ілюстрацыйны каляж

Чым выбары Пуціна адрозьніваюцца ад выбараў Лукашэнкі? Які досьвед беларускіх дэмакратычных сілаў хоча пераняць расейская апазыцыя і чаму? Ці карэктна параўноўваць Навальную зь Ціханоўскай?

Пра гэта ды іншае мы пагаворым зь вядомым расейскім адвакатам і праваабаронцам Маркам Фейгіным, абвешчаным у вышук у Расеі, які запусьціў кампутарную праграму для правядзеньня альтэрнатыўных выбараў у Расеі.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты размовы

Пра вынікі вайны для Беларусі

— Лёс Беларусі залежыць ад выніку вайны. Калі Масква прайграе вайну, то Беларусь мае шанец справіцца з дыктатарскім рэжымам Лукашэнкі. Калі ў вайне Ўкраіна пацярпіць паразу, то лёс Беларусі незайздросны. Лукашэнка ў 2025 годзе пераабярэцца, будзе сядзець да ўпору, пакуль Коленька, ягоны сын, не ўбярэцца ў леты. Гадаць, меркаваць, што будзе праз 10–15 гадоў, хто ўзначаліць Беларусь, складана, але мы бачым, што Пуцін паўтарае вопыт Лукашэнкі — у канчатковым вызначэньні, што ўлада павінна быць дынастычнай і перадача ўлады павінна ісьці па кроўнай лініі. Лукашэнку прасьцей вырашыць. У яго тры сыны, адзін малады, якога ён выхоўвае як пераемніка. Пуціну больш складана — у яго дочкі, але ёсьць і сыны ад Кабаевай. Дык тут ёсьць некаторае падабенства двух сіямскіх рэжымаў Масквы і Менску. Але ў цэлым — вайна, яе вынік вызначыць усё. На жаль, лёс Беларусі ад гэтага залежыць.

Пра розьніцу паміж праграмай для альтэрнатыўных выбараў у Расеі і беларускім чат-ботам «Голас», які выявіў, як прагаласавалі на выбарах амаль 2 мільёны беларусаў

— Прынцыповая розьніца ў тым, што гэтая праграма не зьяўляецца праверачнай, падстраховачнай. Гэта праграма паўнавартаснага электроннага галасаваньня з выкарыстаньнем дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць асобу, яна можа і рэгістраваць выбарнікаў, і падлічваць іх галасы, і, самае галоўнае, забясьпечваць іх ананімнасьць, бясьпеку. Пэрсанальныя дадзеныя гэтых людзей не сыходзяць нікуды. Калі спрасьціць, то гэта нагадвае сыстэму ў аэрапортах, дзе вы праходзіце самастойную праверку, выкарыстоўваючы біямэтрыю вашага пашпарта. За аснову быў узяты менавіта гэты альгарытм, каб стварыць гэтую праграму...

Пра паралельныя структуры ўлады, якія хоча стварыць расейская апазыцыя ўсьлед за прыкладам беларускіх дэмакратычных сілаў

— Беларуская апазыцыя, беларускае грамадзтва прасунулася далей. Якая б крытыка ні гучала на адрас Ціханоўскай, але яны стварылі структуры ўлады. У Расеі нават гэтага няма. У асяродку расейскай апазыцыі на эміграцыі няма нават нічога нечым падобнага. Ёсьць грамадзкія ініцыятывы, праекты, палітычныя арганізацыі, але яны, па сутнасьці, ня могуць нават абараніць інтарэсы дыяспары. Расейцы, якія супраць Пуціна, супраць вайны, у гэтым сэнсе ў больш недасканалым стане. Яны маюць такія праблемы, нібы наўпрост нясуць адказнасьць за вайну. Я згодны, што Расея як нейкі калектыўны суб’ект павінна несьці адказнасьць за вайну, але асобныя расейцы, якія супраць гэтай вайны ваявалі, знаходзяцца ў Эўропе і ня могуць адкрыць банкаўскі рахунак. Нам бы хаця б дасягнуць таго ўзроўню (хай з крытыкай і з усімі прэтэнзіямі), якога дасягнула беларуская грамадзянская супольнасьць, якая ўсё ж здолела стварыць рэгулярныя структуры. І сама Ціханоўская, і Каардынацыйная рада, і іншыя структуры — легітымаваныя і субʼектываваныя. Перавага ў тым, што Ціханоўская брала ўдзел у выбарах і, найпраўдападобней, іх выйграла. У Расеі немагчыма, каб нават умерана апазыцыйны кандыдат быў зарэгістраваны і ўзяў удзел у афіцыйных працэдурах. Таму наша плятформа спрабуе стварыць нейкі альтэрнатыўны інструмэнт для ўтварэньня такіх структураў улады.

Пуцін пераймае і ўдасканальвае рэпрэсіўныя практыкі ў Лукашэнкі, а расейскія дэмакратычныя сілы цяпер пераймаюць практыкі дэмакратычных сілаў Беларусі. Ці так?

— Я згодны з гэтым. У гэтым няма нічога ганебнага. Вялікі ці малы досьвед тых ці іншых славянскіх народаў на постсавецкай прасторы ўвогуле добра рэцыпіруецца. Я ня бачу ў гэтым праблемы, тым больш што гэта ўнівэрсальныя інстытуты. Тут няма такога эксклюзіву — толькі беларускага, толькі расейскага ці толькі ўкраінскага. Досьвед беларускай апазыцыі цалкам можа пераймацца. Ня бачу тут ніякай праблемы. Больш за тое, у пэрыяд стварэньня плятформы альтэрнатыўнага галасаваньня са мной выходзілі на сувязь беларускія апазыцыянэры. Цапкала, напрыклад, які, як мне падаецца, моцна схільны да такога кшталту рашэньняў інтэрнэт-дэмакратыі. Мы зь ім размаўлялі на гэтую тэму, і яны таксама цікавяцца нашым досьведам.

Чым падобныя і чым адрозныя выбары Пуціна сёлета і выбары Лукашэнкі ў 2025-м?

— Цяпер усё менш розьніцы. Проста маштаб у Беларусі — 9 мільёнаў, у Расеі — 140 мільёнаў, 110 мільёнаў выбарнікаў амаль. А так амаль нічым не адрозьніваюцца. Як выглядаюць так званыя выбары Пуціна: чатыры кандыдаты, ён сам і тры фэйкавыя лялькі, якіх высунулі для забесьпячэньня фасаду. Прадказальнасьць абсалютная. Ніхто нічога ня лічыць, проста вынік абвяшчаецца. Будзе недзе 70–75% яўкі. І 80–85% — падтрымкі Пуціна. У чым можа быць розьніца? Беларусь — залежная дзяржава, фактычна акупаваная Расеяй. Таму на вынік выбараў Лукашэнкі можа паўплываць адзін важны выбаршчык — сам Пуцін. На Пуціна дыктатар Лукашэнка ўплываць ня можа. Гэтая залежнасьць дыктуе і характар гэтага працэсу. Усё ж Лукашэнка ня сам сябе выбірае, ён выбірае сябе сам пры згодзе Пуціна. Пуцін выбірае сябе зусім сам, не раіцца ні з кім. Гэта робіць крыху розным характар і ўрэшце вынік. Пуцін — начальнік у гэтым сэнсе, а падначалены — Лукашэнка.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG