Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта ня проста візыт, гэта місія навядзеньня мастоў». Ціханоўская наведвае Баўгарыю зь першым візытам


Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская 4–5 сакавіка наведвае Баўгарыю зь першым візытам.

5 сакавіка Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Баўгарыі Нікалаем Дэнкавым, міністаркай замежных спраў краіны Марыяй Габрыэль і з мэрам Сафіі Васілам Тэрзіевым.

Таксама беларуская палітык выступіла перад камітэтам Нацыянальнага сходу ў справах Эўропы на запрашэньне старшыні камітэту Кірыла Петкава.

Прэм’ер Баўгарыі: Ніводная краіна не застрахаваная ад дыктатуры

Нікалай Дэнкаў выказаў падтрымку дэмакратычнаму руху і спадзяваньне на больш шчыльную супрацу паміж Баўгарыяй і прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў Беларусі. Ён падкрэсьліў, што Баўгарыя не прызнае выбараў, якія адбыліся ў Беларусі тыдзень таму.

Сьвятлана Ціханоўская і Нікалай Дэнкаў
Сьвятлана Ціханоўская і Нікалай Дэнкаў

«Беларусь — прыклад таго, як у высокаразьвітой эўрапейскай краіне могуць быць парушаныя дэмакратычныя правілы і ў выніку ўсталяваная дыктатура, якая не дазваляе разьвівацца апазыцыйнаму дэмакратычнаму руху», — заявіў Нікалай Дэнкаў.

Ён адзначыў, што «няма ніводнай краіны, якая была б застрахаваная ад такога разьвіцьця падзей».

Падчас сустрэчы Нікалай Дэнкаў і Сьвятлана Ціханоўская абмеркавалі сытуацыю зь беларускімі палітвязьнямі, шляхі прыцягненьня рэжыму Лукашэнкі да адказнасьці за саўдзел у вайне супраць Украіны і рэпрэсіі ў Беларусі, пра падтрымку беларусаў у выгнаньні, а таксама пра супрацу ў сфэры асьветы, культуры і адукацыі.

Ціханоўская адзначыла, што адна з мэтаў яе візыту — аднавіць адносіны паміж Баўгарыяй і Беларусьсю, якія зруйнаваў рэжым Лукашэнкі. Яна запрасіла Баўгарыю далучыцца да групы сяброў Беларусі ў АБСЭ і падтрымаць працу кантактнай групы ў Радзе Эўропы.

Міністарка замежных спраў: Баўгарыя будзе выдаваць шэнгенскія візы для беларусаў

Сьвятлана Ціханоўская і Марыя Габрыель
Сьвятлана Ціханоўская і Марыя Габрыель

На сустрэчы таксама прысутнічала намесьніца прэм’ер-міністра Баўгарыі — міністар замежных спраў Марыя Габрыель, якая «рашуча асудзіла саўдзел Беларусі ў зьверствах Расеі».

«Мы асуджаем ролю Менску як памагатага Расеі. Мы павінны быць пільныя ў дачыненьні да ўхіленьня ад санкцый. Мы падтрымліваем эўрапейскія памкненьні беларускага народу», — заявіла кіраўніца МЗС.

Таксама Марыя Габрыель заявіла, што «важна праводзіць адрозьненьне паміж беларускім рэжымам і беларускім народам» і што Баўгарыя «падтрымлівае імкненьне беларускага народу пабудаваць дэмакратычную дзяржаву» і працягне ўдзельнічаць ва ўсіх ініцыятывах ЭЗ і ААН, накіраваных на падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці.

Падчас сустрэчы абмеркавалі прыцягненьне рэжыму Лукашэнкі да адказнасьці і падтрымку грамадзянскіх ініцыятываў і СМІ, пытаньне легалізацыі беларусаў у Баўгарыі, праграму рэабілітацыі і адпачынку для дзяцей палітвязьняў і рэпрэсаваных і інш.

Таксама Ціханоўская ўзьняла пытаньне выдачы шматразовых шэнгенскіх візаў для беларусаў у Менску (праз пару тыдняў краіна далучаецца да шэнгенскай прасторы). Міністарка запэўніла, што Баўгарыя будзе выдаваць візы для беларусаў.

Таксама Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з мэрам Сафіі Васілам Тэрзіевым. Яна папрасіла мэра падтрымліваць падтрымліваць беларускую дыяспару ў Сафіі, а таксама падтрымаць стажыроўкі для прадстаўнікоў «Кадравага рэзэрву» пры АПК і запрасіць прадстаўнікоў беларускага бізнэсу за мяжой у праграмы падтрымкі бізнэсу і разнастайныя інкубатары. Таксама абмеркавалі супрацу ў сфэры асьветы і культуры.

У Баўгарыі створаць групу сяброў дэмакратычнай Беларусі

Ціханоўская правяла сустрэчу са сьпікерам парлямэнту Расэнам Жэлязковым, выступіла перад камітэтам па эўрапейскіх справах і сустрэлася з парлямэнтарамі.

Сьвятлана Ціханоўская і Расэн Жэлязкоў
Сьвятлана Ціханоўская і Расэн Жэлязкоў

Сьпікер сказаў, што Баўгарыя спыніла супрацу з рэжымнай Палатай прадстаўнікоў і не прызнае так званыя «выбары», якія адбыліся ў лютым. Таксама ён пацьвердзіў, што ў парлямэнце ствараецца група сяброў дэмакратычнай Беларусі, і выказаў спадзяваньне, што эўрапейскія палітыкі будуць больш рашучыя ў падтрымцы Беларусі.

Ціханоўская: «Важна ізаляваць рэжым, але не ізаляваць людзей»

Падчас слуханьняў у камітэце Нацыянальнага сходу ў справах Эўропы абмеркавалі санкцыі, падтрымку для СМІ, праваабаронцаў, грамадзянскай супольнасьці, крытычную сытуацыю з палітвязьнямі, «выбары» ў Беларусі 2025 году, супрацу паміж моладзевымі арганізацыямі, студэнцкія абмены і стыпэндыі.

У сваёй прамове Ціханоўская адзначыла, што адчувае блізкасьць баўгарскага і беларускага народаў, бо «баўгары, як і беларусы, добра ведаюць, што такое жыць у ценю імпэрыі», і «ведаюць цану свабоды». У сваім выступе яна ўзгадала паралелі ў гісторыі Баўгарыі і Беларусі, а таксама імёны беларусаў, якія «зрабілі свой унёсак у баўгарскую свабоду». Яна расказала пра цяперашнюю палітычную сытуацыю ў Беларусі і рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі.

Яна адзначыла, што адным з практычных вынікаў яе візыту было б стварэньне ў баўгарскім парлямэнце групы за свабодную Беларусь, і запрасіла ўдзельнікаў сустрэчы далучыцца да групы, а таксама заклікала іх арганізаваць слуханьні аб сытуацыі ў Беларусі ў парлямэнцкіх камітэтах. Таксама Ціханоўская папрасіла чальцоў камітэту зьвярнуць асаблівую ўвагу на сытуацыю з парушэньнямі правоў чалавека, палітвязьнямі, уцягваньнем рэжыму Лукашэнкі ў вайну і разьмяшчэньнем ядзернай зброі ў Беларусі.

Сьвятлана Ціханоўская ўзяла ўдзел і ў публічнай лекцыі, арганізаванай Сафійскім унівэрсытэтам Клімента Охрыдзкага. Тэма форуму: «Супраціўленьне беларускай апазыцыі вайне ва Ўкраіне і рэжыму ў Беларусі».

Гэта першы візыт Сьвятланы Ціханоўскай у Баўгарыю. Баўгарыя ўваходзіць у Эўрапейскі Зьвяз, NATO і Раду Эўропы. Яна таксама адзін з заснавальнікаў АБСЭ і тройчы займала месца ў Радзе Бясьпекі ААН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG