Ціханоўская: Гэты цырк не ператворыць дыктатара ў дэмакрата
«Гэты цырк не ператворыць дыктатара ў дэмакрата. Замест гэтага ён прадэманстраваў нам адзінства сьвету ў падтрымцы свабоднай Беларусі. Дзякуй, што вы з намі», — напісала Сьвятлана Ціханоўская на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.
Яе дарадца Франак Вячорка адзначыў, што «выбары скончаныя, прызначаныя дэпутаты», прычым «безь сюрпрызаў — толькі ляялісты».
«Лукашэнка адрэпэтаваў 2025 год (год чарговых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, — цытуе Вячорку „Позірк“). Ён баіцца паўтарэньня 2020 году, і, на жаль, мы можам чакаць толькі ўзмацненьня рэпрэсій. Яго месца ня ў выбарчых бюлетэнях, а ў Гаазе. І мы не павінны спыняць барацьбу», — падкрэсьліў Франак Вячорка.
АПК: «Сьпісы дэпутатаў былі ўзгодненыя загадзя адміністрацыяй Лукашэнкі»
Аб’яднаны пераходны кабінэт (АПК) з нагоды Адзінага дня галасаваньня 25 лютага заявіў:
«„Выбарчая кампанія“ характарызавалася ня проста адсутнасьцю адкрытай дыскусіі, канкурэнтнай барацьбы, але і стварэньнем атмасфэры татальнага кантролю і запалохваньня грамадзтва. Напярэдадні „бязвыбараў“ ва ўсіх рэгіёнах Беларусі праходзілі масавыя затрыманьні ня толькі актывістаў, але і простых грамадзян».
Паводле АПК, працэс адбываўся пры адсутнасьці незалежных назіральнікаў, у атмасфэры страху, пад пагрозамі прымяненьня гвалту, датэрміновае галасаваньне характарызавалася як прымусам да галасаваньня, так і фальсыфікацыяй яўкі.
«Сьпісы„дэпутатаў“, якія падлягаюць прызначэньню, былі ўзгодненыя загадзя адміністрацыяй Лукашэнкі».
АПК згадаў амаль паўтары тысячы палітвязьняў у беларускіх турмах і зрабіў выснову, што тое, што адбывалася ў Беларусі 25 лютага, нельга называць выбарамі.
«Беларускае грамадзтва адрэагавала на гэта ў большасьці сваёй ігнараваньнем гэтых «бязвыбараў», пра што ёсьць шмат сьведчаньняў ад актывістаў зь Беларусі. Мы заклікаем дэмакратычныя краіны сьвету і міжнародныя арганізацыі не прызнаваць гэты фарс пад назвай «адзіны дзень галасаваньня» і не прызнаваць легітымнасьць інстытутаў, створаных рэжымам па яго выніках».
Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024
- 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
- Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
- Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
- Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
- Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
- Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
- Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
- Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
- Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
- Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
- Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
- На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
- Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
- З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.