Міністэрства юстыцыі Расеі ўнесла Радыё Свабода ў пералік замежных і міжнародных няўрадавых арганізацый, дзейнасьць якіх прызнаная непажаданай на тэрыторыі РФ.
Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Стывэн Капус, камэнтуючы ўнясеньне карпарацыі ў сьпіс «непажаданых» у Расеі, назваў рашэньне чарговым прыкладам таго, што расейскі ўрад бачыць у праўдзівых журналісцкіх матэрыялах экзыстэнцыйную пагрозу.
«Мільёны расейцаў разьлічвалі на нас на працягу дзесяцігодзьдзяў, уключаючы рэкордную аўдыторыю за апошнія некалькі дзён пасьля сьмерці Аляксея Навальнага. І гэтая спроба задушыць нас будзе спрыяць толькі больш настойлівай працы RFE/RL з мэтай забясьпечыць расейцаў аб’ектыўнай і збалянсаванай інфармацыяй», — падкрэсьліў Стывэн Капус.
Цяпер у расейскім рэестры «непажаданых» ужо 142 арганізацыі. У рэестар трапляюць арганізацыі, дзейнасьць якіх, паводле расейскіх уладаў, «уяўляе пагрозу асновам канстытуцыйнага ладу, бясьпекі або абараназдольнасьці краіны». Унясеньне ў сьпіс азначае, што арганізацыі забаронена працаваць у краіне, а грамадзянам Расеі забаронена зь ёй супрацоўнічаць пад пагрозай крымінальнага перасьледу.
2 лютага 2024 году Генпракуратура Расеі прызнала дзейнасьць карпарацыі «Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода» непажаданай на тэрыторыі Расеі, піша ТАСС.
- Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода — незалежная амэрыканская мэдыякарпарацыя, якая фінансуецца за кошт гранта Кангрэсу праз Агенцтва ЗША па глябальных мэдыя. Радыё Свабода працуе на 27 мовах у 23 краінах — пераважна для аўдыторый тых краінаў, дзе свабода СМІ абмежаваная.
- Сайты і акаўнты ў некалькіх сацыяльных сетках расейскамоўных праектаў РСЕ/РС, у тым ліку сайты Расейскай службы Радыё Свабода, увесну 2022 году заблякаваў Раскамнагляд за адмову выдаліць інфармацыю аб расейскім ваенным уварваньні ва Ўкраіну. Нягледзячы на блякаваньне, расейская служба Радыё Свабода і тэлеканал «Настоящее время», маюць дзясяткі мільёнаў наведваньняў вэб-сайтаў і сотні мільёнаў праглядаў відэа на YouTube і іншых плятформах.