Польскія фэрмэры заблякавалі рух на 6 з 7 аўтамабільных пунктаў пропуску на мяжы Польшчы і Ўкраіны.
«18 лютага на кірунку „Ягадзін“ грузавікі ўвогуле не прапускалі. Легкавыя аўтамабілі і аўтобусы афармляюць у звычайным рэжыме», — паведаміў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.
Паводле яго, істотна скарацілася колькасьць афармленьня грузавога транспарту і на кірунку «Шэгіні». «На шасьці кірунках сукупна на тэрыторыі Польшчы ў бок Украіны чакаюць магчымасьці перасячы мяжу каля 2900 грузавікоў, найбольш — у кірунку пунктаў пропуску „Ягадзін“ і „Кракавец“».
Украінская служба Радыё Свабода паведаміла, што на некаторых кірунках праблемы зь перасячэньнем мяжы мае пасажырскі транспарт. Міністар інфраструктуры Ўкраіны Аляксандар Кубракоў тэрмінова абмеркаваў гэтую тэму з Яцэкам Северам, кіраўніком Бюро нацыянальнай бясьпекі Польшчы.
Аляксандар Кубракоў назваў блякаваньне мяжы прамой пагрозай краіне, якая абараняецца ад расейскай агрэсіі.
«Жанчыны і дзеці, якія шукалі прытулак ад вайны і з розных прычын вяртаюцца дадому, не павінны быць закладнікамі бізнэс-інтарэсаў. Падобныя акцыі і прыклады негуманнага стаўленьня да ўкраінцаў на мяжы ЭЗ могуць выкарыстаць расейскія спэцслужбы для разьвязаньня штучнага канфлікту паміж нашымі краінамі», — заявіў Аляксандар Кубракоў.
Увосень 2023 году мяжу з Украінай блякавалі польскія перавозчыкі, потым да іх далучыліся фэрмэры. Яны патрабавалі забараніць бязмытны ўвоз сельскагаспадарчай прадукцыі з Украіны і аднавіць выдачу дазволаў на грузавыя перавозкі для ўкраінцаў. Цяпер пералік патрабаваньняў павялічыўся — фэрмэры настойваюць на скасаваньні экалягічных і кліматычных умоў, прадугледжаных агульнай аграрнай палітыкай Эўразьвязу.
18 лютага сытуацыю на польска-ўкраінскай мяжы абмеркавалі прэм’еры Польшчы і Ўкраіны Дональд Туск і Дзяніс Шмыгаль.