Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія дальнабойнікі блякуюць памежныя пункты на мяжы з Украінай


У Польшчы дзясяткі кіроўцаў-дальнабойнікаў заблякавалі грузавікамі памежныя пункты на мяжы з Украінай.

Яны патрабуюць ад уладаў, каб тыя вярнулі ліцэнзаваньне ўкраінскіх грузаперавозчыкаў. Цяпер украінскія перавозчыкі могуць заяжджаць у Польшчу без камэрцыйнай ліцэнзіі і складаюць істотную канкурэнцыю мясцовым працаўнікам.

Як удакладняе «Ўкраінская праўда», пратэстоўцы блякуюць тры памежныя пункты: у Грабённым, Дарагуску і Карчовай. Яны прапускаюць з Украіны і ва Ўкраіну толькі па адным вялікагрузным аўтамабілі за гадзіну. Выключэньне робіцца для машын, якія вязуць грузы для войска, гуманітарную дапамогу, а таксама скорапсавальныя прадукты і жывую жывёлу.


З пачатку маштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну Эўразьвяз скасаваў неабходнасць камэрцыйных дазволаў на працу ў ЭЗ для ўкраінскіх грузаперавозчыкаў. Польскія кіроўцы патрабуюць адмяніць гэтую льготу. Яны абвінавачваюць украінскіх кіроўцаў у тым, што ўехаўшы ў Эўразьвяз з мэтай транзыту грузаў, тыя пачынаюць займацца перавозкамі ўжо ў сярэдзіне Эўропы, заніжаючы цэны на рынку і наносячы шкоду мясцоваму бізнэсу.

Дальнабойнікі параўноўваюць сваю сытуацыю з падобнай праблемай, якая датычыцца польскіх сялянаў: гэтай вясной сяльгасвытворцы Польшчы і іншых краінаў, што мяжуюць з Украінай, дабіліся мараторыю на далейшы ўвоз з Украіны збожжа, алейных культур і іншай аграпрадукцыі. Па іх сьцьвярджэньні, збожжа, алей і малочныя прадукты з Украіны, якія афіцыйна прызначаліся для экспарту ў трэція краіны, насамрэч прадаваліся ў Польшчы, Вугоршчыне, Славаччыне і Румыніі па дэмпінгавых цэнах.

Паводле зьвестак украінскага міністэрства транспарту, штомесяц польска-украінскую мяжу праходзяць 40-50 тысяч грузавікоў. Гэта ўдвая больш, чым да вайны. Большая частка зь іх належыць украінскім кампаніям.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG