Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЗы ў агні. Чаму аўтобусы беларускай вытворчасьці рэгулярна гараць на вуліцах гарадоў


За першыя няпоўныя два месяцы 2024 году ў Расеі загарэліся чатыры беларускія аўтобусы МАЗ. У Беларусі за мінулы год агонь пашкодзіў 6 такіх аўтобусаў. Расказваем, у чым прычына.

Ад пачатку году ў Расеі загарэліся мінімум чатыры аўтобусы ад беларускага заводу МАЗ. Адзін выпадак здарыўся ў Іжэўску, адзін у Саратаве і два ў Санкт-Пецярбургу. Ва ўсіх выпадках аўтобусы гарэлі па-рознаму.

У Саратаве загарэўся маторны адсек, у Іжэўску пажар пачаўся з кароткага замыканьня на сьвятлодыёдным табло. 22 студзеня аўтобус МАЗ загарэўся ў Санкт-Пецярбургу, пажар пайшоў зь пярэдняй часткі. У гэтым жа горадзе аўтобус МАЗ сёлета гарэў і 3 студзеня. Тады прычынай пажару назвалі ўзгараньне адпрацаваных газаў.

Летась у Санкт-Пецярбургу загарэліся мінімум 9 аўтобусаў вытворчасьці МАЗ. Тады дайшло да таго, што з маршрутаў гораду зьнялі 137 беларускіх машынаў МАЗ (мадэль 203 047). Пасьля іх вярнулі на вуліцы.

Калі аналізаваць выпадкі ўзгараньня беларускіх аўтобусаў у мінулым годзе, то афіцыйныя прычыны таксама розныя. Асноўных дзьве: праблемы ў маторным адсеку, праблемы з праводкай.

МАЗы гараць толькі ў Расеі?

Ілюстрацыйнае фота. Аўтобус МАЗ у Менску
Ілюстрацыйнае фота. Аўтобус МАЗ у Менску

Былі выпадкі ўзгараньня беларускіх аўтобусаў вытворчасьці МАЗ і ў Беларусі. У мінулым годзе мінімум шэсьць.

4 студзеня ў Менску аўтобус МАЗ трапіў у аварыю і загарэўся на вуліцы Янкі Брыля. Кіроўцу стала дрэнна за стырном, а адзін з пасажыраў пацярпеў.

1 красавіка аўтобус загарэўся ў Менску на праспэкце Незалежнасьці. Першаснай прычынай у МНС тады назвалі «кароткае замыканьне электраправодкі».

21 красавіка яшчэ адзін МАЗзагарэўся на трасе Магілёў — Менск. Транспарт належаў аднаму з прадпрыемстваў Чэрыкава. Пра гэта паведаміла мясцовая раёнка «Раённы веснік». Прычына не называлася.

10 жніўня аўтобус МАЗ загарэўся ў Слуцку, яго тушылі вядром з вадой. Узгараньне адбылося ў маторным адсеку.

2 сьнежня мінулага году аўтобус задыміўся ў Менску на вуліцы Куйбышава. Прычыны таксама не назвалі.

30 сьнежня аўтобус МАЗ загарэўся пад Дрыбінам. Ён ехаў з Магілёва ў Горкі. Прычынай у МНС назвалі «замыканьне электраправодкі ў маторным адсеку». Аўтобус цалкам выгараў.

Аўтобусы МАЗ гарэлі ў Беларусі і раней. У 2022 годзе пад Баранавічамі загарэўся аўтобус, які сагналі. Узгараньне адбылося ў задняй частцы, дзе рухавік.

У кастрычніку 2022 году адразу тры МАЗы згарэлі ў віцебскім аўтапарку.

Праўда, прычына тады не паведамлялася, і невядома, рухаліся яны ці стаялі.

Што кажуць улады і вытворцы

Пра пажары на беларускіх аўтобусах у Санкт-Пецярбургу некалькі разоў выказваўся Лукашэнка. Ён вінаваціў у здарэньнях арганізацыю, якая абслугоўвае транспарт.

Напрыклад, падчас сустрэчы з губэрнатарам Краснадарскага краю Веніямінам Кандрацьевым 19 верасьня мінулага году:

«Гляджу ў СМІ — там нешта загарэлася, там загарэлася. Пачалі разьбірацца, Задаю пытаньне: у іншых рэгіёнах Расеі не гараць — а чаму ў Піцеры? Таму што нейкая прыватная кампанія, людзі, якія ніколі ня бачылі аўтобуса, узяла на сябе абслугоўваньне», — сказаў Лукашэнка.

Тады ўжо было вядома пра ўзгараньне як мінімум чатырох аўтобусаў у Беларусі. Камэнтавалі сытуацыю і на МАЗе.

«Выпрацаваныя захады дзеля 100% кантролю тэхнічнага стану аўтобусаў для забесьпячэньня гатоўнасьці выхаду на маршруты. Распрацаваныя і прынятыя тэхнічныя рашэньні і карэктавальныя мерапрыемствы для выключэньня патэнцыйнай пагрозы ўзгараньня», — заявілі ў холдынгу.

Віцэ-губэрнатар Санкт-Пецярбургу Кірыл Палякоў заяўляў, што ў праблеме могуць быць вінаватыя санкцыі, празь якія прыйшлося замяніць вытворцаў некаторых дэталяў.

«Ва ўмовах санкцыйнага ціску і парушэньняў лягістычных ланцужкоў пры пастаўках камплектаў гідрапрываду магла адбыцца замена правераных флянцаў на іншыя, аналягічныя па тэхнічных характарыстыках, але якія ня маюць правераных рэфэрэнцый», — казаў Палякоў у 2022 годзе.

Пры чым тут санкцыі?

МАЗ працуе пад санкцыямі Эўразьвязу і ЗША. ЭЗ увёў абмежаваньні супраць прадпрыемства ў чэрвені 2021 году. Кіраўніцтва заводу спрабавала аспрэчыць такое рашэньне ў эўрапейскім судзе, але суд не пагадзіўся з аргумэнтамі. ЗША ўвялі санкцыі супраць МАЗу летась. У траўні мінулага году санкцыі супраць беларускага заводу ўвяла і Ўкраіна. Прычынай назвалі спрыяньне расейскай агрэсіі.

Да ўводу санкцый на беларускія аўтобусы МАЗ ставілі ў тым ліку і рухавікі Mercedes-Benz, а таксама іншую тэхніку нямецкай вытворчасьці. Такія мадэлі яшчэ можна знайсьці як у беларускіх, так і ў расейскіх каталёгах. У 2022 годзе і аўтобусы, і грузавікі пачалі масава пераабсталёўваць кітайскімі рухавікамі Weichai. Раней іх таксама выкарыстоўвалі, але ў меншых аб’ёмах. Гэтыя рухавікі сабраныя ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень».

Дык чаму гараць аўтобусы?

Свабода пагаварыла з чалавекам, знаёмым са сфэрай машынабудаўніцтва ў Беларусі. Па яго словах, кітайскія рухавікі маюць добрую якасьць. Аднак шмат чаго залежыць ад іх абслугоўваньня і тэхнічных умоваў.

Іншы суразмоўца, датычны да тае ж сфэры, называе дзьве прычыны здарэньняў з аўтобусамі: імпартазамяшчэньне і адсутнасьць або слабасьць выхаднога кантролю на вытворчасьці. Іншымі словамі — праверкі якасьці

«Пасьля таго як у выніку санкцый спыніліся заходнія пастаўкі камплектуючых, на прадпрыемстве актыўна сталі ўкараняць імпартазамяшчэньне айчыннай або кітайскай вытворчасьці, у залежнасьці ад віду камплектуючых, памянялася і лягістыка. Якасьць такой прадукцыі нашмат горшая, чым у заходніх камплектуючых, і невядома, ці адпавядае такое імпартазамяшчэньне міжнародным стандартам. Што, цалкам магчыма, і становіцца асноўнай прычынай узгараньня аўтобусаў», — патлумачыў суразмоўца.

Куды МАЗ прадае аўтобусы

Расейскі рынак — асноўны для МАЗа. За 11 месяцаў мінулага году прадпрыемства прадало ў Расею 799 аўтобусаў і стала 6-м сярод асноўных пастаўшчыкоў. На першым месцы расейскі вытворца PAZ (5589 аўтобусаў), на другім — кітайскі Yutong (1885). Такія дадзеныя публікуе расейскі «АСМ-холдинг», які адсочвае гэтую статыстыку.

У параўнаньні з 2022 годам пастаўкі беларускіх аўтобусаў у Расею ўпалі на 16,1%. Калі ж параўноўваць з дакрызіснымі і даваеннымі часамі, то пастаўкі вырасьлі. За ўвесь 2019 год Беларусь прадала ў Расею толькі 377 аўтобусаў.

Вядома, што раней беларускія аўтобусы набывала Ўкраіна і Казахстан. Цяпер Украіна не набывае беларускую прадукцыю. Казахстан нарошчвае выпуск сваіх аўтобусаў — каля 1500 адзінак за 7 месяцаў мінулага году. Беларуская статыстыка па продажах аўтобусаў за мяжу закрытая з 2021 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG