Але вось так адкрыта, дэкляратыўна, бязь ценю сарамлівасьці і на «інстытуцыянальным», то бок дзяржаўным, узроўні дыскрымінацыя праявілася летась. Пакуль толькі ў турмах, дзе міліцыянты перасталі хаваць адносіны да беларушчыны за пратакольным «парушэньнем парадку» ці «непадпарадкаваньнем».
Ці то зьверху ім намякнулі (або загадалі?), што цяпер «можна»; ці то прыйшло новае пакаленьне вертухаяў, якое не разумее, навошта хаваць тое, што адбываецца, калі за гэта «нічога ня будзе»; ці агульная атмасфэра ў дзяржаве такая, што ўзьнікла адчуваньне, нібы няма тут ніякай сваёй нацыі і мовы, а ёсьць Расея «самая настаяшчая».
Тэндэнцыя была бачная даўно, яшчэ пасьля забароны воклічу «Жыве Беларусь!». Выйдзі і крыкні такое — турма. А выйдзі і крыкні «Да здравствует Россия!» — маладзец. А што калі крыкнуць «Няхай жыве Кітай!»? Аказваецца, усё, што не пра Расею, прыраўноўваецца да «Жыве Беларусь!», з тым самым вынікам. Такая тут адбываецца эвалюцыя... Прабачце, дэградацыя.
Кніга ў турме
Начальства наваполацкай калёніі перастала выдаваць вязьням кнігі на будзь якіх мовах, апрача расейскай. Былы вязень калёніі расказаў пра тое, што адбываецца ў тамтэйшай бібліятэцы:
«Дарэчы, цяпер зь бібліятэкі вынялі ўсе беларускія творы: гэта пачалося недзе восеньню 2023 году. Палітычным нельга чытаць Алексіевіч, напрыклад. Прыбралі Купалу, Караткевіча, Коласа. Забралі кніжкі на замежных мовах — ангельскай, польскай, літоўскай і нават кітайскай. Пацаны пытаюцца: „А чаму нельга на кітайскай? Яны ж нашыя сябры“. Ім адказваюць: „Сёньня сябры, заўтра — ворагі“. Усе кніжкі толькі на расейскай мове».
Што такое кніга за кратамі? Кніга ня можа «сядзець у турме», яна заўсёды на волі, гэта цалкам асобны і ні ад кога не залежны сьвет. Таму, калі кніга трапляе да вязьня, яна на нейкі час быццам вызваляе яго з-за кратаў, забірае яго ў гэты свой асобны сьвет. Бадай, ува ўсіх згадках пра «адседкі» тых, хто выйшаў на волю, кніга фігуруе як глыток вольнага паветра.
Кніга ў турме раскажа, як лячыць хваробы, бо турэмны лекар зьверне на цябе ўвагу толькі тады, калі ты ўжо паміраеш. Нарэшце, агульнавядома, што многія вязьні вольным часам вучаць замежныя мовы, — натуральна, па кнігах.
У выніку згаданая бібліятэчная зачыстка — гэта яшчэ адзін удар па правох вязьняў, у першую чаргу палітычных. Застаецца пытаньне: ці гэта адзінкавы выпадак, ці палітыка пэнітэнцыярнай, а значыць і дзяржаўнай, сыстэмы. У сьвятле агульных таталітарных тэндэнцыяў цяжка паверыць, што гэта ўсяго толькі сваволя на наваполацкім маргінэсе.
Дарожная мапа інтэграцыі
Пасьля «изъятия» з турэмнай бібліятэкі беларускіх кніг тутэйшая «зона» больш нічым не адрозьніваецца ад расейскай. І тут свая тэндэнцыя — як з адзінай валютай. Бо ўся дзейнасьць турмаў у нас і без таго расейскамоўная, ніхто там, апроч адзінак зэкаў, па-беларуску не размаўляе. Магчыма, уся справа ў інтэграцыі турэмных сыстэмаў. І неўзабаве ў Беларусь паедуць зэкі з Уладзімірскага цэнтралу, а беларускія, наадварот, выправяцца ў краіну-турмляндыю Сыктыўкар.
«Спрашчэньне» ўсяго і ўся — характэрнае для таталітарных сыстэмаў. У Беларусі яшчэ ў 1933 годзе мэтай савецкай рэформы беларускай мовы адкрыта называлася «спрашчэньне правапісу і набліжэньне беларускай мовы да расейскай». Так за сто амаль гадоў эвалюцыі ад мовы прыйшлі да турмы, і ўжо бяз мовы.
Чаму разам зь беларускай кнігай «изъяли» і кнігі на іншых мовах? Па-першае, каб не акцэнтаваць на беларускай, фармальна яшчэ дзяржаўнай, а па-другое, дзеля таго самага спрашчэньня, цяпер ужо цэнзуры.
Як ні круці, іншамоўе ўсё ж не настолькі празрысты экстрэмізм у параўнаньні са зьместам кніг. Быццам бы лягічна было б «изъять» тыя кнігі, якія выглядаюць крамольна. Але ўявіце сабе, колькі б спатрэбілася часу, людзкіх і матэрыяльных рэсурсаў, інтэлекту, каб скласьці нейкі агульны сьпіс забароненай літаратуры? А калі ўлічыць, што ў турмах часта вялікія бібліятэкі, ды яшчэ й на розных мовах, і аўтары з розных краін, дык задача выглядае для рэжыму невырашальнай. Таму пастанавілі адным махам: усё, што не па-расейску, усё незразумелае — схаваць. Праўда, і па-расейску шмат сустракаецца крамолы, той жа Салжаніцын, выкрывальнік савецкага і мала чым адрознага ад цяперашняга беларускага ГУЛАГу. Але, прынамсі, з гэтым прасьцей як у пляне аб’ёму, так і зразумеласьці.
«Северо-западная» літаратура
Што да беларускіх кніг, дык тут бібліяфобскі вэктар паводле гэтай лёгікі можа выглядаць так. Наступны прыпынак — беларуская літаратура, творы беларускіх аўтараў. Усім вядомая стараннасьць чынавенства ў імкненьні выканаць і перавыканаць загад, а яшчэ лепш — адгадаць жаданьне начальства. Усё гэта вядзе наўпрост да ўспрыманьня ўсёй беларускай літаратуры як экстрэмісцкай. Пагатоў прэцэдэнтаў хапае (ад Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча да Зьмітра Лукашука і Альгерда Бахарэвіча). Разьбежка зьместу і «крамольнасьці» надта шырокая, трэба сказаць, нязьмерная. Дык можа, беларуская літаратура ўся такая?
Уяўляю сабе чарговы ператрус у інтэлігенцкай кватэры, дзе проста мора беларускіх кніг, вочы разьбягаюцца. І ўсё гэта — экстрэмізм! Але, каб канфіскаваць, цэлы грузавік спатрэбіцца. І потым куды гэта ўсё везьці? Можа, зноў зрабіць адным махам, вынесьці ў двор ды... спаліць?
Чакайце, а гэтую кніжку я бачыў у кнігарні! Дык там іх, беларускіх, проста тысячы... Дзякуй Богу, кнігарняў тых засталося — на пальцах пералічыць. Для цывільных бібліятэк прыдасца наваполацкі турэмны досьвед.
Далей — болей. Усе гэтыя музэі янкаў купалаў (які прыдумаў «Жыве Беларусь!») і якубаў коласаў, багдановічаў з броўкамі — закрыць і апячатаць. А помнікі ў цэнтры Менску? Перарабіць на цютчавых і пялевіных.
А што рабіць зь беларускімі школамі? Зрэшты, іх так няшмат, што сьледам за турэмнай бібліятэкай «пачысьціць» можна і іх. Калі ўжо плянавая русыфікацыя, дык трэба ўсё «ачышчаць» адным махам і да канца.
А яшчэ далей? У нас нібыта сама краіна так называецца — Беларусь. І ў іншаземцаў, натуральна, можа ўзьнікнуць пытаньне: а дзе ваша беларуская літаратура? Няма. Як няма? Вунь па-нямецку Ева Вежнавец выйшла і Бахарэвіч той жа, напісана: пераклад зь беларускай. Гм.
Калі адным махам, дык, можа, проста назву краіны памяняць, а гэтую аб’явіць экстрэмісцкай? А калі Беларусь — экстрэмізм, тады хоць кожнага бяры, хто беларусам называецца. А якую тады назву наўзамен даць? Якая там была да таго — «Северо-Западный край»? Пра «северо-западную» літаратуру дакладна ніхто не спытае...
Экстрэмісцкая мова
Дзе літаратура, там і мова. Адносіны рэжыму да яе акрэсьліваюцца проста на вачах. І чым больш выразным становіцца таталітарызм, тым больш зразумела, што літасьці да беларушчыны ад яго чакаць не выпадае.
Ці можна па-беларуску хваліць Лукашэнку, расказваць пра станоўчую ролю Расеі ва Ўкраіне ці, скажам, дапытваць палітвязьняў? У мяне колькі-небудзь пераканаўчых прыкладаў гэтага няма. Ці можна па-беларуску вывяргаць патокі ляманту і злосьці з тэлеэкрану ці на старонках папяровай газэты? Уявіць такое не атрымліваецца. Ці можна па-беларуску ўчыняць шальмаваньне на фэрмах і ў цэхах, у аўдыторыях і лекарскіх кабінэтах, у камісарыятах, школах ці проста на вуліцы? Здагадваюся, што не. Нарэшце, ці можна па-беларуску выслухоўваць тыя шальмаваньні, а пасьля ўстаць на дрогкіх нагах і мямліць нешта ў адказ?..
Калі ўсе гэтыя пытаньні сабраць у адно, атрымаецца такое: ці можа таталітарны рэжым функцыянаваць па-беларуску? І калі мы ня маем эмпірычных доказаў таго, што можа, даводзіцца адказаць: не. А ўспомніўшы базавы прынцып таталітарызму (хто ня з намі, той супраць нас), няцяжка ўявіць сабе, які лёс чакае беларускую мову ў гэтай сыстэме.
Ягор Марціновіч згадвае ў сваіх турэмных нататках такі эпізод:
«„Мне пох**, какие языки „дзержавные“. В моем клубе по-белорусски никто выступать не будет, ясно, бл***?“
Гэта перад нейкім конкурсам самадзейнасьці кажа начальнік клюбу ў калёніі ў Бабруйску. Адзін зь вязьняў вырашыў прачытаць верш па-беларуску — ці то Янкі Купалы, ці то Якуба Коласа, — але сутыкнуўся з рашучым адпорам.
Начальнік клюбу нібыта цывільны чалавек са свабоды... Найхутчэй, тыповы былы міліцыянт, які выйшаў на сваю датэрміновую пэнсію, зьняў форму, але застаўся за дротам. І фізычна, і мэнтальна».
Ягор яшчэ спрабуе па-чалавечы адшукаць у гэтым сюжэце парадокс «нібыта цывільнага чалавека са свабоды» — той парадокс, які мы вышуквалі ў першыя гады пачатку беларускай катастрофы 2020-га. Але сёньня «чалавечы фактар» папросту перастаў існаваць. Цынавыя салдацікі, засунутыя ў бляшанку на газьнічцы кухоннай пліты, пераплавіліся ў адну маналітную цюху.
І ня так важна, колькі дакладна спатрэбіцца часу, каб абвясьціць беларускую мову экстрэмізмам дэ-юрэ. Дэ-факта гэта ўжо адбылося.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.